(эфір 22 лістапада)
У мінулыя выхадныя несанкцыянаваныя пікеты супраць саюзнае дамовы адбыліся ў Горадні, Гомелі і Полацку. У полацкім пікеце бралі ўдзел паўтары дзясяткі сябраў полацкае суполкі БНФ. Наглядалі за ім прыблізна столькі ж міліцыянтаў. Гэтым разам ніякіх эксцэсаў пад час правядзеньня пікету ня здарылася. У Наваполацку пікеты пакуль ня ладзіліся, а вось на арганізаваных уладамі сходах працоўных калектываў адназначна падтрымалі праект саюзнае дамовы толькі кіраўнікі гэтых самых калектываў. Бальшыня ж народу сядзела панурыўшы галовы і не галасавала ні "за" ні "супроць" дамовы. Зрэшты былі і такія, хто задаваў арганізатарам сходаў рытарычныя пытаньні. Так выкладчыкі гімназіі і работнікі мясцовай ТЭЦ пыталіся, як можна аб'яднаць дзяржавы з рознымі эканамічнымі ўкладамі. Лекары паліклінікі №1 і работнікі "Паліміру" цікавіліся, чаму ў праекце дамовы няма палажэньня пра тое, што беларускія жаўнеры ня будуць служыць у Расеі. Людзі, нарэшце, дзівіліся, што гэта за дзяржаву хочуць стварыць Лукашэнка зь Ельцыным, дзе ўсе будуць разам і ўсе – неазлежнымі. Згадаем яшчэ адзін факт, які сьведчыць пра стаўленьне простых людзей да інтэграцыйнага завіханьня. Днямі вертыкальная "Новая газета" у рамках абмеркаваньня саюзнае дамовы вырашыла правесьці наўпроставую лінію з чытачамі. Ранейшым часам чытачы цягам наўпроставых лініяў абрывалі тэлефоны, цяпер жа за дзьве гадзіны ў рэдакцыі не было ніводнага званку. Гэтая рэдакцыйная цішыня і сталася своеасаблівым рэзюмэ афіцыйнай вэрсіі аб усенароднай падтрымцы пад час усенароднага абмеркаваньня.