Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 верасьня 1999 г.


Па ранейшаму невядомы лёс Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, якія зьніклі ўначы 16 верасьня. Апошнімі днямі афіцыйныя сродкі масавае інфармацыі распаўсюджваюць зьвесткі пра тое, быццам Ганчар знаходзіцца ў Вільні. Крыніцаю ў такіх паведамленьнях служыць 73-гадовы жыхар Менску Васільчанка. Жонка Віктара Ганчара запатрабавала ад сьледзтва разабрацца са зьвесткамі, якія распаўсюджвае Васільчанка...

"Беларуская ніва" паведаміла, што Ганчара бачыў у Вільні Анатоль Васільчанка, які разам з сынам нібыта езьдзіў у сталіцу Летувы па прыватных справах. Васільчанка, які працуе ў газэце "Частный детектив", сьцьвярджае, што сустрэў Віктара Ганчара разам зь Сямёнам Шарэцкім прыкладна а 13:30 дня ў самым цэнтры Вільні на пляцы Гедыміна.

Анатоль Васільчанка нібыта падыйшоў да Ганчара й задаў яму пытаньне — маўляў, "Як жа так, Віктар Восіпавіч? На Вас у Менску аб'яўлены вышук, а Вы ў Летуве? Як Вы сюды трапілі?" Паводле публікацыі ў "Беларускай ніве", вядомы апазыцыянэр сказаў, што трапіў у Летуву легальным чынам — прыехаў у Вільню на цягніку. Пасьля чаго ён і Шарэцкі нібыта заўсьміхаліся.

Паводле словаў Васільчанкі, Віктар Ганчар таксама сказаў, што ягоная жонка Зінаіда ведае аб тым, што ён знаходзіцца ў Вільні. Супрацоўнік "Частного детектива" заявіў, што гатовы падцьвердзіць свае паказаньні пад любой прысягаю.

Аднак, шчырасьць словаў 73-гадовага Анатоля Васільчанкі выклікае сумнеў. Тым больш, што ў размове з карэспандэнтам "Радыё Свабода" гэты чалавек раптам заявіў, што ня можа паведаміць нам больш інфармацыі, чым напісана ў газэце, і параіў зьвяртацца па дадатковыя зьвесткі ў КГБ (!).

Тым часам супрацоўнікі газэты, дзе Анатоль Васільчанка працуе начальнікам аддзела распаўсюджаньня, сьцьвярджаюць, што яны размаўлялі з сынам Васільчанкі, заслужаным майстрам спорту па гандболе, Алегам Васільчанкам. Алег быццам бы паведаміў, што ў бліжэйшы час ён у Вільню з бацькам ня езьдзіў.

У панядзелак беларуская тэлевізія гісторыю "зьяўленьня" Ганчара ў Летуве падало як адную з самых сэнсацыйных падзеяў дня.

Але абсалютна нельга выключаць, што гэтая сэнсацыя высмактаная з пальца — так, адзін з журналістаў "Частного детектива" сказаў, што Анатоль Васільчанка — чалавек пажылы, мог нешта наблытаць. І таму няварта давяраць таму, што ён кажа.

Зінаіда Ганчар наогул заявіла, што не зьбіраецца камэнтаваць трызьненьні невядома каго. Жонка Віктара Ганчара ўжо перадала сваю афіцыйную заяву з нагоды апублікаванага ў "Беларускай ніве" матэрыялу сьледчаму Менскай гарадзкой пракуратуры, які вядзе пошук яе мужа. У ёй спадарыня Ганчар просіць разабрацца, хто такі Анатоль Васільчанка, чаму ён паведаміў гэтую інфармацыю, і якім чынам Віктар Ганчар мог трапіць у Вільню.

Усе сумневы наконт аб'яўленьня Ганчара ў Летуве мог бы разьвеяць Сямён Шарэцкі... Аднак, мне не ўдалося зь ім зьвязацца — на працягу ўсяго дня віленскі тэлефон Сямёна Шарэцкага маўчаў.

Я зьвязаўся з супрацоўнікмі аддзела палітыкі ўплывовай віленскай газэты "Lietuvos Rytas" і спытаў, ці магчымая сытуацыя, каб Ганчар незаўважна зьявіўся ў Летуве? Летувіскія калегі кажуць, што абсалютна немагчыма, каб Ганчар больш за тыдзень знаходзіўся ў іхнай краіне — і пра гэта не паведаміў аніводны летувіскі сродак масавае інфармацыі. Фігуры Ганчара й Шарэцкага ў Летуве вядомыя і мас-мэдыя надаюць гэтым людзям вялікую ўвагу. Таму, калі б Віктар Ганчар сапраўды зьявіўся ў Вільні — інфармацыя аб гэтым ужо б даўно прасачылася,-- сказалі супрацоўнікі "Lietuvos Rytas".

А пакуль афіцыйная беларуская прэса займаецца спэкуляцыяй вакол зьяўленьня Ганчара ў сталіцы суседняй дзяржавы, маці палітыка Валянціна Ганчар выступіла са зваротам з нагоды зьнікненьня свайго сына. У ім, між іншым, яна піша:

"Я зьвяртаўся да Вас, спадар Лукашэнка. Узгадайце маю дабрыню, прастату й гасьціннасьць у адносінах да Вас. Дапамажыце вярнуць мне сына! (...) Я ўдзячная ўсім за спачуваньне й разуменьне. Я так спадзяюся, што з вашаю дапамогаю, людзі, у маім доме адчыняцца дзьверы, і я зноў пачую родны голас..."

Альгерд Невяроўскі, Менск

Мы зьвязаліся зь Вільняю і зьвярнуліся ў міністэрства нутраных справаў Летувы. Як паведаміла прэс-аташэ гэтае ўстановы, Ёланта Лунявічэне, летувіскія газэты зрабілі перадрук паведамленьня "Беларускай нівы", але...

(Лунявічэне: ) "У Летуве ёсьць такі праваабаронца Стасіс Каўшыніс, які абверг гэтую інфармацыю, і сказаў, што гэтага быць ня можа. Летувіскае міністэрства нутраных справаў ня мае аніякіх зьвестак пра мейсца знаходжаньня Ганчара ў дадзены момант".

На пытаньне, ці зьвярталіся беларускія праваахоўныя ворганы да сваіх летувіскіх калегаў, Ёланта Лунявічэне сказала кароткае "Не".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG