Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Рада Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прыняла заяву, у якой выказала рэзкае асуджэньне выпадаў дзяржаўнае тэлевізіі супроць народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.

У парадку дня чарговага паседжаньня рады Зьвязу беларускіх пісьменьнікаў, якое адбылося 27 студзеня, разгляд гэтага пытаньня ня значыўся. Але пасьля таго, як былі вылучаныя кандыдаты на атрыманьне дзяржаўных прэміяў у галіне літаратуры, а таксама літаратурных прэміяў імя Янкі Маўра, Уладзімера Калесьніка, Аркадзя Куляшова, Івана Мележа ды зацьверджаны плян сёлетняе працы Зьвязу пісьменьнікаў, слова папрасіў вядомы беларускі паэт ды грамадзкі дзяяч Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) "Мяне, як і вельмі многіх з творчай інтэлегенцыі Беларусі ня проста ўразіла, але самым непасрэдным чынам абразіла тая перадача (як яна называецца – аналітычная праграма Юрыя Казіяткі "Панарама"), якая ня так даўно выйшла на экраны нашай Беларусі. Я ня буду гаварыць пра нейкія палітычныя матывы, пра нейкія палітычныя рэчы, бо ў рэшце рэшт кожны мае права мець сваю думку пра тое, што адбываецца ў Беларусі, пра тое, што адбываецца ў Расеі, пра тое, што адбываецца ў сьвеце, пра тое, да чаго заклікаюць або ўлады, або нейкія партыі. Гэта права кожнага грамадзяніна, кожнага чалавека мець сваю думку. І тое, што нейкія людзі могуць быць нязгоднымі з Васілём Уладзімеравічам Быкавым, з выдатнейшым нашым пісьменьнікам, з чалавекам, якога мы называем сумленьнем нашага народу, нашай нацыі, я тут ня бачу нічога страшнага. Гаворка ідзе пра тое, што гэтую палітычную палеміку ці дыскусію, трэба весьці, захоўваючы элемэнтарныя правілы прыстойнасьць, будучы элемэнтарна выхаванымі людзьмі.

Бо Быкаў, гэта фігура, сёньня гэта можна ўжо з усёй адказнасьцю сьцьвярджаць, фігура нашай выдатнейшай гісторыі, гэта талент, прызнаны ня толькі прафэсыяналамі, а і ва ўсім сьвеце, і тое, што яго ня хочуць прызнаваць нейкія высокія фігуры ў Беларусі – ну што ж, гэта сьведчыць не пра іх высокі літаратурны густ, не пра іх вялікі розум, гэта сьведчыць пра іх недасьведчанасьць, адсутнасьць у іх узроўню культуры, і яшчэ пра адно – пра поўнае раўнадушша і неразуменьне душы народа, душы беларуса.

Таму вось тое, у якім тоне і якім чынам гаварылася пра Васіля Быкава, паўтараю, мяне глыбока асабіста абразіла. Зноў жа я не патрабую, каб яны цалкам згаджаліся з Васілём Быкавым, але хай яны паслухаюць разумнага чалавека, якому баліць усё, што робіцца ў Беларусі. Хай яны ня слухаюць прыезджых палітычных палкоўнікаў, якім нічога беларускага ня толькі не баліць, а якім нічога беларускае не патрэбна, а можа, нават, і ненавісна".

Генадзь Бураўкін заклікаў калегаў таксама выказаць свае адносіны да хлусьні, якая была выліта з экрану дзяржаўнае тэлевізіі на выдатнага пісьменьніка ды нязломнага грамадзяніна Васіля Быкава. "Бо не даводзіцца ціхенька сядзець ды слухаць недасьведчаных ды малаадукаваных тэлевізійнікаў, якія дазваляюць сабе выкідваць горы бруду на выдатных нацыянальных постацяў", – сказаў ён.

Спадар Бураўкін асабліва падкрэсьліў той факт, што зьнявага гонару нацыянальных асобаў ідзе з экрану дзяржаўнае тэлевізіі – факт, прайгнараваць які рада Зьвязу беларускіх пісьменькаў ня мае права.

Рада Зьвязу пісьменьнікаў падтрымала прапанову Генадзя Бураўкіна ды прыняла адпаведную заяву (прыняла, дарэчы, аднагалосна). Кіраўніцтва рады мае намер надрукаваць тэкст заявы ў дзяржаўных газэтах.

Як сказаў мне спадар Бураўкін, гэта – прынцыповы момант, які будзе яшчэ адным індыкатарам дзяржаўных адносінаў да нацыянальнае культуры ды ейных выбітных асобаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG