Урадавая пастанова тычыцца кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. Былы генэральны дырэктар вытворчага аб’яднаньня “Амкадор” Васіль Шлындзікаў, які ўзначальвае Асацыяцыю садзеяньня эканамічнаму разьвіцьцю, камэнтуючы ўрадавую навіну, зазначыў:
(Шлындзікаў: ) "Я мяркую, што гэтае абмежаваньне закранула толькі некаторых дырэктараў. Пераважнай большасьці яно ня тычыцца.
Абмежаваньне скіраванае найперш на дасягненьне “ўраўнілаўкі” ў заробках, каб задаволіць патрабаваньні электарату. Бо “нізы” лічаць, што дырэктар нібыта не павінен зарабляць больш за рабочага. Дырэктар мог бы разьлічваць на даплаты ў выглядзе прэміяў. Аднак зараз атрымаць прэміі ня так проста, бо ўся эканоміка рушыцца", — мяркуе Васіль Шлындзікаў.
Ці задавальняюць цяперашнія заробкі ў дзяржаўным сэктары саміх кіраўнікоў прадпрыемстваў? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да галоўнага рэдактара беларускага часопіса “Дырэктар” Аляксандра Каўтуненкі:
(Каўтуненка: ) "Вядома ж, не. Афіцыйны заробак вельмі маленькі. На сёньняшні дзень дырэктарскі аклад у Беларусі недзе ўсяго 90 000 рублёў. У тым ліку й кіраўніка буйнога заводу, напрыклад, МТЗ.
Між тым, у савецкі час дырэктар атрымліваў прыблізна 1 500 даляраў. І таму зараз дырэктар павінен зарабляць 1 500–2 000 даляраў. Пакуль гэтак ня зробяць, яны будуць клапаціцца не пра разьвіцьцё прадпрыемства, а пра тое, дзе грошы на жыцьцё зарабіць".
Як лічаць экспэрты, большасьць беларускіх дырэктараў жыве зь нелегальных даходаў. Нягледзячы на гэта, у поле зроку праваахоўчых органаў трапляе толькі невялікая частка кіраўнікоў. Мяркуецца, што ў гэтым найперш зацікаўленыя ўлады. Яны імкнуцца не заўважаць крымінальных парушэньняў прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу, чакаючы ад іх за гэта палітычнай ляяльнасці.