Фінляндыя, нагадаем, зараз старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе. Сёньня мы затэлефанілі ў Гэльсынкі й папрасілі пракамэнтаваць заяву ЭўраЗьвязу спадара Іро Каарынена, загадчыка аддзелу Эўрапейскага Зьвязу ў справах Усходняе Эўропы і Цэнтральнае Азіі. Вось што ён нам паведаміў:
(Каарынен: ) "Некалькі дзён таму мы былі паведамленыя пра зьнікненьне спадара Віктара Ганчара, намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі. Пазаўчора Эўрапейскі Зьвяз правёў паседжаньне ў Брусэлі працоўнае групы ў справах Усходняе Эўропы й Цэнтральнае Азіі, і гэтая група вырашыла апублікаваць заяву ў справе спадара Ганчара. У заяве выказаная глыбокая заклапочанасьць Эўрапейскага Зьвязу зьнікненьнем спадара Ганчара. Эўрапейскі Зьвяз заклікае беларускія ўлады зрабіць усё магчымае каб знайсьці мейсцазнаходжаньне спадара Ганчара й гарантаваць ягоную бясьпеку. Эўрапейскі Зьвяз спадзяецца, што расьсьледваньне прынясе хуткія вынікі. эўрапейскі Зьвяз таксама нагадвае беларускім уладам, што абставіны ранейшых зьнікненьняў спадарыні Тамары Віньнікавай, былой старшыні Нацыянальнага банку, і гэнэрала Юрыя Захаранкі, былога міністра нутраных справаў дагэтуль невядомыя".
(Вядучая: ) "Спадар Каарынен, ці спадзяецеся Вы, што беларускі ўрад неяк адрэагуе на гэты заклік?"
(Каарынен: ) "Яны ўжо адрэагавалі, паведаміўшы дэлегацыю АБСЭ ў Менску, што паліцэйскае расьсьледваньне ўжо распачатае".
(Вядучая: ) "Як Вы мяркуеце ці можа пачацца перамоўны працэс да высьвятленьня лёсу Ганчара?"
(Каарынен: ) "Я лічу й спадзяюся, што гэтая справа павінна быць высьненая як найхутчэй, каб яна не адбілася адмоўна на заплянаваныя перамовы".
вядучая Алена Ціхановіч, Прага