Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ СУД ПА ПАЗОВЕ МІХАІЛА ЧЫГІРА ДА ТЭЛЕБАЧАНЬНЯ ЗДОЛЕЎ ПАПРАЦАВАЦЬ ПАРУ ГАДЗІНАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Больш як дзьве гадзіны сёньня ўдалося папрацаваць суду на працэсе па пазове экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра да беларускага тэлебачаньня і ягоных супрацоўнікаў Мартынава, Косьціна, Пракопава і вядучага Новікава. За выключэньнем аўтара перадачы "Правы чалавека. Позірк у сьвет" Яўгена Новікава, які адсутнічаў без прычынаў, астатнія адказчыкі на працэс ў Першамайскі суд раніцай прыйшлі. Да Новікава, калі той далей будзе ігнараваць суд, судзьдзя паабяцаў выкарыстаць сілу закона. Гэта ж пагражае і Ўладзімеру Мартынаву, які пасьля абеду у судовай залі адсутнічаў і гэтым сарваў далейшае паседжаньне.

А да абеду пасьпелі выслухаць падрабязныя прэтэнзіі сям'і Чыгіроў да Беларускага тэлебачаньня і абгрунтаваньне сумы пазову, якая агулам сягае да ста тысяч даляраў. "Умелі несьці лухту, хай патрапяць і грошы знайсьці," – абгрунтаваў экс-прэм'ер не малы памер пазову. Уладзімер Мартынаў, Дзімітры Косьцін і Юры Пракопаў, аднак, сваю віну не прызналі. Яны ўвогуле прасілі суд зрабіць перапынак да таго часу, пакуль ня пройдзе працэс над малодшым сынам Чыгіра. Судзьдзя просьбу адхіліў і назаўтра загадаў адказчыкам прынесьці даведку пра заробак за апошнія 3 месяцы.

Адказваць на пытаньні Радыё Свабода ці пракамэнтаваць сваю пазыцыю журналісты Косьцін і Пракопаў адмовіліся. А вось Міхаіл Чыгір свае аргумэнты не хавае.

(Міхаіл Чыгір) " Дзіўлюся, як яны могуць не прызнаваць сваёй віны, калі ня могуць пацьвердзіць ні вусна, ні пісьмова тое, пра што паведамілі. Калі сказаць, што Чыгір злодзей, дык патрэбнае рашэньне суду, але такога рашэньня няма. Што тычыцца майго старэйшага сына, ён ніколі ў судзе ня быў нават сьведкам, а ў іх прагучала, што ён праходзіў па справе, яго быццам абвінавачвалі. Што ж гэта такое? Пакуль БТ не панясе пакараньня, я гэтую справу не пакіну. Буду зьвяртацца ў раённы суд, у гарадзкі, у Вярхоўны. А калі мне ня ўдасца дамагчыся перамогі пры гэтай ўладзе – нічога. Абмежаваньняў для пазоваў па абароне гонару і годнасьці няма, зьменіцца ўлада, і я зноў падам ў суд," – заявіў Міхаіл Чыгір.

Заўтра на працэсе адказчыкам давядзецца азнаёміць суд з доказамі той інфармацыі пра Чыгіроў, якую яны распаўсюдзілі. Гэтага патрабуе закон. Такім чынам, супрацоўнікам БТ прыйдзецца даказваць шмат таго, чаго не існуе ў сьвеце, і хаця, паводле заўвагаў назіральнікаў, рабіць такое журналістам БТ даводзіцца не ўпершыню, невядома, які эфэкт акажуць гэтыя спробы на судзьдзю.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG