Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВЫДАСЬЦЬ ВАРШАВА ЛЕАНІДА ВОЎКА БЕЛАРУСІ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Грамадзяніна Ізраіля Леаніда Воўка затрымалі польскія праваахоўчыя органы ў варшаўскім аэрапорце “Окэнце” яшчэ напачатку лютага. Ён прыляцеў у Варшаву з Тэль-Авіву, каб сустрэцца са сваім сябрам і калегам па бізнэсе Аляксандрам Пупейкам, які некалькі гадоў таму здабыў у Польшчы палітычны прытулак.

Леаніда Воўка затрымалі на падставе дакумэнту, падпісанага ў 1999 годзе транспартным пракурорам Беларусі Мікалаем Каралюком. Сп. Каралюк сьцьвярджае, што былы грамадзянін Беларусі Воўк парушыў артыкул 160 (частку 2) ранейшага Крымінальнага кодэксу (забароненыя віды прадрымальніцтва) і просіць дэпартаваць яго ў Беларусь.

Акруговы суд Варшавы пастанавіў пакінуць Леаніда Воўка да 4 сакавіка ў экстрадыцыйнай турме, і да гэтага часу беларуская пракуратура павінна прадаставіць польскаму суду пераканаўчыя доказы віны бізнэсоўца.

Леаніда Воўка ў асяродку беларускай апазыцыі даволі добра ведаюць. Гаворыць намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Ён асабліва не сьвяціўся, але дапамагаў шмат каму з дэмакратаў. Нават у прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году й пасьля — прычым істотна дапамагаў. Пасьля Пупейкі гэта, напэўна, быў другі чалавек, які дапамагаў так моцна. Ён сам папрасіў, каб яго пазнаёмілі з кімсьці з дэмакратаў, бо лічыў, што трэба супрацоўнічаць. Воўк пэрыядычна дапамагаў і матэрыяльна, і кантактамі".

Да 1997 году Леанід Воўк жыў у Менску, меў тут свой бізнэс, быў генэральным спонсарам "Альтэрнатыўнага тэатру" і адным з заснавальнікаў "Кляс-клюбу". У 1997 годзе беларускія ўлады пачалі ціснуць на фірму спадара Воўка, і ён быў вымушаны эміграваць у Ізраіль.

Адразу ж пасьля затрыманьня Леанід Воўк патэлефанаваў сваёй былой менскай супрацоўніцы й сяброўцы Натальлі Хмарок і паведаміў, за што яго перасьледуе беларуская пракуратура.

У 1995 годзе фірма спадара Воўка атрымала крэдыт на 2 мільёны 300 тысяч даляраў — на закуп амэрыканскіх трактараў для здабычы золата ў Сібіры. Паводле Натальлі Хмарок, гэты крэдыт Леанід Воўк вярнуў цалкам, але беларускія ўлады лічаць, што бізнэсовец схаваў свае прыбыткі й ня выплаціў усіх падаткаў. За гэта Леаніду Воўку могуць даць да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Леанід Воўк адкідае ўсе абвінавачаньні беларускіх уладаў і сьцьвярджае, што яго перасьледуюць за падтрымку палітычнай апазыцыі.

Транспартны пракурор Беларусі Мікалай Каралюк не пацьвярджае, але й не абвяргае інфармацыі, што Леаніда Воўка шукаюць менавіта за тое, што схаваў прыбыткі й ня выплаціў усіх падаткаў.

А прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў кажа, што гэта звычайная крымінальная справа, і, маўляў, ня варта тут шукаць палітыкі.

Варта нагадаць, што раней Польшча адмовілася выдаць Беларусі бізнэсоўца Аляксандра Пупейку, а Вялікабрытанія зусім нядаўна ня выдала Тамару Віньнікаву.

Варшаўскі адвакат Леаніда Воўка Антоні Шымкуч лічыць, што польскія ўлады, найхутчэй, ня выдадуць ягонага кліента. Гаворыць Антоні Шымкуч:

(Шымкуч: ) "Фармальна, калі гэтыя абвінавачаньні пацьвердзяць, польскія ўлады могуць прыняць рашэньне пра экстрадыцыю. Зь іншага боку, ёсьць меркаваньні гуманнасьці й ціск палітычных колаў — таму маем шанцы, што спадара Воўка Беларусі ня выдадуць".

За справай Леаніда Воўка пільна назіраюць супрацоўнікі амбасады Ізраіля ў Варшаве, а кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі зьвярнулася з заклікам да дзяржаўных органаў і грамадзкіх арганізацыяў Польшчы не дапусьціць экстрадыцыі Леаніда Воўка ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG