Яшчэ падчас акцыі, якая была прымеркаваная да другіх угодкаў зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, міліцыянты зьнялі ўсіх удзельнікаў на відэастужку і паабяцалі прыцягнуць да адказнасьці.
Аднак у гарадзкі аддзел унутраных справаў празь некалькі дзён выклікалі толькі двух чалавек — Алесь Пікула і Леанід Трухановіч. Узяўшы зь іх пісьмовыя тлумачэньні, міліцыя перадала справу ў суд.
Алесь Пікула сёньня напачатку судовага паседжання заявіў хадайніцтва, каб да працэсу дапусьцілі ягонага адваката. Таму адміністрацыйная судзьдзя Жана Капачэўская была вымушана перанесьці слуханьні па справе на аўторак 9 кастрычніка.
А судовае паседжаньне па справе Леаніда Трухановіча пачалося гадзінай пазьней. Суд абвінавачваў яго ў парушэньні артыкула 167 Адміністрацыйнага кодэксу — удзел у несанкцыянаваным пікеце. Сам спадар Трухановіч не лічыў сябе вінаватым, бо, паводле яго, "Ланцуг неабыякавых людзей" — гэта не пікет, а проста грамадзянская акцыя. Трое міліцыянтаў, што выступалі перад судом як сьведкі, усяго толькі пацьвердзілі ўдзел абвінавачанага ў акцыі, аднак не змаглі адказаць суду, чаму менавіта на спадароў Пікулу і Трухановіча, а не на каго іншага, склалі пратаколы.
У сваёй пастанове судзьдзя Капачэўская прызнала Леаніда Трухановіча вінаватым у парушэньні парадку пікетаваньня, аднак, улічваючы тое, што яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці ўпершыню, дала самае мяккае спагнаньне — папярэджаньне.