Падзеі гэтага опусу, які выдала маскоўскае выдавецтва "Олма-прэс", адбываюцца ў Менску й Маскве.
Група беларускіх апазыцыянэраў, сярод якіх спадары Багданкевіч, Хадыка, Шлындзікаў, Нісьцюк, Патупа, Гермянчук (Чаркасаў апісвае іх як злачынцаў, наркаманаў й гомасэксуалістаў), а таксама "прадажны" чыноўнік Мясьніковіч і журналістка Масьлюкова задумалі адхіліць ад улады славянскага прэзыдэнта Лукашэнку.
Яны распрацоўваюць жахлівыя пляны. Спачатку думаюць забіць славянскага правадыра атрутай, а калі замах не ўдаецца, то змоўнікі (натуральна, пры дапамозе Захаду) плянуюць нанесьці ядзерны ўдар па рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Толькі дзякуючы адважным дзеяньням агента расейскіх спэцслужбаў, гэтага "апошняга салдата прэзыдэнта", жыцьцё Лукашэнкі ўдаецца выратаваць. Урэшце ўсе так званыя тэрарысты й ворагі славянства гінуць, а Лукашэнка перамагае.
У Расеі нямала патрыётаў-графаманаў, якія бавяць вольны час за напісаньнем падобных твораў. Пісьменьнік Чаркасаў вядомы як аўтар іншых кніг даволі спэцыфічнага зьместу — пра Чачэнію й Югаславію.
Адзін з герояў гэтай кнігі, вядомы беларускі палітоляг Аляксандар Патупа, лічыць зьяўленьне "Апошняга салдату" невыпадковым. Паводле спадара Патупы, у тэксьце ёсьць некаторыя моманты, якія сьведчаць пра тое, што да напісаньня кнігі прыклалі руку спэцслужбы. (Прыкладам, падрабязнасьці апісаньня тыпаў зброі, дэталёвыя пляны спэцапэрацыяў і гэтак далей.)
Аляксандар Патупа разглядае кнігу Чаркасава як распрацоўку расейскіх палітычных тэхнолягаў.
Сам палітоляг, найхутчэй, ня будзе падаваць у суд на аўтара кнігі. На думку Аляксандра Патупы, найважней цяпер выпрацаваць сыстэму нэўтралізацыі падобнай прапаганды, а не рабіць дадатковай рэклямы гэткім творам.