Усе неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі прадстаўнікі Маладога Фронту накіравалі ў Міністэрства юстыцыі яшчэ летась 16 траўня. Раней гэтая арганізацыя, ад часу свайго стварэньня ў 1997 годзе, дзейнічала як структурнае падразьдзяленьне БНФ.
Цягам васьмі месяцаў чыноўнікі гэтага ведамства, а таксама адмысловай камісіі пад кіраўніцтвам Уладзімера Замяталіна разглядалі дакумэнты, і вось нарэшце далі адказ.
На іхную думку, Малады Фронт ня можа быць зарэгістраваны, бо кіраўнікі арганізацыі нібыта няправільна аформілі плату за аб'яву пра рэгістрацыю ў адной зь дзяржаўных газэтаў, недакладна вызначылі пытаньне сяброўства ў Маладым Фронце й гэтак далей.
Аднак лідэры маладафронтаўцаў лічаць, што гэта толькі фармальныя прычыны. Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:
(Шэін: ) "Канешне, тут вырашалі Лукашэнка й Шэйман гэтую справу. Перадусім яны баяцца рэгістраваць самую моцную апазыцыйную моладзевую арганізацыю. Па-другое, неўзабаве выбары на прэзыдэнта, і рэгістрацыя дапамагла б Маладому Фронту больш плённа ўдзельнічаць у гэтым. Вось таксама чаму нас не зарэгістравалі".
Лідэры Маладога Фронту абураныя тым, што прадстаўнікі Мінюсту паведамілі ім пра адмову ў рэгістрацыі толькі праз 20 дзён пасьля таго, як было прынятае гэтае рашэньне. Маладафронтаўцы будуць абскарджваць пастанову Мінюсту ў Вярхоўным судзе Беларусі.