Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Чарнобыльская АЭС

На падставе ўказу прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы 15 сьнежня выводзіцца з эксплюатацыі Чарнобыльская атамная электрастанцыя, аварыя на якой стала буйнейшай тэхнагеннай катастрофай стагодзьдзя. Крок добрай волі Ўкраіны вітае сусьветная супольнасьць. Аднак пэрсанал станцыі не падзяляе рашэньне ўкраінскага прэзыдэнта і ўраду. З Чарнобыльскай АЭС перадае наш карэспандэнт Казімер Яноўскі.

Апошнюю сотню кіляметраў да атамнай станцыі едзем шляхам, абапал якога паўпустыя альбо наагул пустыя беларускія, а пасьля і ўкраінскія паселішчы. Адчуваньне такое, што гэта шлях на Галгофу. Змрочна і пуста.

Затое на станцыі – ажыўленьне. Сюды цяпер едуць замежныя дэлегацыі, журналісты. Службы інфармацыі і зьнешніх сувязяў ледзь пасьпяваюць прымаць гасцей.

Над галоўным уваходам – электроннае табло высьвечвае ўзровень гамафону – 82 мікрарэнтгены ў гадзіну. Затое на процілеглым баку – за нейкія 300-400 мэтраў, дзе пад жалезабэтоннымі аковамі дыхае разбураны чацьверты энэргаблёк, узровень радыяцыі ў 15 разоў вышэйшы.

Мы – ў ашыннай заліатамнай станцыі. Наш гід – начальнік службы інфармацыі Станіслаў Шакстэла – згадвае, што зараз усе турбагенэратары стаяць. Працуе толькі, вы чуеце, сыстэма вентыляцыі. Першы і другі блёкі атамнай станцыі даўно выведзеныя з эксплюатацыі. Другі, дарэчы, – дзевяць гадоў таму з-за пажару ў машыннным аддзяленні.

Не выдае зараз энэргіі і трэці блёк. Ён аварыйна спынены 6 сьнежня. Таму спрычыніўся прарыў пары ў памяшканьне рэактарнага цэху.
Нягледзячы на чарговы інцыдэнт, пэрсанал станцыі не пагаджаецца з яе закрыццем, лічыць, што ў стане забясьпечыць безаварыйную працу да сканчэньня рэсурсу ў 2011 годзе. Атамшчыкі нават маральна гатовыя да акцыяў пратэсту. Стрымлівае важнасць аб'екту. Вось што распавёў начальнік блёкавага шчыта кіраваньня Валер Захараў, на рукаве белага халату якога заўважаю чорную павязку.

(Захараў: ) "Адпаведныя законы па скарыстаньні ядзернай энэргіі і радыяцыйнай бясьпецы не дазваляюць нам наладжваць акцыі пратэсту. Таму апэратыўныя супрацоўнікі блёкавых шчытоў ды іншых падразьдзяленьняў прынялі рашэньне ў знак нязгоды з закрыцьцём станцыі апошнія зьмены працаваць з чорнымі павязкамі," – сказаў спадар Захараў.

Атамшчыкаў турбуе , што станцыя зачыняецца літаральна праз дзень, а лёс іх застаецца няпэўным. Яны ня ведаюць, якія выплаты і кампэнсацыі атрымаюць, хто будзе звольнены, а хто застанецца забясьпечваць вывад 3-га блёку з эксплюатацыі, разьлічаны, дарэчы, на бліжэйшыя 8 гадоў. Пакуль ў рэактары знаходзіцца ядзернае паліва, ён па-ранейшаму надзвычай небясьпечны аб'ект.

Пэрсанал станцыі падтрымлівае і прафсаюзны камітэт, які ўзначальвае Аляксей Лыч. Паводе ягоных слоў, практычна 100 адсоткам супрацоўнікаў станцыі патрэбная сацыяльная абарона. І ня толькі ім, але і жыхарам Славуціча, дзе жывуць сем'і атамшчыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG