У апошнi дзень iснаваньня на бiржы двух легальных курсаў замежных валютаў Аляксандар Лукашэнка склiкаў нараду, дзе абмяркоўвалiся прагноз сацыяльна-эканамiчнага разьвiцьця краiны ды праект дзяржаўнага бюджэту на наступны год.
Але адзiны абменны курс ва ўмовах нерэфармаванай эканомiкi можа спрыяць банкруцтву нават буйных прадпрыемстваў. Менскi трактарны завод ужо ня здольны плацiць падаткi. Чакаецца, што ў бюджэт будуць закладзеныя гэткiя паказьнікi: дэвальвацыя нацыянальнае валюты мусiць не перавышаць 2 адсоткi за месяц ў дачыненьнi да расейскага рубля i 2,5 адсоткi ў дачыненьнi да даляра. Менавiта такi праект бюджэту на 2001 год i прагноз сацыяльна-эканамiчнага разьвiцьця Беларусi разглядаў сёньня Аляксандар Лукашэнка, якi правёў адмысловую нараду. Ён запатрабаваў поўнага выкананьня ўсiх плянаў, але на паседжаньнi прагучала, што папярэднiя прагнозы ды праграмы яшчэ нiколi цалкам не выконвалiся. Як паведамiла дзяржаўная тэлевізія, Аляксандар Лукашэнка папярэдзiў, што адказнасьць за забесьпячэньне нармальнага жыцьцёвага ўзроўню людзей будуць несьцi ўсе кiраўнiкi. Для іх наступны год будзе экзамэнам, бо гэта год прэзыдэнцкіх выбараў, асабліва падкрэсьліў Лукашэнка, нягледзечы на тое, што палітолягі ды сацыёлягі, паводле ягоных жа словаў, не раяць яму пра гэта казаць. «Уладу ўтрымаць – шмат розуму ня трэба», — дадаў Лукашэнка і працягваў: «Пытаньне ў тым, наколькі народ давярае гэтай уладзе, наколькі давярае прэзыдэнту, а значыць і вам», — сказаў ён удзельнікам нарады. На паседжаньні абмяркоўвалася й становiшча са скасаваньнем запазычанасьцi з выплатаю заробкаў. Напярэдаднi менскiя ўлады прызналiся, што дзеля выкананьня рашэньня Лукашэнкi лiквiдаваць гэтыя запазычанасьці да 1 верасьня Савет мiнiстраў пайшоў на парушэньне iншых ягоных патрабаваньняў. Напрыклад, найбольш праблемныя прадпрыемствы сталiцы атрымалi новыя крэдыты на выплату заробкаў, хоць яны не вярнулi ранейшыя пазыкi. Але ж указ Лукашэнкi забараняе ў такiм выпадку новае крэдытаваньне. Саўмiн дазволiў Нацбанку заплюшчыць на гэта вочы, — паведамiў менскi гарадзкi выканкам на пазачарговай сэсii гарадзкога савету. Там жа прагучала яшчэ адна цiкавая iнфармацыя. Менскi трактарны завод завiнавацiўся бюджэту 6 мiльярдаў рублёў, гэта 6 мiльёнаў даляраў. Амаль палова гэтае сумы мусіла была трапiць у сталiчны бюджэт. Гарадзкiя ўлады мяркуюць ужыць нестандартныя рашэньнi, паведамiў менскi вiцэ-«мэр» Мiкола Ярохаў. Паводле ягоных словаў, яны ўжо сасьпелi да таго, каб самiм браць трактары ды гандляваць, але «мэр» сталiцы Мiхал Паўлаў пакуль ня раіць гэтым займацца. Разам з трактарным заводам буйнымi неплацельшчыкамi менская адмiнiстрацыя называе маторны завод i заводы падшыпнiкаў ды шасьцерняў. Кiраўнiкi гэтых прадпрыемстваў, якiя арыентаваныя на экспарт i атрымлiваюць валютны даход, скардзяцца, што раней iм налiчвалi падаткi паводле афiцыйнага курсу Нацыянальнага банку i нават тады грошай не было, а цяпер сумы падаткаў значна павялiчацца. А Лукашэнка сёньня запатрабаваў падвысiць рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў, бо, "ён перакананы: наступны палiтычны год мусіць i можа стаць годам уздыму нашай эканомiкi". Лукашэнка заявiў, што галоўнай задачаю ёсьць давядзеньне сярэдняга заробку лiтаральна праз год да 100 даляраў на месяц.