Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Аляксандар Лукашук

(эфір 19 лютага)
Адстаўку Сяргея Лінга і прызначэньне Ўладзімера Ярмошына камэнтуе былая старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі Тамара Віньнікава.

(Віньнікава: ) "Сёньняшняя эканамічная сытуацыя ў Беларусі – катастрафічная, і натуральна, што такая зьмена павінна была адбыцца. Я два тыдні таму – у камэнтары газэце "Рабочы" – прадказала, што зьмена ўраду усё ж-ткі адбудзецца.

Але трэба паспрабаваць разгледзець, якая падстава гэтай замены, і чым кіраваўся Лукашэнка, мяняючы ўрад. Тут маглі быць два матывы: альбо эканамічны, альбо палітычны.

Эканамічны стан, сапраўды, вельмі цяжкі. Больш як 2 тысячы прадпрыемстваў у Беларусі – стратныя, у агракомплексе стратных прадпрыемстваў 3З %. Тэмпы росту цэнаў за год склалі 351 %, інфляцыя – у 2 разы большая за заплянаваную. Толькі за першыя 2 месяцы сёлетняга году тэмпы росту цэнаў склалі ўжо 700 % у параўнаньні з пачаткам мінулага году. То бо, становішча катастрафічнае, і трэба было б у большай ступені меркаваць, што Лукашэнка дбае пра эканоміку.

Але я думаю, што Лукашэнка перадусім закладае палітычны падмурак у зьмену ўраду. Бо памылак, зробленых папярэднімі ўрадамі, шмат, а каманда Ярмошына няздольная іх выправіць. Гэта тая ж школа, тыя ж тэхналёгіі, тыя ж кадры. Значыць, хутчэй за ўсё, падстава зьмены ўраду – палітычная. І гэта азначае толькі адно: што разам з выбарамі ў парлямант адбудуццца і прэзыдэнцкія выбары. Я думаю, што выбары будуць спалучаныя, бо краіна ня мае рэсурсаў для правядзеньня дзьвюх выбарчых кампаніяў.

Вось для палітычнай раскладкі гэта якраз цудоўная зьмена, і, бадай, каманда Ўладзімера Ярмошына – адзіная каманда, якая сёньня ў Беларусі ў стане прывесьці другі раз Лукашэнку да ўлады. І калі з гэтага пункту погляду разглядаць лёгіку Лукашэнкі – то гэта цудоўны выбар".

Мы папрасілі Тамару Віньнікаву даць асабістую характарыстыку Ўладзімеру Ярмошыну.

(Віньнікава: ) "Ярмошын больш працаваў у непасрэдным кантакце з прамысловымі прадпрыемствамі. Ён больш, так бы мовіць, "рабочая лашадка". Ён больш знаходзіўся сярод народу, ён лепш ведае сыстэму – а яна вельмі складаная, вельмі цяжкая – ведае недахопы, якія ёсьць у эканоміцы і ў палітычным жыцьці, і з гэтага пункту погляду ягоны вопыт, натуральна, прыдасца.

Зь іншага боку, у яго ёсьць такія рысы характару, як мяккасьць, сьціпласьць. Яны будуць яму моцна перашкаджаць. І толькі
гэтыя рысы характару Ўладзімера Ярмошына якраз і ўлічваюцца Лукашэнкам пры прызначэньні каманды для правядзеньня палітычнай выбарчай кампаніі. Бо менавіта гэтыя якасьці незаменныя пры палітычных тэхналёгіях.

Што да эканамічных пераўтварэньняў, то ўжо першыя дні пакажуць, ці дазволяць Ярмошыну зьмяніць урадавую каманду. Калі так – то гэта прадэманструе заклапочанасьць Лукашэнкі эканамічным станам краіны, калі ж яму не дадуць магчымасьці зьмяніць кадры – то нічога станоўчага ў эканоміцы чакаць беларускаму народу ня варта".

Чаму, на думку Тамары Віньнікавай, выбар прыпаў менавіта на Ярмошына? Што, альбо хто стаіць за такім выбарам?

(Віньнікава: ) "Трэба разумець, што, на жаль, краінай кіруюць кляны, і клянавасьць мае глыбокія карані яшчэ з камуністычных часоў. І, натуральна, за ўладу ідзе пастаянная барацьба. Цяпер гэтую барацьбу можна назіраць сярод трох клянаў: Менскага, Магілеўскага і апазыцыйна-адстаўнога.

Менскі клян выйшаў на першае мейсца таму, што ён выкарыстоўваў мяккую тактыку расстаноўкі кадраў. Яны не выкарыстоўвалі лабавую атаку, як гэта рабіў Магілеўскі клян. Магілеўскі намагаўся вырваць першыя мейсцы: мейсца, скажам, міністра, старшыні камітэту, прычым рабілася гэта ў грубай форме.

Магілёўскі жа клян дзейнічаў мякчэй і тактоўней. Расстаноўку кадраў ён пачаў гады 2-3 таму, і расстаўлялі на 2-3-я ролі, разумеючы, што з часам 2-3-я стануць першымі. Цяпер гэтая тактыка спрацавала.

Я думаю, што Лукашэнка ўсё гэта ведае, і не выпадкова сёньня будзе працаваць гэтая каманда, бо яна для палітыкі якраз вельмі добрая".

Ці не чакае, на думку Тамары Віньнікавай, адстаўленых чыноўнікаў лёс, падобны да лёсу яе самой альбо, напрыклад, Міхаіла Чыгіра?

(Віньнікава: ) "Я думаю, тое, што адбылося са мной, Чыгіром, Лявонавым – выкарыстоўвалася ня больш, чым для запалохваньня ўсіх астатніх. А ў прынцыпе, калі ўзяць падпісаныя дакумэнты, прынятыя рашэньні – так, я сёньня магу сказаць, што яны таксама прыймалі рашэньні, супярэчныя заканадаўству, бо дзеючае заканадаўства не адпавядае сёньняшняму дню, сёньняшнім рэаліям.

Я думаю, іх не спасьцігне такі лёс, як нас з Чыгіром, хаця памылак яны нарабілі ня менш, чым мы…

Сёньня ўвогуле нельга казаць аб тым, што ёсьць нейкія эканамічныя злачынствы: сёньня ў Беларусі ўсе злачынствы – палітычныя. Бо рэжым стварыў такую сыстэму, калі ўсе злачынцы на сёньня . Калі ўзяць любую дзяржаўную газэту, то ўжо на першай старонцы можна ўбачыць: праверылі столькі-та прадпрыемстваў, парушэньняў – 90 %. І гэта штодня. 90 % суб'ектаў, якія працуюць, зьяўляюцца парушальнікамі! Тады трэба казаць пра непаўнавартасьць беларускай нацыі, дзе 90 % ня могуць засвоіць сыстэму падаткаабкладаньня, сыстэму бухгалтарскага ўліку…

Не, гэта рэжым стварыў такую сыстэму, калі ўсе злачынцы, калі кожнага можна запалохаць, на кожнага сабраць кампрамат. Я думаю, лёс будзе прыхільным да іх, бо немагчыма ўсю краіну залічыць у шэрагі злачынцаў. 90 % злачынцаў у краіне быць на можа. Гэта палітычная бразготка, якая адзваніць яшчэ пару гадоў і сыйдзе ў бок".

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG