Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора расейскія сілы ўзьнялі дзяржаўны сьцяг над сталіцай Чачні, а выконваючы абавязкі прэзыдэнта Ўладзімер Пуцін абвесьціў пра ліквідацыю апошніх кропак супраціву ў Заводзкім раёне Грознага. Расейскае камандаваньне паведамляе, што цяпер фэдэральныя сілы будуць перадыслякаваныя у горныя раёны рэспублікі, дзе на працягу апошніх чатырох гадоў чэчэнцы стварылі базы і ўмацаваньні і рыхтуюцца да партызанскай вайны.

Пачну з журналіста нашага радыё Андрэя Бабіцкага, якога таямнічае зьнікненьне і затым супярэчлівыя тлумачэньні расейскіх уладаў добра ілюструюць расейскія дзеяньні ў Чачні. Зькненьне Бабіцкага, які перастаў перадаваць з Чачні ў палове студзеня абмяркоўваецца на найвышэйшым, дзяржаўным узроўні. Белы Дом выказаў занепакоенасьць і абурэньне з гэтай прычыны. Пытаньне лёсу Бабіцкага закраналася ў часе маскоўскіх перамоваў дзяржсакратара ЗША Олбрайт з Уладзімерам Пуціным.

У чацьвер прадстаўнік Крамля Сяргей Ястржэмбскі паведаміў, што Бабіцкі быў абменены на трох расейскіх ваеннапалонных і, такім чынам, знаходзіцца ў руках чэчэнскіх ваяроў. Расейскае тэлебачаньне паказала відэастужку гэтага абмену, аднак невядома калі і дзе гэты фільм быў зьняты. Кіраўнік Фэдэральнай службы бясьпекі Мікалай Патрушаў запэўніў, што Бабіцкі жывы, але не вядома дзе ён знаходзіцца.

Расейская Пракуратура апублікавала позву з патрабаваньнем, каб Бабіцкі зьявіўся ў суд для дачы паказаньняў, інакш будзе арыштаваны. Прэзыдэнт нашага Радыё Томас Дайн выказаў думку, што магчыма расейцы забілі Бабіцкага. У артыкуле пад загалоўкам "Варварства ў Маскве" амэрыканская газэта "Washington Post" выказвае здагадку, што Бабіцкі, магчыма, быў катаваны і ў такім стане расейскія органы ня хочуць яго паказаць. У кожным разе, лічыць газэта, што продажу журналіста ў рукі тых, каго Масква лічыць "бандытамі і тэрарыстамі", павінны былі б саромецца нават савецкія лідэры такія, як Брэжнеў.

У інтэрвію нашаму Радыё прэзыдэнта Чачні Аслан Масхадаў высока ацаніў прфэсыйныя і чалавечыя якасьці Бабіцкага, аднак выказаў сумнеў наконт таго, што абмен Бабіцкага на расейскіх вайскоўцаў наогул меў месца, і што ён не можа быць у чэчэнскіх руках, інакш ён мусіў бы пра гэта ведаць:

(Масхадаў: ) "На жаль, пра лёс Андрэя Бабіцкага мне нічога не вядома. Я шчыра шкадую таго, што здарылася. Хваліць яго я баюся, бо яго назавуць тэрарыстам. Гэта сапраўды чалавек зь вялікай літары, сапраўдны журналіст, які можа сустракацца з расейскімі бабулямі пад руінамі дамоў у Грозным, сустракацца з нашымі ваярамі і з жаўнерамі расейскай арміі. Так што, калі б гэта і было магчымае на дзяржаўным узроўні, я катэгарычна адмовіўсяб ад такога абмену, бо гэта ганьба. Я не магу сёньня цьвердзіць дзе, на якой тэрыторыі ён знаходзіцца. Калі б ён быў у нас, мы гарантавалі б яму бясьпеку. Уся бяда у тым, што мы ня ведаем, дзе ён знаходзіцца. Гэта работа спэцслужбаў. Прыгадайце выпадак з Фрэдам Кюні зь мінулай вайны".

Між тым Масква афіцыйна абвясьціла сваю перамогу ў Грозным. "Мы можам сказаць, што апэрацыя вызваленьня Грознага закончаная," – заявіў Пуцін выступаючы па тэлебачаньні. Намесьнік начальніка гэнеральнага штабу ўзброеных сілаў гэнерал Манілаў заявіў, што зараз ваенная апэрацыя пераносіцца у горныя раёны Аргун і Ведзено.

Згодна агенцтву Інтэрфакс, за мінулыя суткі расейская авіяцыя правяла 60 баявых палётаў. Тэлекампанія НТВ паведаміла, што ўздоўж калідору з Грознага ў горы расейскія сілы забілі каля трохсот чэчэнскіх ваяроў. Расейскі бок цьвердзіць, што на мінным полі ў прыгарадах Грознага загінулі каля 500 чэчэнскіх ваяроў. Аднак галоўнакамандуючы расейскімі сіламі на Каўказе генерал Казанцаў прызнаў, што невялікім групам чэчэнцаў удалося выйсьці з гораду.
Разьведвальныя службы расьсьледуюць чуткі пра тое, што чэчэнскія палявыя камандзёры заплацілі расейскім афіцэрам 100 тысяч даляраў хабару за тое, што выпусьцілі іх з Грознага.

Ацэньваецца, што з 1-га кастрычніка мінулага году, калі фэдэральныя сілы увайшлі у Чачню, каля тысячы расейцаў загінулі і амаль 3,5 тысячы параненыя. Дагэтуль ніхто не палічыў ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва, але праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch цьвердзіць, што як мінімум 22 чалавекі сталі ахвярамі помсты і былі проста растраляныя. "Дадзеныя пацьвярджаюць нашыя найгоршыя засьцярогі" – заявіў супрацоўнік Human Rights Watch Пітэр Боўкарт. Згодна сьведчаньням уцекачоў, расейскія вайскоўцы кідалі гранаты ў склепы і рабавалі дамы.

Расейскае тэлебачаньне паказала Грозны ў руінах, сярод якіх цяжка знайсьці нейкі ацалелы будынак для офісу будучага камэнданта гораду. Мяркуецца, што адбудова Грознага каштавала б як мінімум адзін мільярд даляраў, аднак афіцыйныя расейскія прадстаўнікі выказваюць думку, што горад наогул ня будзе адбудаваны. Ён, хутчэй за ўсё, застанецца сымбалям пакараньня, а не прымірэньня.

Незважаючы на заявы аб пасьпяховым заканчэньні важнага этапу чэчэнскай апэрацыі, расейскае камандаваньне ня мае ілюзыяў, што гэта яшчэ не канец вайны. Масква прызнае, што ў гарах знаходзіцца ад 6-ці да 7-мі тысяч узброеных чэчэнцаў. Учора, прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў заклікаў суайчыньнікаў уступаць у шэрагі партызанаў і працягваць вайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG