Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Кастусь Бандарук

Камітэт міжнародных зносінаў Палаты Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліў праект рэзалюцыі ў справе Беларусі, прадстаўлены кангрэсмэнам Сэмам Гэйдэнсанам.

Учора пасьля працяглых кансультацыяў Камітэт міжнародных справаў Палаты Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліў рэзалюцыю №304 ў справе Беларусі. Ініцыятарам рэзалюцыі выступіў кангрэсмэн-дэмакрат са штату Канэктыкэт Сэм Гэйдэнсан, якога падтрымалі агулам 130 іншых сябраў Кангрэсу ЗША. Пасьля прыняцьця рэзалюцыі Камітэтам, яна будзе накіраваная на разгляд поўнага складу Палаты Прадстаўнікоў.

Аўтары рэзалюцыі №304 асуджаюць грубыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, заклікаюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаць перамовы з апазыцыяй аб правядзеньні свабодных і справядлівых выбараў і дамагаюцца ад Расейскай Фэдэрацыі перастаць фінансава дапамагаць рэжыму.

Гэйдэнсан, бацькі якога паходзяць зь Беларусі, адзначыў у сваім праекце рэзалюцыі, што Злучаныя Штаты зацікаўленыя ў хуткім вяртаньні Беларусі да дэмакратыі. "Мы маем магчымасьць прапагандаваць амэрыканскія ідэалы і ўжыць нашае маральнае лідэрства для пашырэньня дэмакратыі, павагі да вяршэнства закону і разьвіцьця рынкавай эканомікі ў Беларусі," – заявіў Гэйдансан.

"Акрамя таго, – гаворыцца ў ягонай заяве, – Беларусь займае стратэгічнае месца ў Эўропе. Яна мяжуе на захадзе з сябрам НАТО-Польшчай, а таксама з Украінай на поўдні, Літвою на поўначы і Расеяй на Ўсходзе".

Гэйдансан адзначыў неабходнасьць падтрымкі тых, хто пакутуе ў выніку нелегітымнага кіраваньня прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Ён заклікаў адміністрацыю ЗША прадстаўляць Кангрэсу справаздачу аб сытуацыі ў галіне правоў чалавека, дэмакратычнага працэсу, свабодных выбараў, незалежнасьці СМІ і эканамічнай лібэралізацыі ў Беларусі.

"Беларусь ператварылася ў аўтарытарную, паліцэйскую дзяржаву, ў якой пастаянна парушаюцца правы чалавека, свабода сходаў, згуртаваньняў і доступ да праўдзівай інфармацыі. Палітычныя апанэнты рэжыму знаходзяцца на выгнаньні, зьняволеныя або зьніклі," – сказаў Гэйдансан. Дакумэнт асуджае палітычна матываваныя арышты дысыдэнтаў і патрабуе іх неадкладага вызваленьня. Заклікаецца таксама да расьсьледаваньня выпадкаў зьнікненьня вядомых апазыцыйных лідэраў.

Сэм Гэйдэнсан выказаў занепакоенасьць адмовай Лукашэнкі прыступіць да дыялёгу з апазыцыйнымі партыямі ў Беларусі. "Лукашэнка ужывае тактыку зацягваньня перамоўнага працэсу пад эгідай АБСЭ. Незважаючы на абяцаньні, атмасфэра рэпрэсіяў і страху ў Беларусі выключае ўсякую магчымасьць правядзеньня сёлета свабодных і справядлівых выбараў. Улічваючы гэтае, апазыцыя ўжо заявіла аб сваім байкоце выбараў з прычыны заганнасьці выбарчага закону і таго, што яна ня мае доступу да дзяржаўных СМІ", – заявіў Гэйдансан.

Рэзалюцыя Гэйдэнсана заклікае прэзыдэнта Клінтана падтрымоўваць ў кантактах з Беларусьсю тамтэйшыя незалежныя СМІ, правы чалавека, грамадзянскую супольнасьць і свабоднае паступленьне незалежнай інфармацыі ў Беларусь.

У рэзалюцыі №304 асуджаецца таксама падпісаньне Лукашэнкам ў сьнежні мінулага году саюзнай дамовы з Расейскай Фэдэрацыяй,
якая парушае сувэрэнітэт Беларусі. У дакумэнце ставіцца пад сумнеў легітымнасьць гэтай дамовы, паколькі дэмакратычна абраны Лукашэнка, у мінулым годзе страціў права падпісваць такія дагаворы ад імя дзяржавы.

"Дамова парушае сувэрэнітэт Беларусі і волевыяўленьне беларускага народу" – заявіў Сэм Гэйдэнсан. "Яна была падпісаная нелегітымным прэзыдэнтам і парлямантам", – гаворыцца ў праекце рэзалюцыі і адзначаецца, што дамова пярэчыць мэмарандуму аб гарантыях бясьпекі, падпісанаму прэзыдэнтам Ельцыным ў сьнежні 94-га году ў часе саміту краін-сябраў АБСЭ ў Будапэшце.

І нарэшце, рэзалюцыя за нумарам 304 заклікае прэзыдэнта Клінтана узьняць пытаньне фінансавай падтрымкі лукашэнкаўскага рэжыму з боку расейскага ураду. Гэйдэнсан адзначыў, што фінансавая падтрымка з боку Крамля, ў прыватнасьці зьніжаныя цэны энэрганосьбітаў, дазваляе рэжыму Лукашэнкі ўтрымліваць вялікія паліцэйскія сілы і кантраляваць эканоміку краіны. Дакумэнт заклікае адміністрацыю Клінатан даць перад Кангрэсам справаздачу з канкрэтных крокаў дзеля таго, каб прымусіць урад Расеі перастаць падтрымліваць рэжым Лукашэнкі і адмовіцца ад інтэграцыі з Беларусьсю ў вайсковай галіне.

Праект бяспрэцэдэнтнай рэзалюцыі, прапанаванай кангрэсмэнам Сэмам Гэйдэнсанам і падтрыманай ста трыццацю іншымі кангрэсмэнамі, ужо ўхвалены кмісіяй міжнародных адносінаў і будзе разглядацца Палатай Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў поўным складзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG