Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 15 лістапада)
Сёньня пачалася рэспубліканская прапагандысцкая акцыя ўладаў у эканоміі энэргіі насельніцтвам. Акцыя прадоўжыцца тыдзень. Яе арганізатары падобным чынам мяркуюць зьмякчыць дэфіцыт у краіне энэргіі і фінансаў.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікоў урадавых структураў журналістам было паведамлена, што распачатая прапагандысцкая акцыя мае, перш за ўсё, эканамічныя прычыны. У прыватнасьці, расейскае акцыянэрнае таварыства "Газпром" працягвае пужаць Беларусь увядзеньнем новых санкцыяў у выглядзе абмежаваных паставак газу. Між тым, фінансавае становішча краіны не дазваляе ёй сёньня своечасова і ў поўным аб'ёме разьлічвацца з пастаўшчыкамі паліва.

З другога боку, як паведаміў намесьнік міністра жыльлёва-камунальнае гаспадаркі Валеры Новак, у сёлетнім бюджэце краіны ўтварылася фінансавая "дзірка", выкліканая няздольнасьцю людзей цалкам плаціць за энэргарэсурсы. Замест 50 адсоткаў, прадугледжаных законам аб бюджэце, грамадзяне Беларусі пагашаюць толькі 20 адсоткаў цаны цяпла й электраэнэргіі. У грашовым вымярэньні фінансавая "дзірка" перавышае зараз 6 трыльёнаў рублёў. Вось чаму, паводле словаў намесьніка старшыні дзяржаўнага Камітэту ў энэргаашчаджэньні Віктара Федасеева, так патрэбна эканомія…

Мяркуецца, што згаданая акцыя будзе ўзмоцнена й выкарыстаньнем іншых захадаў у зьмякчэньні энэргетычнай і фінансавай напружанасьці. Да прыкладу, спадар Федасееў паведаміў, што за кошт выкарыстаньня скарэктаваных сацыяльна-энэргетычных стандартаў, якія розьняцца з санітарнымі нормамі для насельніцтва, дзяржава толькі за першыя адзіннаццаць дзён лістападу з'эканоміла чатыры з паловаю мільёны даляраў.

Такім чынам, зьніжаная тэмпэратура паветра й вады ў кватэрах грамадзянаў з пункту гледжаньня ўладаў мае важкі фінансавы плён. Зрэшты, як вынікае з тлумачэньня чыноўнікаў, такія дзеяньні выкліканыя надзвычайнай сытуацыяй у эканоміцы краіны.

Апроч таго, суб'екты гаспадараньня, якія дагэтуль аплочвалі павышаныя энэргетычныя тарыфы ў параўнанні з насельніцтвам, болей ня ў стане трымаць на сабе цяжкую ношу. Іх рэзэрвы, як падкрэсьлілі прадстаўнікі ўрадавых структураў, вычарпаныя і ня могуць быць нарошчаны без інвэстыцыяў, і найперш замежных. Прынамсі, Усясветны Банк сёньня гатовы прапанаваць Беларусі інвэстыцыі ў сацыяльную сфэру.

Аднак атачэньне Лукашэнкі працягвае лічыць жорсткімі ўмовы гэтага фінансавага інстытуту. Банк, як паскардзіліся журналістам чыноўнікі, прад'яўляе празьмерна жорсткія патрабаваньні. Аднак, як вынікае зь іх жа словаў, альтэрнатывы вонкаваму фінансаваньню Беларусь ужо ў хуткім часе мець ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG