Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 чэрвеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Сёньня – дзень гібелі Янкі Купалы. Па шматгадовай традыцыі а 12-й гадзіне ля мейсца апошняга спачыну прарока на Вайсковых могілках у Менску сёньня адбылася памінальная імпрэза.

Прыйсьці да магілы народнага песьняра заклікалі праз друк супрацоўнікі купалавага музэю ды Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Адгукнулася некалькі дзясяткаў чалавек. З кветкамі ды запаленымі сьвечкамі яны слухалі слова пра паэта дырэктара купалавага музэю Жаны Дапкюнас, сакратара пісьменьніцкага саюзу Навума Гальпяровіча, вершы-прысьвячэньні песьняру маладых (і ня вельмі) паэтаў. Выступоўцы не праміналі паводле завядзёнцы апошніх гадоў паскардзіцца на складаны час і гаротнае жыцьцё, але пры гэтым нязьменна сканчвалі аптымістычным "Жыве Беларусь!".

Паэт-вэтэран Пятро Прыходзька прыгадаў, як ён, даведаўшыся пра сьмерць Купалы ў 42-м годзе, пакляўся зь сябрамі-франтавікамі адпомсьціць за гэта ворагам. Праўда, пры гэтым не ўдакладніў, каму менавіта зьбіраліся яны помсцьціць, але, пэўна, што й сёньня працягвае ў многіх жыць бальшавіцкая прапагандыская вэрсія пра прычыны гібелі песьняра ў Маскве ў 42-м годзе.

Тыя ж, хто не паверыў ані ў немцаў-забойцаў, ані ў самазабойства паэта, доўгі час – аж да ўласнае сьмерці – давяралі свае думкі толькі таемным нататнікам. Вось што распавёў мне пад час сёньняшняе імпрэзы вядомы паэт – галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Сяргей Законьнікаў: Сяброў пахавалі,
І мяне не міне.
Забілі Купалу,
Заб'юць і мяне. (Законьнікаў: ) "Такія радкі знайшліся ў нататніках народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Я, прачытаўшы іх, падумаў пра тое, якая бязьлітасная праўда ў гэтых радках – і ў дачыненьні да нашага мінулага, і ў дачыненьні да сёньняшняй рэчаіснасьці. І справа ня толькі ў фізычным зьнішчэньні. Мы ведаем, што ёсьць зьнішчэньне ня толькі фізычнае, але й маральнае.

Але, тым ня менш, Янка Купала як быў, гэтак і застаецца для нас усіх, беларусаў, ня толькі прарокам, але проста тым чалавекам, які ня толькі прадказваў шляхі, па якім трэба йсьці Беларусі, але й нам сёньня, у гэтую цяжкую хвіліну дапамагае выстаяць. І будзем спадзявацца на тое, што Беларусь будзе жыць".

Упэўненасьць Сяргея Законьнікава ў спраўджваньні Купалавага прароцтва пра вольную Беларусь падмацоўвалі дружныя сьпевы ўдзельнікамі імпрэзы вершаў прарока, якія для многіх беларусаў даўно ўжо сталіся нацыянальнымі гімнамі. І чытаньне ля магілы песьняра зусім юнымі выступоўцамі забароненых забойцамі Купалы ягоных твораў: Глядзіце – прадзедавы косьці
У зямлю калісь за вас ляглі
А вы, як збэшчаныя госьці,
Пракляцьцем сталі той зямлі. Пашанотныя імпрэзы пройдуць у Менску і ў дзень нараджэньня Купалы 7 ліпеня. А на радзіме песьняра ў Вязынцы плянуецца вялікае сьвята 9 ліпеня. На яго будуць запрошаныя ўдзельнікі міжнароднае пісьменьніцкае акцыі – "Літ-экспрэсу – 2000", які ў гэты дзень прыбудзе ў Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG