Рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта пачынаецца ў нядзелю, 5 жніўня і працягнецца 10 дзён — да 15 жніўня. Менавіта да 5 жніўня павінна закончыцца спраўджваньне сабраных подпісаў, а патэнцыйныя кандыдаты мусяць здаць у ЦВК ўсе неабходныя дакумэнты. Як паведаміў нам сёньня прэсавы сакратар ЦВК Валер Юрэвіч, праверка сабраных подпісаў, якая мусіць скончыцца да 9 жніўня, яшчэ не завершаная.
(Юрэвіч: ) "Пакуль дадзеных яшчэ не было. Яны прыходзяць спачатку ў абласныя камісіі, потым да нас. Як зьявіцца інфармацыя, будзе прэсавая канфэрэнцыя 9 жніўня, і ўсё будзе агучана. А 8-га будзе паседжаньне ЦВК..."
Між тым, самі патэнцыйныя кандыдаты маюць дадзеныя пра тое, як у рэгіёнах ідзе спраўджваньне сабраных імі подпісаў. Вось што паведаміў нам Сямён Домаш.
(Домаш: ) "Усё нармальна — "адсеў" ня больш як 2% ў сярэднім. Паводле той інфармацыі, што ў нас ёсьць, мы згубім троху больш за тысячу подпісаў. Мы дапускаем, што "адсеў" будзе прыкладам 2%. Таму што ў Горадні, самым напружаным рэгіёне, дзе правяралі 100% нашых подпісаў, атрымалася толькі 2,3% несапраўдных".
Пра тое, як ідзе спраўджваньне подпісаў, сабраных ініцыятыўнай групаю Ўладзімера Ганчарыка, распавядае кіраўніца штабу адзінага кандыдата Валянціна Палевікова.
(Палевікова: ) "Ужо ёсьць рашэньні абласных камісіяў. На Магілеўшчыне ў нас забракавалі ўсяго 147 подпісаў — гэта 5 з нечым адсоткаў. На Віцебшчыне 3,8%. І гэтак далей.
Паводле нашае тактыкі, мы задзейнічалі ў зборы подпісаў толькі буйныя гарады ды імкнуліся менш выходзіць на сельскія раёны. Калі й выходзілі, то ведалі, дзе ўлады настроены больш-менш дэмакратычна. А дзе паслухмяныя прыхільнікі ўлады — мы туды нават ня лезьлі".
Яшчэ адзін важны аспэкт, неабходны для рэгістрацыі прэтэндэнта, гэта пададзеная ім дэклярацыя даходаў. Як вядома, да 2 жніўня дэклярацыі пакуль здалі толькі Аляксандар Лукашэнка й Сяргей Гайдукевіч. Як паведаміў прэсавы сакратар ЦВК Валер Юрэвіч, дэклярацыі даходаў кандыдатаў будуць надрукаваныя ў прэсе пасьля працэдуры рэгістрацыі. Да гэтага моманту ЦВК не дае журналістам такія дадзеныя — вядома ж, калі сам прэтэндэнт не пажадае распавесьці прэсе пра свае маёмасьць і даходы, як гэта зрабіў, напрыклад, Сяргей Гайдукевіч. Аляксандар Лукашэнка, як выглядае, пакуль такога жаданьня не выяўляў.
Патэнцыйны кандыдат Сямён Домаш паведаміў нашаму радыё, што сваю дэклярацыю даходаў падае ў ЦВК ўжо сёньня.
(Домаш: ) "Буду сёньня падаваць. Зараз некалькіх момантаў юрыдычных высьвятляем. Усё ўдакладніў, разабраўся, нават зь цешчай разабраўся. Напісаў усё, нават — колькі цешча малака здала ў 2000 годзе ў саўгасе. Яна — пэнсіянэрка, жыве ў Гомельскай вобласьці".
Таксама 2 жніўня перадаў у ЦВК дэклярацыю даходаў і адзіны кандыдат ад грамадзянскай кааліцыі Ўладзімер Ганчарык.