Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЮЦЬ ПРА СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ РАСЕЙСКІЯ ПАЛІТТЭХНОЛЯГІ?


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

Галоўным матэрыялам нумару з нагоды Сусьветнага дня аховы навакольнага асяродзьдзя стала тэма дзяцінства і знакамітага Лошыцкага парку сталіцы. Лошыцкаму парку – каля паўтысячы гадоў. Гэта сапраўдны Музэй прыроды: сотні рэдкіх, каштоўных дрэваў і кустоў, 32 тыпы глебы, сядзіба пана Любанскага... Адзін з ахоўнікаў гэтага багацьця – намесьнік дырэктара садова-паркавай гаспадаркі Яўген Церахаў – прапануе зрабіць на базе Лошыцкага парку сыстэмнае экалягічнае выхаваньне маладога пакаленьня. Аддаць парк дзецям – высакародная мэта, і апошнія восем гадоў зроблены шчырыя крокі ў гэтым кірунку. Церахаў расказвае пра свой Экалягічны катэхізіс, пра супрацоўніцтва са школамі, з гарадзкім турысцка-экалягічным цэнтрам, пра гульні, якія могуць пры дапамозе тэлебачаньня ператварыць Лошыцкі парк у беларускі Форт Баяр.

Зь іншых матэрыялаў нумару ўвагу прыцягвае “Позірк з Расіі”, у якім аналізуюцца пазыцыі розных палітычных групаў Масквы па “беларускім пытаньні”. Аналіз праводзіць Расейскі незалежны інстытут геапалітычных і стратэгічных дасьледаваньняў. Калі вам цікава даведацца, якія парады даюць аналітыкі і паліттэхнолягі Крамлю наконт Беларусі, пачытайце гэты артыкул.

Газэта як заўсёды шмат увагі надае прафсаюзным справам. Як вядома, 5 чэрвеня ў Жэнэве пачала работу 89-я сесія Міжнароднай канфэрэнцыі працы (МОТ). На ёй зноў будзе разглядацца стан прафсаюзаў на Беларусі. На жаль, беларуская дэлегацыя ня мае права голасу, паколькі беларускі ўрад груба парушыў Статут МОТ і не прафінансаваў удзел у канфэрэнцыі ня толькі сваіх прадстаўнікоў, але таксама і прадстаўнікоў працоўных і гаспадароў, што яшчэ раз сьведчыць пра нежаданьне ўладаў выконваць рэкамэндацыі МОТ па ліквідацыі парушэньняў правоў прафсаюзаў.

З наступных газэтных артыкулаў трэба адзначыць матэрыял пра віцебскі завод “Віцязь”, які перажывае зараз ня лепшыя часы ў сувязі з тым, што праграма “Саюзны тэлевізар” церпіць фіяска. “Віцязь” перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень, за якім – зьніжэньне заработнай платы, скарачэньне рабочых і служачых ад 2 да 3 тысяч чалавек. Кіраўнік Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч абвяргае гэта. “Ніякага загаду аб скарачэньні на прадпрыемстве няма, – кажа ён. – Сапраўды, зараз і “Гарызонт”, і “Віцязь” працуюць “на склад”. Продаж іх прадукцыі затрыманы, нават разглядаецца пытаньне пра зьмены кошту тэлевізараў. Але цэны можна знізіць максымум даляраў на 10, ня больш, інакш прадпрыемства “прагарыць”.

На сваёй апошняй старонцы штотыднёвік друкуе чарговую старонку Беларускага каляндара. Дата на Календары – 13 чэрвеня. Гэта дзень народзін выдатнага кампазытара Антоні Генрыка Радзівіла, нашчадка двух знакамітых беларускіх родаў. Артыкул пра Радзівіла напісаў журналіст-гісторык Павел Абрамовіч, стала аўтар Каляндара.

І завяршае нумар эксклюзіў – расказ пра першы ў Беларусі скачок інваліда з парашутам. Гэты скачок зрабіў 26 траўня малады інвалід Андрэй Мікалаеў. Калісьці, калі ён яшчэ мог хадзіць і быў здаровы, яго не ўзялі ў дэсантнікі. Але Андрэй зьдзейсьніў у рэшце рэшт сваю мару. Ён лічыць: улада над сабой робіць чалавека непераможным, а гэта – тое, дзеля чаго можна жыць...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG