Нелегальная міграцыя пераўтварылася ў міжнародную праблему. Каб эфэктыўна змагацца зь ёй, патрэбная каардынацыя й супрацоўніцтва краінаў рэгіёну й міжнародных арганізацыяў.
Эўразьвяз, рыхтуючыся да свайго пашырэньня, факусуецца найперш на ўладкаваньні межаў краінаў-кандыдатаў, каб дабіцца там шэнгенскіх стандартаў памежнага кантролю. Існуюць і праграмы ўмацаваньня межаў краінаў СНД. На межах Беларусі паводле праграмы ТАСІS выконваюцца тры такія праекты.
Міжнародная арганізацыя міграцыі фінансуе пілётны праект аўтаматызацыі памежнага катролю на гомельска-чарнігаўскім участку беларуска-ўкраінскай мяжы.
Але камандуючы памежнымі войскамі Беларусі Аляксандар Паўлоўскі гаворыць аб падвойных стандартах эўрапейскіх структураў да падтрымкі краінаў Цэнтральнай Эўропы і СНД. Паводле ягоных словаў, Беларусі "недастаткова эфэктыўна аказаваюць міжнародную дапамогу ў барацьбе зь нелегальнай міграцыяй".
Між тым, празь Беларусь праходзіць адзін з найважнейшых шляхоў нелегальнай міграцыі. Летась беларускія памежнікі затрымалі каля 600 нелегалаў з краінаў Азіі й Афрыкі. Яшчэ каля 700 не дапусьцілі да заходняй мяжы Беларусі й выслалі зь ейнай тэрыторыі.
Спэцпадразьдзяленьням удалося затрымаць больш як 30 арганізатараў крымінальгнага бізнэсу, якія перапраўлялі нелегалаў празь мяжу. Аднак ня ўсе мігранты злачынцы, сярод іх ёсьць і вымушаныя ўцекачы. Гаворыць Аляксандар Паўлоўскі:
(Паўлоўскі: ) "Мы дакладна падзялілі нелегальных мігрантаў. Ёсьць такія, што зьяўляюцца ўцекачамі, ня могуць жыць у сваіх краінах і вымушаныя шукаць месца для жыхарства. Мы іх аддзяляем ад нелегалаў, якія проста імкнуцца палепшыць жыцьцё, едучы за мяжу. Апошнія, на жаль, трапляюць пад уплыў структураў, якія пераўтварылі нелегальную міграцыю ў бізнэс. Гэты бізнэс зьвязаны з крыміналам і вельмі небясьпечны".
Аляксандар Паўлоўскі прызнаў, што толькі каля 10% нелегальных мігрантаў хацелі б застацца ў Беларусі, астатнія імкнуцца ў Заходнюю Эўропу. Цяпер на тэрыторыі Беларусі, паводле спадара Паўлоўскага, асела больш як 100 000 нелегалаў.
Намесьнік дырэктара Фэдэральнай памежнай службы Расеі Аляксей Кажэўнікаў паведаміў, што летась у Расеі, адкуль большасьць мігрантаў трапляе ў Беларусь, толькі на Паўночным Каўказе затрымалі каля 64 000 нелегалаў. Колькі ж усяго на тэрыторыі Расеі падобных мігрантаў, спадар Кажэўнікаў ня змог ацаніць.