У населеным альбанцамі раёне, дзе сыходзяцца межы Сэрбіі, Косава і Македоніі, ужо некалькі дзён запар ўзьнікаюць узброеныя сутычкі, якія паступова ператвараюцца ў сур’ёзны канфлікт. Учора міністэрствы абароны і ўнутраных справаў Македоніі абвесьцілі аб частковай мабілізацыі сілаў запасу.
Прэс-службы абодвух міністэрстваў заявілі на сумеснай прэс-канфэрэнцыі, што мабілілізацыя зьвязаная з сытуацыяй на поўначы рэспублікі. Тыдзень таму міжнародныя сілы ўсталявалі ўздоўж мяжы зону бясьпекі, каб прадухіліць пераход партызанаў на тэрыторыю Македоніі, аднак гэты крок ня даў вынікаў. У нядзелю альбанскія партызаны захапілі вёску Танушэвчы на македонскім баку і забілі трох македонскіх паліцыянтаў. Пасьля гэтага Македонія перакрыла мяжу з Косавам, аднак мяжа засталася празрыстай. Учора каля вёсак Танушэвчы і Маліна дайшло да працяглай перастрэлкі паміж партызанамі з гэтак званай “Нацыянальнай Армііі Вызваленьня” і македонскімі сіламі. Пазьней сілы НАТА ў Косаве паведамілі, што партызаны пакінулі Танушэвчы і перайшлі на тэрыторыю Косава. Паводле прадстаўніка амэрыканскага кантынгенту Джыма Маршала, некалькі дзясяткаў добра ўзброеных людзей у чорных мундурах прыхавалі зброю і ў вёсцы Дэбэльдэ перапрануліся ў цывільную вопратку.
Эскаляцыю гвалту ў рэгіёне асудзілі Злучаныя Штаты і Эўразьвяз, а таксама Баўгарыя, Грэцыя і Альбанія.
“Мы рашуча асуджаем акты гвалту з боку экстрэмістаў, якія спрабуюць парушыць стабільнасьць ў Македоніі, Косаве і рэгіёне,” – заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр. “Глыбокую занепакоенасьць” дэстабілізацыяй ў рэгіёне выказаў кіраўнік ведамства зьнешняй палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу Гаўер Саляна.
Заходнія дыпляматы, якія дагэтуль заклікалі Македонію паўстрымоўвацца ад ўжываньня сілы, у нядзелю зьмянілі тон і заявілі, што са зразуменьнем прыймуць адэкватныя крокі Скап’е. Таксама Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, якая сочыць за сытуацыяй на македонскай мяжы і сёньня праводзіць у Вене адмусловую сэсію, заявіла, што падтрымае “разумнае” скарыстаньне сілы супраць альбанскіх паўстанцаў.
Прэзыдэнт Балгарыі Стаянаў заклікаў да неадкладнай, міжнароднай акцыі, якая зьнеахвоціла б партызанаў да падобных акцыяў ў будучыні. Ён выказаў гатоўнасьць прыслаць ў памежны раён сваіх вайскоўцаў, аднак пазьней міністар абароны ўдакладніў, што Сафія можа дапамагчы, але толькі пры разьмініраваньні і абясшкоджваньні боепрыпасаў. Міністар замежных справаў Грэцыі Папандрэў спыніў свой візыт у Вену і сьпешна прыбыў ў Скап’е, а прэм’ер Альбаніі Ілір Мэта назваў абсалютна непрыймальнымі дзеяньні альбанскіх партызанаў у паўднёвай Сэрбіі і Македоніі.
Македонія запатрабавала склікаць надзвычайную сэсію Рады Бясьпекі ААН і стварэньня на мяжы буфэрнай зоны. У адказ дыпляматы НАТА падкрэсьлілі, што яны ня маюць на гэта ні мандату, ні магчымасьці патруляваць зону. Улады Македоніі маюць прэтэнзіі найперш да сілаў НАТА ў Косаве. Паводле прэм’ера Македоніі Любчы Георгіеўскага, сілы НАТА ня ў стане ўтаймаваць альбанскіх партызанаў. “Яны занадта баяцца, што могуць быць ахвяры сярод іхных вайскоўцаў,” –сказаў ён.
Аналягічную думку выказалі Расея і Югаславія. Прэзыдэнт Югаславіі Каштуніца адзначыў, што гэта дзякуючы бездапаможнасьці міжнародных сілаў ў Косаве паўстанцы свабодна пранікаюць на тэрыторыю Македоніі. Як адзначыў амбасадар Македоніі ў Вялікай Брытаніі Чрвэнкоўскі, “мы спадзяемся, што міжнародныя сілы ў Косаве выканаюць заданьне, дзеля якога яны былі туды накіраваныя: проста возьмуць пад свой кантроль сытуацыю ў правінцыі. Калі б яны поўнасьцю кантралявалі сытуацыю, мы ня мелі б цяперашняй праблемы”.