Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"НЕЗАЛЕЖНАЕ НАЗІРАНЬНЕ" ЛІЧЫЦЬ, ШТО ВЫНІКІ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ У БЕЛАРУСІ БЫЛІ ЦАЛКАМ СФАЛЬСЫФІКАВАНЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі "Незалежнага назіраньня" цягам амаль двух тыдняў зьбіралі, упарадкоўвалі й аналізавалі інфармацыю ад каардынатараў і назіральнікаў з рэгіёнаў. І хаця гэтая праца яшчэ ня скончаная цалкам, кіраўнікі "Незалежнага назіраньня" лічаць, што й апрацаваная частка інфармацыі (з 70% выбарчых участкаў) дае рэальную карціну пра маштабы фальсыфікацыяў, зьдзейсьненых уладамі.

Улады не давалі назіральнікам зьвестак пра тое, колькі адсоткаў выбарцаў прагаласавалі датэрмінова, а колькі 9 верасьня. Назіральнікаў выдалялі з участкаў, былі зафіксаваныя шматлікія факты ўскрыцьця выбарчых скрыняў і гэтак далей.

Тым ня менш, назіральнікам на гарадзкіх участках удавалася атрымаць неабходную інфармацыю пра датэрміновае галасаваньне. Паводле падлікаў каардынатара "Незалежнага назіраньня" Ўладзімера Гудзеева, агулам па краіне ў датэрміновым галасаваньні прынялі ўдзел каля 23% выбарцаў. Аднак, паводле ягоных словаў, гэтая лічба ня ёсьць канчатковай, бо ў многіх сельскіх раёнах (напрыклад, Дубровенскім, Клецкім ды іншых) датэрмінова прагаласавалі больш за 50% выбарцаў.

Таму кіраўнікі назіраньня гавораць, што сапраўдная лічба тых, хто прагаласаваў датэрмінова, можа сягаць 30%. Пераважная большасьць гэтых галасоў (да 95%), была нібыта за Аляксандра Лукашэнку. У той жа час 9 верасьня на гэтых участках галасоў за Аляксандра Лукашэнку й Уладзімера Ганчарыка было прыкладна роўна.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі былі таксама згаданыя шматлікія факты ўкідваньня фальшывых бюлетэняў, фальсыфікацыі пачас падліку галасоў у ноч з 9 на 10 верасьня, заніжэньне колькасьці выбарцаў у сьпісах для галасаваньня ды іншае.

Прадстаўнікі Гельсынскага камітэту патрабавалі, каб Цэнтарвыбаркам пазбавіў рэгістрацыі кандыдата Лукашэнку, бо шматмільённы наклад газэты "Советская Белоруссия", які агітаваў за Лукашэнку, выйшаў за дзяржаўныя грошы. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ня ўгледзела ў гэтым факце парушэньня закону.

Такім чынам кіраўнікі "Незалежнага назіраньня" робяць выснову, што гэтае галасаваньне было не сапраўднымі выбарамі, а фарсам. Гаворыць каардынатар "Незалежнага назіраньня" Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Мы можам з пэўнасьцю сказаць, што фальсыфікацыі, якія праводзіліся ў Беларусі падчас гэтых выбараў, былі масавымі. У гэтых фальсыфікацыях удзельнічалі тысячы людзей.

На жаль, на сёньняшні дзень мы ня можам знайсьці пацьверджаньняў, мы ня можам знайсьці таго чалавека, які сам браў удзел у гэтых справах. Але мне здаецца, улічыўшы маштабы гэтай справы, гэтыя людзі знойдуцца, і, безумоўна, гэтая інфармацыя будзе пацьверджаная канкрэтнымі сьведкамі".

А вось меркаваньне старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяны Процькі:

(Процька: ) "У нас ёсьць зьвесткі, што людзі, якія ўдзельнічалі ў гэтых парушэньнях, ня будуць гэтай дзяржавай пакараныя. Зрабілі вялікую шкоду нашай нацыянальнай бясьпецы, нашым нацыянальным інтарэсам. Людзі гэтыя будуць узнагароджаныя, і сумы ўзнагародаў не такія малыя — да 700 даляраў. Ну што ж, срэбнікі плацяць заўсёды".

Прадстаўнікі БГК і "Незалежнага назіраньня" накіравалі скаргі ў Вярхоўны суд Беларусі з патрабаваньнем ануляваць вынікі гэтых выбараў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG