Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ ЗЬБІЛІ ПАЭТА І БАРДА ВАЛЕР'Я ПАЗЬНЯКЕВІЧА ЗА ТОЕ, ШТО ЁН РАЗМАЎЛЯЎ ПА-БЕЛАРУСКУ


Ягор Маёрчык, Менск

Ноччу 3 кастрычніка Валеры Пазьнякевіч, вяртаючыся дахаты, падышоў да шапіка, каб набыць цыгарэты. Да кіяскёркі ён зьвярнуўся па-беларуску і гэтым прыцягнуў увагу міліцыянтаў. Пра тое, што было далей, распавядае сам спадар Пазьнякевіч:

(Пазьнякевіч: ) "Зьбілі мяне з ног і пачалі біць, калі я ляжаў на зямлі. Я пасьпеў толькі прыкрыць твар рукамі. Большая частка ўдараў, нанесеная мне міліцэйскім абуткам, прыйшлася па галаве. Я проста быў у поўнай адключцы, мяне фактычна, як кажуць, вырубілі".

Валеры Пазьнякевіч перакананы, што пацярпеў менавіта за тое, што размаўляў па-беларуску.

Пасьля міліцыянты адвезьлі яго ў пастарунак, дзе склалі пратакол: запісалі, што ён нібыта быў п'яны, чапляўся да мінакоў, біўся зь непаўнагадовымі.

Але тэст на алькаголь паказаў, што затрыманы — цьвярозы. Зрэшты, гэта не спыніла міліцыянтаў, і адміністратыўную справу перадалі ў суд, паседжаньне якога адбудзецца 17 кастрычніка. Да гэтага часу Валеры Пазьнякевіч маецца сабраць доказы таго, што супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў зьбілі яго, а пазьней незаконна затрымалі.

Зьбіты паэт ужо сфармаваў сваю думку пра праваахоўчыя органы:

(Пазьнякевіч: ) "Стаўленьне міліцыі да беларускай мовы зразумелае. Яны яе ніколі не любілі, не паважалі, не размаўлялі на ёй".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG