Як паведамляе Інтарфакс, Дэвід Джонсан заявіў, што, ўлічваючы "арышты людзей, якія выступаюць за байкот выбараў, прысутнасьць міліцыі і відэакамэраў на дэманстрацыях, адмову ў рэгістрацыі прадстаўнікам апазыцыі паводле такіх нязначных прычынаў, як не прыгаданае ў дэклярацыі атрыманьне сумы, эквівалентнай палове амэрыканскага даляру, мы павінныя пагадзіцца з высновай Бюро ў справе дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, што мірны пэрыяд не дасягнуты".
Амбасадар ЗША ў Пастаяннай Радзе АБСЭ Дэвід Джонсан перакананы, што Трэцяя тэхнічная канфэрэнцыя эўрапейскіх інстытутаў у Вене 30 жніўня мела рацыю, калі выказала рэкамэндацыю устрымацца ад назіраньня за гэтымі выбарамі, і ніхто не павінен "тэндэнцыйна тлумачыць прысутнасьць міжнародных экспэртаў як іх легітымізацыю".
У сваім выступе ў Пастаяннай Радзе АБСЭ Дэвід Джонсан заклікаў прадстаўнікоў Бюро ў справе дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску і парляманцкую "тройку" зрабіць сумесную заяву, у якой прагучала б праўдзівая ацэнка дзеяньняў беларускіх уладаў ў справе выкананьня міжнародных стандартаў.