Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ ТУРНІР “ЗАБІ КАЗЛА”


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску спаборніцтвы пачаліся а 16-й гадзіне на спэцыяльнай пляцоўцы ў парку Чалюскінцаў. На галоўных алеях парку разьмесьцілі паказальнікі, якія дапамагалі знайсьці спаборніцтвы. У гэтым міжнародным турніры бралі ўдзел сябры студэнцкіх і моладзевых арганізацыяў зь Беларусі, Польшчы, Літвы, Чэхіі ды іншых краінаў. Гаворыць адзін з арганізатараў турніру "Забі казла" Аляксей Чарняеў:

(Чарняеў: ) "Гэта гумарыстычная кампанія. Мы хочам зьвярнуць увагу на тое, што прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту ды прэзыдэнта Беларусі даўно трэба мяняць. Спадзяемся, што сатырычна-эпатажны фармат дапаможа прыцягнуць увагу зацікаўленых людзей да гэтай праблемы".

Назва турніру "Забі казла" — невыпадковая: гэтак завецца самы папулярны від гульні ў даміно. Спаборніцтвы былі прымеркаваныя да справаздачна-выбарчага сходу Нацыянальнага алімпійскага камітэту, які меў адбыцца сёньня й на якім плянавалі падоўжыць паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі як прэзыдэнта Алімпійскага камітэту. Зь невядомых прычынаў сход адклалі, аднак гэта ніяк не паўплывала на рашэньне арганізатараў ладзіць турнір. Аляксей Чарняеў працягвае:

(Чарняеў: ) "Нацыянальны алімпійскі камітэт фактычна ёсьць кішэнным утварэньнем прэзыдэнта НАК. Таму рашэньні НАК аніяк не ўплываюць на стан самога прэзыдэнта ды й на нашую акцыю".

Турнір даміно мае характар сатырычнага пэрформансу. У менскім моладзевым інфармацыйным цэнтры, які каардынуе спаборніцтвы, нашаму радыё паведамілі, што арганізатары хочуць зьвярнуць увагу грамадзкасьці на тое, што беларускія ўлады занадта папулярызуюць хакей і зусім забыліся на народныя віды спорту.

Арганізатары турніру патрабуюць, каб кіраўніцтва НАК зьвярнулася ў міжнародны Алімпійскі камітэт з просьбай уключыць даміно ў алімпійскую праграму. А калі прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту не прыслухаецца да патрабаваньняў аматараў даміно, то яны заклічуць моладзь не галасаваць за яго на выбарах прэзыдэнта Беларусі.

Падобныя турніры сёньня прайшлі ў Барысаве й Кобрыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG