Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОН АРМСТРОНГ: УРАД ЗША ПАМЯТАЕ І 1410, І 1514, І 1863, І 1918, І 1991, І 1996 ГАДЫ БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫІ…


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

На пачатку сваёй прамову спадар Армстронг працытаваў словы чэскага пісьменьніка Мілана Кундэры: “Барацьба чалавека супраць сілы і ўлады – гэта ёсьць барацьба памяці супраць забыцьця”. Гэтыя словы сталіся лейтматывам выступу спадара Армстронга.

Сёньня беларуская дыяспара, сказаў ён, адзначаючы Дзень 25 скавіка, такім чынам вядзе барацьбу з аўтарытарнай уладай на Бацькаўшчыне. БНР – гэта была рэінкарнацыя, адраджэньне таго, што заслугоўвае беларускі народ: свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці, – сказаў Джон Армстронг.

“Добрая памяць пра мінуўшчыну ёсьць добрая дапамога для стварэньня будучыні, – казаў далей Армстронг. – Тыя людзі, што кажуць, нібыта грамадзяне Беларусі ня ў стане стварыць сваю дэмакратычную дзяржаву, проста ня ведаюць, як беларусы адстойвалі сваю волю пад Грундвальдам і Воршай, яны проста забыліся на вокліч “За нашую і вашую волю”. Ва ўрада ЗША, зазначыў Армстронг, добрая памяць. Урад Злучаных Штатаў памятае пра той выбар, які зрабіў беларускі народ у 1990-91 гадах. Урад ЗША, працягваў ён, памятае і антыканстытуцыйны і антыдэмакратычны рэфэрэндум 1996 году, які Аляксандар Лукашэнка скарыстаў, каб прыняць сваю новую канстытуцыю, распусьціць парлямэнт і працягнуць свой прэзыдэнцкі тэрмін. Урад ЗША памятае, сказаў Армстронг, што Лукашэнка не сыйшоў з пасады, калі скончыўся яго легітымны тэрмін 20 ліпеня 1999 году. Урад ЗША памятае, што Зянон Пазьняк, Сямён Шарэцкі, Тамара Віньнікава і шмат іншых грамадзянаў Беларусі былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму і хавацца за мяжой з-за страху і небясьпекі ўдома. Урад ЗША, сказаў далей кіраўнік беларускага аддзелу Дзярждэпартамэнту ЗША, памятае, што і сёньня за сямейнымі сталамі застаюцца пыстыя месцы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага. Урад ЗША памятае, што замест правядзеньня незалежнага сьледзтва, рэжым Лукашэнкі стаў пагражаць сем’ям зьніклых. Урад ЗША, працягваў Джон Армстронг, памятае пра Андрэя Клімава, што знаходзіцца ў турме. Урад ЗША памятае і парлямэнцкія выбары ў Беларусі, праведзеныя ў кастрычніку 2000 году, якія былі далёкія ад свабодных і незалежных і не былі прызнаныя за легітымныя сусьветнай супольнасьцю.

З поўным разуменьнем гэтай памяці, сказаў прадстаўнік Дзяржэпартамэнту, ніякіх нечаканасьцяў у амэрыканскай палітыцы ня будзе. Амэрыканскае стаўленьне да сёньняшніх уладаў Беларусі не зьмянілася з прыходам новай адміністрацыі ЗША. Галоўным у амэрыканскай палітыцы будзе настойлівае патрабаваньне аднаўленьня сапраўднай незалежнасьці Беларусі і дэмакратыі. Калі нехта не дачуў, што я сказаў, заўважыў спадар Армстронг, і менавіта адмыслова для спадара Лукашэнкі хачу паўтарыць: амэрыканская палітыка да Беларусі не зьмянілася з прыходам у Вашынгтон новай адміністрацыі, галоўнымі вартасьцямі яе застаюцца дэмакратыя і незалежнасьць Беларусі.

Скончыў свой выступ спадар Джон Армстронг па-беларуску, словамі “Жыве Беларусь!”

Апрача таго, на сустрэчы выступілі кіраўнікі беларускіх арганізацыяў і госьці. У сваім выступе кіраўнік Беларуска-Амэрыканскага Заадзіночаньня Антон Шукялойць згадаў тыя часы, калі ён адзначаў Дзень БНР у Заходняй Беларусі разам з Антонам Луцкевічам і Янкам Станкевічам.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла вызначыла стварэньне БНР як важнейшую падзею ХХ стагодзьдзя. Нашыя продкі, сказала яна, мелі мужнасьць зрабіць гэты крок, і я жадаю сілы і мужнасьці ўсім беларусам, што змагаюцца зараз за незалежнасьць Беларусі.

Лідэр БНФ Зянон Пазьняк у сваім выступе адзначыў зьмену лёзунгаў сёньняшняга вызвольнага руху ў Беларусі – не правы чалавека, а незалежнасьць Беларусі.

Прывітальныя лісты беларусам Нью-Ёрку даслалі Сямён Шарэцкі і Васіль Быкаў, а таксама беларусы зь іншых краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG