Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў выступіла са справаздачай, у якой пададзеная новая ацэнка наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Паводле ацэнкі ААН, для здароў'я 7 мільёнаў 100 тысячаў чалавек аварыя на ЧАЭС мае вельмі дрэнныя наступствы.

"Выкід рыдыёактыўных рэчываў ў Чарнобылі як мінімум у 100 разоў перавышае Хірасіму і Нагасакі" , - адзначаецца ў 32-старонкавым буклеце пад назовам "Чарнобыль: катастрофа, якая працягваецца".

Непасрэдна ў выніку выбуху 26 красавіка 1986 году загінулі тры чалавекі, 28 супрацоўніка АЭС памерлі ў першыя тры месяцы пасьля катастрофы, - нагадваецца ў справаздачы. Востры выпраменьваючы сіндром быў дыягнаставаны ў 106 удзельнікаў тушэньня пажару.

ААН перакананая, што 600 тысячаў іншых супрацоўнікаў, якія ўзводзілі так званы "саркафаг" над разбураным рэактарам, павінны знаходзіцца пад няспынным кантролем мэдыкаў.

У справаздачы, выдадзенай Дэпартамэнтам у справе каардынацыі гуманітарных праектаў, адзначаныя тры краіны, якія ў выніку Чарнобыля панеслі найбольшыя страты. Гэта – Беларусь, Украіна і Расея. Яны расплочваюцца за катастрофу і сёньня. "Мы ня можам зьнішчыць са сваёй памяці слова "Чарнобвль" – сказаў у прадмове да справаздачы Генэральны Сакратар ААН Кофі Анан. Ён нагадвае, што больш як 7 мільёнаў чалавек штодня церпяць пакуты ў выніку катастрофы.

Генэральны сакратар ААН адзначыў, што дакладная колькасьць ахвяраў ніколі ня будзе вядомая, але 3 мільёны дзяцей патрабуюць увагі, і шмат хто зь іх памруць заўчасна. Колькасьць тых, хто сур'ёзна захварэў, вызначыцца не раней за 2016 год з прычыны запаволеных рэакцыяў на радыёктыўнае выпраменьваньне.

Кофі Анан заўважыў, што першапачатковы сьпіс праграмаў дапамогі пацярпелым ад Чарнобыля, які складаў тры гады таму 60 пазыцыяў, цяпер скарочаны да дзевяці найбольш пільных і неадкладных. Гэтыя праекты прадугледжваюць рэканструкцыю шпіталяў, стварэньне шэрагу цэнтраў дапамогі дзецям, іншую дапамогу, найперш - школам , дзіцячым садкам і шпіталям у Беларусі.

У дачыненьні да Расеі ў праграмах прадугледжаныя вітамінныя пастаўкі ў мэтах умацаваньня імунітэту на выпраменьваньне, ультрагукавыя дасьледаваньні 50 тысячаў дзяцей і стварэньне цэнтраў рэабілітацыі для "ліквідатараў".

На Украіне праграма ААН мае на мэце дапамогу мэдыцыне, аднаўленьне лясоў і навакольнага асяродзьзя, а таксама дасьледаваньні ў справе прадухіленьня шкодных для жыцьця няшчасных выпадкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG