Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў Менску працягваюцца канфэдэнцыйныя перамовы паміж прадстаўнікамі місыі АБСЭ й лідэрамі беларускай апазыцыі. Апазыцыянэры настойваюць на тым. каб дэлегацыю на перамовах з уладамі фармаваў не кіраўнік місыі АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік, а Вярхоўны Савет. Гэты сцэнар распрацаваны першым віцэ-сьпікерам Віктарам Ганчаром.

Ініцыятарам сустрэчы выступіў кіраўнік маніторынга-кансультатыўнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік. Галоўная тэма перамоваў — працэдура фармаваньня дэлегацыі ад апазыцыі на перамовы з уладамі. З боку апазыцыі ў сустрэчы бяруць удзел першы віцэ-сьпікер Віктар Ганчар, лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч, лідэр камуністаў Сяргей Калякін, лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч, лідэр прарасейскага руху "Яблоко" Вольга Абрамава, а таксама кіраўнік Нацыянальнага выканаўчага камітэту, намесьнік лідэра сацыял-дэмакратаў Мечыслаў Грыб. На сустрэчу таксама быў запрошаны, але не зьявіўся лідэр Народнае Грамады Мікола Статкевіч.

Пра гэта нашаму радыё паведаміў дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Ўладзімер Нісьцюк. Ён заявіў, што перамовы будуць праходзіць складана, бо "на іх чакаецца сутыкненьне палітычных інтарэсаў. Бакі мусяць дамовіцца адносна працэдуры перамоўнага працэсу паміж уладаю і апазыцыяй". Чые інтарэсы сутыкнуцца на перамовах, спадар Нісьцюк не ўдакладніў.

Лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч паведаміў нашаму радыё, што першы віцэ-сьпікер Віктар Ганчар распрацаваў плян, згодна зь якім менавіта Вярхоўнаму Савету партыі мусяць дэлегаваць паўнамоцтвы на фармаваньне дэлегацыі на перамовы з уладамі. І менавіта Вярхоўны Савет мусіць вызначыць паўнамоцтвы ўдзельнікаў дэлегацыі.

Пад гэтым праектам паставілі свае подпісы Аб'яднаная Грамадзянская партыя, БСДГ (Шушкевіча), "Яблоко" (Абрамавай), камуністы (Калякіна). Беларускі Народны Фронт падпісаў гэты праект з агаворкамі. З агаворкамі паставіў свой подпіс і лідэр Народнай Грамады Мікола Статкевіч, які лічыць, што сацыял-дэмакраты выступаюць за ўдзел Вярхоўнага Савету, але супраць перадачы паўнамоцтваў па вядзеньню перамоваў Вярхоўнаму Савету. Бо ў цяперашняй сытуацыі гэта азначае перадаць паўнамоцтвы першаму віцэ-сьпікеру Віктару Ганчару. А і БНФ, і Народная Грамада маюць да гэтай асобы цалкам абгрунтаваныя, як яны лічаць, прэтэнзыі.

Лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч заявіў, што пад час сёньняшніх перамоваў апазыцыя мусіць прадэманстраваць кіраўніку групы АБСЭ ў Менску Гансу-Георгу Віку кансалідаваную пазыцыю. Станіслаў Багданкевіч яшчэ раз заявіў, што Вярхоўны Савет зьяўляецца легітымным заканадаўчым ворганам Беларусі, і тое, што менавіта ён, а не спадар Вік будзе вызначаць склад дэлегацыі ад апазыцыі — цалкам лягічна й натуральна. Праігнараваць кансалідаваную апазыцыю буйнейшых апазыцыйных партыяў і Вярхоўнага Савету група АБСЭ ня здолее, лічыць Станіслаў Багданкевіч.

Нагадаю, што на кансультацыі, якія папярэднічаюць пачатку дыялёгу, склад дэлегацыі ад апазыцыі раней вызначаў асабіста кіраўнік маніторынга-кансультатыўнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік. У складзе дэлегацыі ад апазыцыі апынуліся малаўплывовыя партыі, а Вярхоўны Савет увогуле ня быў улучаны ў сьпіс удзельнікаў перамоваў.

Зараз сытуацыя мусіць мяняцца. Сымптаматычна, што на сёньняшнія кансультацыі ў АБСЭ ўжо ня быў запрошаны лідэр лібэрал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG