Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

(эфір 23 лістапада)
Сёньня ў Пінску адбылася цырымонія адкрыцьця мэмарыяльнае дошкі ў гонар 125-годзьдзя з дня нараджэньня Хаіма Вейцмана, першага прэзыдэнта дзяржавы Ізраіль, выпускніка Пінскае рэальнае вучэльні. На ўрачыстасьць на запрашэньне адміністрацыі Лукашэнкі прыехала дэлегацыя з Ізраіля на чале з гэнэральным дырэктарам адміністрацыі прэзыдэнта гэтае краіны Ар'е Шомэрам.

Тое, што Вейцман – ураджэнец Беларусі, даўно ні для каго не сакрэт (ён нарадзіўся ў вёсцы Моталь Янаўскага раёну Берасьцейскае вобласьці). Як не адкрыцьцё й тое, што ажно пяць былых прэм'ер-міністраў Ізраіля былі выхадцамі зь Беларусі, у тым ліку й славутая Голда Меір (яна жыла нейкі час у тым жа Пінску).

Аднак сёлета ўпершыню за ўсе гады ня толькі савецкае, але й постсавецкае Беларусі ў нашай краіне адзначаюць юбілей высокага дзяржаўнага дзеяча Ізраіля. Чаму трэба было чакаць менавіта 125-годзьдзя Вейцмана, каб нагадаць пра гэту адметнасьць беларускае гісторыі? Такое пытаньне я задала кіраўніку Берасьцейскае вобласьці Ўладзімеру Заламаю.

"Бог яго ведае, – шчыра прызнаўся ён. – Відаць, абставіны былі іншыя, не было спрыяльнага моманту".

Заламай, калі я гутарыла зь ім, знаходзіўся ў Мотальскім музэі народнае творчасьці, чакаючы там ізраільскую дэлегацыю і менскіх чыноўнікаў – у прыватнасьці, намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Івана Пашкевіча. У музеі падрыхтаваная экспазыцыя пра жыцьцё сям'і Вейцманаў у Моталі – у ёй было аж пятнаццаць дзяцей, бацька працаваў лесасплаўшчыкам.

"Мы павінны берагчы памяць пра нашых землякоў, – зазначыў Уладзімер Заламай. – Да прыкладу, у Берасьці да вайны жылі З9 тысячаў чалавек, зь іх 22 тысячы – гэбраі. Амаль усе былі зьнішчаныя. У Моталі, на жаль, таксама не засталося аніводнага гэбрая, а калісьці гэта было гэбрайскае мястэчка".

Здавалася б, можна толькі парадавацца, што, хоць і са спазьненьнем, але ўлады вырашылі палепшыць атмасфэру стасункаў паміж Беларусьсю ды Ізраілем. Але ці выпадае верыць у шчырасьць гэтых намераў?

Узгадаць хаця б апошняе выступленьне Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржаўнай думе Расеі, калі ён на ўвесь сьвет абвясьціў, што зьніклая Тамара Віньнікава была заўважаная на шляху зь Лёндану ў Ізраіль. Так званы "ізраільскі сьлед", дарэчы, навязваўся насельніцтву Беларусі ад самога пачатку зьнікненьня Віньнікавай, – на той падставе, што адзін зь яе падначаленых пераехаў жыць у Ізраіль. Такім чынам, у людзей абуджалі ня самыя лепшыя пачуцьці ў адносінах да гэтае краіны.

Аднак гэта не перашкаджае Лукашэнку гаварыць пра нібыта надзвычай эфэктыўную нацыянальную палітыку ў Беларусі, заігрываць зь ізраільцянамі – ня без надзеі, што, магчыма тыя захочуць укласьці інвэстыцыі ў беларускую эканоміку.

Дзеля гэтага не шкада рабіць і прапагандысцкія кампаніі, узгадваць пра славутых землякоў, – таго ж Хаіма Вейцмана, які памёр у 1952 годзе і пра якога з таго часу на радзіме не ўзгадвалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG