Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 верасьня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Апошнія падзеі ў Маскве застаюцца ў цэнтры ўвагі сродкаў масавае інфармацыі. Паводле дадзеных на 16:00 менскага часу, з-пад рэшткаў будынку на Кашырскай шашы ў Маскве выцягнутыя целы 121 чалавека. Зь іх 12 – дзеці. 23 чалавекі параненыя, 9 знаходзяцца ў маскоўскіх шпіталях.

Рэха выбухаў у Маскве адгукаецца ў камэнтарах палітыкаў і журналістаў, і ня толькі расейскіх. Заходнія камэнтатары адзначаюць, што жыхары Масквы не хаваюць пачуцьця ўласнае неабароненасьці перад магчымымі наступнымі актамі тэрарызму.

"New York Times" сёньня цытуе 51-гадовую Людзьмілу Ягораву, якая, паводле ейных словаў, кожны раз, засынаючы, ня ўпэўненая, ці прачнецца ўраніцу. "А раптам мы будзем наступныя?" – задае яна сама сабе пытаньне, на якое ня мае адказу. Ураніцу ў панядзелак Людзьміла Ягорава пайшла на працу яшчэ ня ведаючы апошніх навінаў, і ўпершыню пачула пра выбух бомбы ад ейных кліентаў ў цырульні, што недалёк ад станцыі метро на Цьвятным бульвары. "Гэта нешта жудаснае, нешта неверагоднае", – кажа Людзьміла Ягорава пра апошні выбух, які цалкам зьнішчыў васьміпавярховы жылы дом на Кашырскай шашы. "І як заўсёды, загінулі абсалютна нявінныя людзі", – дадае спадарыня Ягорава.

"Горш за ўсё, гэта адчуваньне безабароненасьці", – цытуе сёньняшняя "New York Times" масквічку Зінаіду Цішкову, былога інжынэра, якая цяпер працуе ў турыстычнай фірме. "Пасьля першага выбуху падавалася, што гэта, магчыма, вынік аварыі, выпадковасьць. Але цяпер, пасьля яшчэ аднаго выбуху, няма гарантыі, што нешта падобнае не адбудзецца зноў", – кажа Зінаіда Цішкова.

І расейскія, і муніцыпальныя маскоўскія ўлады былі вымушаныя прыняць экстраардынарныя меры, каб прадухіліць верагодныя тэрарыстычныя акты.

Мэрыя ўвяла ў расейскай сталіцы "адмысловы рэжым", што, паводле тлумачэньня мэра Юрыя Лужкова, выявіцца ва ўзмацненьні кантролю за чыгуначнымі ды аўтамабільнымі магістралямі. Лужкоў заявіў і пра перарэгістрацыю наведвальнікаў Масквы ў мэтах высьвятленьня, зь якімі мэтамі той ці іншы чалавек прыехаў у горад.

Пачынаючы з панядзелка, супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў праглядаюць сутарэньні, гарышчы ды іншыя памяшканьні ў жылых будынках Масквы як на ўскрайку, так і ў цэнтры расейскае сталіцы. Дасьледуюцца крамы і офісы. Пад няспынным наглядам знаходзяцца усе станцыі мэтрапалітэну, вакзалы, аэрапорты.

"New York Times" адзначае, што й раней маскоўская міліцыя асаблівым чынам ставілася да асобаў, чый выгляд выяўляў каўкаскае паходжаньне. Але, у бальшыні выпадкаў, супрацоўнікі праваахоўных ворганаў абмяжоўваліся праверкаю дакумэнтаў. Цяпер жа некаторыя прадстаўнікі чачэнскае дыяспары ў Маскве скардзяцца, што баяцца выйсьці на вуліцу. Пры гэтым прадстаўнікі міліцыі афіцыйна заяўляюць, што не падвяргаюць перасьледу прадстаўнікоў этнічных мяншыняў.

Некалькі гадзінаў назад расейскім спэцслужбам удалося даведацца сапраўднае прозьвішча аднае з дзьвюх асобаў, якіх падазраюць у арганізацыі тэрарыстычных актаў ў Маскве. Яшчэ ў панядзелак раніцай былі распаўсюджаныя іхныя фотаробаты, а ўвечары тэлебачаньне паказала й фотаздымкі.

Паводле словаў міністра нутраных справаў Уладзімера Рушайлы, цяпер усе сілавыя структуры кінутыя на затрыманьне гэтых асобаў. Сёньня Барыс Рушайла быў прыняты прэзыдэнтам Ельцыным. Пасьля гэтае сустрэчы ён заявіў, што прычынаю тэрарыстычнага акту на Кашырскай шашы была апэрацыя па зьнішчэньню баявікоў у Кадарскай зоне.

Тым часам у Маскве распачалося паседжаньне Дзяржаўнае думы Расеі. У ім узялі ўдзел міністар абароны Ігар Сяргееў і мэр Масквы Юры Лужкоў. Старшыня камітэту ў справах абароны Дзяржаўнае думы Расеі Раман Папковіч паведаміў, што рыхтуецца праект пастановы аб сытуацыі ў Рэспубліцы Дагэстан, барацьбе з тэрарызмам і першачарговых захадах у справе нацыянальнае бясьпекі Расейскае Фэдэрацыі. Акрамя іншага, праект прадугледжвае вызначэньне статусу Чачэніі ў складзе Расейскае Фэдэрацыі і дадатковыя захады па ўмацаваньні мяжы Расеі ў Каўкаскім рэгіёне. У хуткім часе ў Дзяржаўную думу можа быць унесены й фэдэральны закон "Аб ваенным становішчы".

Ні ў кога няма сумневу, што выбухі ў Маскве – тэрарыстычны акт, аднак вэрсіі выказваюцца розныя.

Кіраўніцтва украінскай арганізацыі УНА-УНСО абвергла інфармацыю, якая прагучала па расейскім тэлеканале "НТВ", што сябры УНА-УНСО маюць дачыненьне да тэрактаў у Маскве.

Пад час прэсавай канфэрэнцыі Юрыя Лужкова на пытаньне, ці не зьвязвае маскоўскі мэр выбухі ў Маскве з падзеямі на Каўказе, Лужкоў адказаў, што галоўная мэта цяпер – змагацца са злачынцамі, а не распальваць міжнацыянальную варожасьць. "Аднак бандытызм – гэта апошнім часам галоўная палітыка Чачэніі", – заявіў Лужкуоў.

Дарэчы, прэзыдэнт Чачэніі Аслан Масхадаў у інтэрвію газэце "Московские новости" заявіў, што калі Расея зноў увойдзе ў Чачэнію, за зброю возьмуцца значна болей людзей, чым раней. Масхадаў назваў бамбаваньне тэрыторыі Чачэніі "сапраўднай агрэсіяй" і падкрэсьліў, што ад гэтага гінуць мірныя людзі, а зусім не баявыя фармаваньні, якія ўдзельнічаюць у дагэстанскім канфлікце. Масхадаў заявіў таксама, што падзеі ў Дагэстане зрабіліся вынікам нутраных праблемаў гэтае рэспублікі й "няўзгодненая палітыка Масквы".

Як адзначае агэнцыя "Reuters", бальшыня расейскіх сродкаў масавае інфармацыі падтрымлівае афіцыйную вэрсію накшталт таго, што выбухі ў Маскве – помста чачэнскіх баявікоў. Аднак, разам з тым, некаторыя газэты выказваюць засьцярогу, што гэтыя падзеі могуць падліць алею ў полымя міжнацыянальнае варожасьці.

Газэта "Новые Известия" адзначае, што моцныя антычачэнскія настроі могуць падштурхнуць улады да больш жорсткай лініі ў дачыненьні да Чачэніі.

Газэта "Трибуна" заўважае, што ня толькі прадстаўнікі старэйшага пакаленьня, але й моладзь пачала выказваць настальгію па сталінскім мэтадзе кіраўніцтва, які, на іхную думку, дазваляў запазьбегчы канфліктаў у шматэтнічнай краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG