Айцец Спасюк належыць да Беларускай Народнай Праваслаўнай Царквы, таму яго ўвесь час цкуюць улады. Летась ён адседзеў пяць сутак арышту за тое, што вёў набажэнства ў сваёй царкве. Яна знаходзіцца ў пасёлку Пагранічны ў брэзентавым намёце. 17 траўня ў вёсцы Рудаўляны айцец Іван адпяваў нябожчыцу, і жыхары вёскі запрасілі яго прыехаць у панядзелак, каб правесьці набажэнства з нагоды сьвята Яна Багаслова. 21 траўня ў Рудаўляны першымі прыехалі адразу тры сьвятары афіцыйнай царквы – Рускай Праваслаўнай. Прычым яны прывезьлі сваіх вернікаў, зламалі замок і трапілі ў капліцу. Івану Спасюку яны не дазволілі правіць службу, але яго сталі абараняць вернікі. Тады яго дапусьцілі, каб праводзіў службу ў царкве. Вось што кажуць самі верніцы:
(Ніна Андрушэвіч: ) “Мы ходзім у царкву беларускую, да айца Яна, а сьвяшчэньнікі распаўсюджваюць чуткі, што мы ходзім толькі з-за таго, што нам плоцяць даляры. І ўсе людзі ў Пагранічным, якія ходзяць туды, да Сергія, кажуць, што нам плоцяць даляры. Мы кажам: прыдзеце вы, і вам заплоцяць. Але яны ня йдуць чамусьці. Ну і хай ня йдуць”.
(Тацяна Каскевіч: ) “Людзі абураліся, сталі гаварыць, каб яны пусьцілі сьвятара. Тады айцец Сергі са злосьцю сказаў: “Калі хоча служыць, хай ідзе,” – і паказаў на сярэдзіну каплічкі, а потым пачалася служба і за царскаю брамай, і ўсярэдзіне”.
Міліцыя склала чатыры пратаколы – два на адміністрацыйную камісію, два – у суд. Івана Спасюка перш за ўсё абвінавачваюць у тым, што ня меў быццам бы права хаваць нябожчыка і весьці набажэнства. Яго ж абвінавачваюць у тым, што сарваў службу ў капліцы тром прыезжым сьвятарам, а яго жонку – што яна нецэнзурна выказвалася адносна іх за тое, што не даюць спакою ейнаму мужу.