Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 25 лістапада)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Нямецкі рэжысэр Харды Мартынс здымае на кінастудыі "Беларусьфільм" мастацкую стужку "Пакуль мяне нясуць ногі". Сюжэт фільму — прыгоды нямецкага салдата, які ўцякае з сыбірскага лягеру для ваеннапалонных праз усю Расею і Эўропу дахаты ў Баварыю. Гэта ўжо шостая стужка, якая здымаецца ў Менску на нямецкія грошы. Без замежных пастановак "Беларусьфільм" ужо даўно б збанкрутаваў.

Галоўны рэдактар часопісу "Крыніца" Галіна Булыка звольнілася з пасады на знак пратэсту супраць мізэрнага фінансаваньня "Крыніцы" дзяржаваю: сёлета выйшлі толькі 2 нумары часопісу. У пятніцу калегія Дзяржаўнага камітэту друку пастанавіла аднавіць фінансаваньне "Крыніцы" ў поўным аб'ёме. Паводле намесьніка старшыні Дзяржкамдруку Ўладзімера Глушакова, рэдактарам "Крыніцы" ў бліжэйшы час будзе прызначаны паэт Навум Гальпяровіч.

На катэдры славянскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту прайшла прэзэнтацыя першага падручніка польскае мовы, які стварылі беларускія навукоўцы — Аляксандар Кіклевіч і Ала Кожынава. Падручнік выйшаў у менскім выдавецтве "ТетраСистем" на сродкі польскіх дабрачынных фундацыяў. Кіклевіч і Кожынава падманулі грантадаўцаў: прасілі грошы на беларускамоўны падручнік, а выдалі расейскамоўны, які можна прадаваць і ў Расеі. Беларускамоўная вэрсія падручніку выйшла мізэрным накладам у дзяржаўным выдавецтве "Беларуская энцыкляпэдыя".

Галярэя "Медэя" наладзіла ў Доме афіцэраў выставу жывапісу й скульптуры, а таксама архіўных здымкаў на тэму "Купалаўцы ў выяўленчым мастацтве". Каля 20 мастакоў выставілі партрэты Янкі Купалы, буйнейшых беларускіх драматургаў, рэжысэраў і актораў. Паводле колькасьці акторскіх партрэтаў можна зрабіць выснову, што найбольш запамінальны й выразны твар Купалаўскага тэатру належаў Стэфаніі Станюце.

Гарадзенскі хор хлопчыкаў "Пеўнікі" пад кіраўніцтвам Уладзімера Яльчанінава стаўся ляўрэатам фэстывалю "Эўрапейскія музычныя сустрэчы", які праходзіў у нямецкім горадзе Вальдурне й сабраў паўтары тысячы выканаўцаў зь 15 краінаў сьвету. Гарадзенскія "Пеўнікі" атрымалі запрашэньне выступіць з сольнымі канцэртамі ў Чэхіі, Нямеччыне, Баўгарыі ды Польшчы.

У Доме літаратара прайшла юбілейная вечарына з нагоды 75-х угодкаў паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка". Паводле сына песьняра, Міхася Міцкевіча, да друку дайшоў толькі трэці варыянт паэмы: першы ў Коласа скралі разам з валізаю на Каўказе, а другі прымусіла перарабіць цэнзура, бо там не аднойчы згадваліся "ліхія ляхі ды маскалі паганыя". Артысты віцебскага тэатру імя Якуба Коласа паказалі ўрывак са спэктаклю "Сымон-музыка", які там колісь паставіў Валеры Мазынскі. Кампазытар Алег Хадоска напісаў паводле "Сымона-музыкі" сымфанічную паэму, якая сталася неафіцыйным гімнам Саюзу кампазытараў Беларусі.

У Воршы адчыніўся музэй Уладзімера Караткевіча. За савецкім часам у гэтым будынку месьціўся радзільны дом, дзе пісьменьнік і нарадзіўся 70 гадоў таму. Пакуль што экспазыцыя займае толькі адну залю, але ў пэрспэктыве будынак станецца цэнтрам беларушчыны ў Воршы. У музэі будуць дзеіць курсы беларускае мовы і відэалекторый, а двор будзе выкарыстоўвацца як тэатральная сцэна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG