Напярэдадні адміністрацыя "Калібру" выдала адмысловы загад пра новы працоўны графік. Вось што паведаміў сёньня Свабодзе шліфоўшчык гэтага прадпрыемства Лявон Садоўскі:
(Садоўскі: ) "У інструмэнтальным цэху сабралі сход працоўнага калектыву і прапанавалі прагаласаваць. Гэта значыць — парушыць калектыўную дамову і Працоўны кодэкс. Інакш кажучы, рукамі працоўнага калектыву хацелі парушыць закон.
Я і адзін токар з нашага цэху пачалі пытацца, чаму яны парушаюць заканадаўства. Адміністрацыя цэху неяк зьніякавела і спусьціла адказ на тармазах. І болей нічога не тлумачылі. А ў загадзе напісалі, што з прычыны рацыянальнага выкарыстаньня вытворчых магутнасьцяў, энэргетычных рэсурсаў выпраўляем у адпачынак — на трохдзёнку".
Прадстаўнікі адміністрацыі неафіцыйна паведамілі рабочым "Калібру", што няма замоваў на іхную прадукцыю, а працаваць на склад няма сэнсу. Што да афіцыйных тлумачэньняў, то, паводле словаў намесьніка дырэктара Рыгора Клімка, цяперашнюю сытуацыю на "Калібры" справакавалі наступныя акалічнасьці:
(Клімко: ) "Прычынаў тут шмат. Ёсьць у нас праблемы са збытам прадукцыі, ёсьць праблемы з расейскім рынкам, ёсьць праблемы, зьвязаныя з адсутнасьцю абаротных сродкаў. І нават лета ўплывае на эканамічны стан заводу. Таму мы й вырашылі перавесьці некаторыя падразьдзяленьні прадпрыемства на скарочаны рэжым з аплатай працы работнікаў у адпаведнасці з Працоўным кодэксам".
Заўтра пераходзіць на 4-дзённы працоўны тыдзень яшчэ адно буйное прадпрыемства — аб'яднаньне "БелВАР". Каля 3 000 ягоных работнікаў таксама сталіся ахвярай цяперашняй сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Гэтак лічыць старшыня прафсаюзнага камітэту аб'яднаньня Надзея Маслоўская:
(Маслоўская: ) "Сёньня прычына ня ў нейкім канкрэтным кіраўніку, які ня здольны кіраваць. Бо калі б так было, то крытычны стан быў бы на адным ці некалькіх прадпрыемствах, а то паўсюль развал.
Мы, напрыклад, канвэрсійнае прадпрыемства, ад якога патрабуюць выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі. Але ж як можна ствараць яе без інвэстыцыяў?! Мы выпускалі мясарубкі, электратавары, якія зараз купляюць усё радзей. Бо сёньня ў людзей няма грошай на харчы, таму хіба яны могуць купляць тое, што выпускаюць прамысловыя прадпрыемствы?"
Паводле словаў спадарыні Маслоўскай, аб'яднаньне на 4-дзённы працоўны тыдзень пераведзенае да 1 жніўня, але ня выключана, што гэты тэрмін можа быць падоўжаны.