Увечары ў Менск прыбыла дэлегацыя Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека – структурнага аддзелу АБСЭ. На працягу трох дзён міжнародныя экспэрты будуць вывучаць сытуацыю ў Беларусі, якая тычыцца парлямэнцкіх выбараў, прызначаных на 15 кастрычніка. У складзе дэлегацыі кіраўнік аддзелу выбараў Храйар Баліан, экспэрт гэтага ж аддзелу Джэсі Пілгрым, а таксама экспэрт у агульных пытаньнях Эндру Брус. На працягу трох дзён яны будуць вывучаць усе аспэкты выбарчае кампаніі ў Беларусі. Пасьля дэлегацыя накіруецца зь Менску ў Вену, дзе на 13 жніўня прызначаны другі раўнд гэтак званае "тэхнічнае" канфэрэнцыі ў справах Беларусі. Там шэраг міжнародных арганізацыяў выкажа сваю думку наконт таго, ці пасылаць міжнародных назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусь. А канчатковае рашэньне гэтага пытаньня прызначанае на 30 жніўня. Голас Бюро мае вялікую вагу. І вось чаму. Выбарчы аддзел ня толькі асноўны ў Бюро, адначасна ён зьяўляецца галоўным цэнтрам у АБСЭ ва ўсіх пытаньнях, што хоць нейкім чынам зьвязаныя з выбарамі. Таму ён мае значныя паўнамоцтвы. У прыватнасьці, акрамя арганізацыі і непасрэднага ўдзелу ў назіраньнях за выбарамі, аддзел дапамагае правесьці экспэртызу выбарчага заканадаўства, выканаць рэкамэндацыі, якія зьяўляюцца вынікам назіраньня за выбарамі. Нагадаю, што менавіта гэты аддзел уважліва вывучыў вынікі назіраньня за рэфэрэндумам, які праходзіў у Беларусі ўвосень 1996 году. І менавіта гэты аддзел рэкамэндаваў Бюро (а тое, у сваю чаргу, – АБСЭ) не прызнаваць вынікі рэфэрэндуму ў тым фармаце, як гэтага хацелі ініцыятары рэфэрэндуму. З таго часу Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека трапіла ў чорныя сьпісы беларускіх уладаў. Той факт, што дэлегацыю, якая прыляцела сёньня ў Менск, узначальвае непасрэдна Храйар Баліан – кіраўнік выбарчага аддзелу, красамоўна сьведчыць пра важнасьць місіі. Ён падкрэсьліў сёньня, што асноваю дзейнасьці бюро зьяўляецца Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека, у артыкуле 21 якой ясна вызначана:
1. Кожны чалавек мае права браць удзел у кіраваньні сваёй краінаю непасрэдна або праз свабодна абраных прадстаўнікоў;
2. Воля народа павінна зьяўляцца падставаю ўлады ўраду; гэтая воля павінна знаходзіць сваё ўвасабленьне ў пэрыядычных і несфальшаваных выбарах. У правілах АБСЭ адназначана запісана: "Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека ня мае намеру назіраць за выбарамі, у якіх забавязаньні АБСЭ не адлюстраваныя ў дзейным заканадаўстве й правілах". У гэтай сувязі самы раз нагадаць, што службы АБСЭ ўжо правялі экспэртызу Выбарчага кодэксу Беларусі й зрабілі высновы, паводле якіх гэты закон не адпавядае дэмакратычным прынцыпам арганізацыі і правядзеньня выбараў. Сёньня ў праграме дэлегацыі Бюро толькі сустрэча зь некаторымі замежнымі дыпляматамі, якія акрэдытаваныя ў Менску.