Свабодны беларускі мастак Алесь Пушкін адзначыў сёньня дзень заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў мастацкім пэрфомансам перад будынкам прэзыдэнцкае адміністрацыі ў Менску. Трыццацітрохгадовы мастак зь мястэчка Бобр Крупскага раёну прывёз пад адміністрацыю Лукашэнкі вазок з гноем і віламі, а таксама з выбарчымі й рэфэрэндумнымі плякатамі першага прэзыдэнта. На думку спадара Пушкіна, гэтыя рэчы зьяўляюцца сымбалем тых дабротаў, якія даў беларускаму народу Аляксандар Лукашэнка за пяць гадоў свайго кіраваньня. Неардынарная асоба Алеся Пушкіна ў Беларусі вядомая даўна. Менавіта гэты чалавек быў аўтарам самых скандальных мастацка-палітычных акцыяў напрыканцы 80-х пачатку 90-х гадоў. Варта прыгадаць першае сьвяткаваньне ўгодкаў БНР у Менску ў 1989 годзе. За тое тагачасныя камуністычныя ўлады БССР пакаралі яго па крымінальным артыкуле. Пушкін няспынна арганізоўваў эпатажныя мастацкія акцыі ў Менску, Віцебску й Магілёве. Пры гэтым Алесь Пушкін прызнаны ў Беларусі мастак-манумэнталіст, аўтар выдатных мастацкіх твораў у магілёўскім касьцёле Сьв.Станіслава, Сьвятамікалаеўскай царкве ў Бабры, у санаторыі "Беларусь" у Друскеніках і ў мастацкай школе-інтэрнаце ў Менску. Але пры ўсёй сваёй творчай занятасьці Пушкін заўсёды быў чалавекам грамадзка актыўным. Гэтая актыўнасьць, а таксама вострае пачуцьцё справядлівасьці й прывялі сёньня Алеся да будынку прэзыдэнцкае адміністрацыі. Вось як патлумачыў нашаму радыё перад пачаткам акцыі мэту свайго учынку сам мастак: (Пушкін: ) "Гэта своеасаблівая падзяка першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь за выніковую плённую працу на працягу пяцігадовага выпрацаваўшага тэрміну.
Вось табе цацкі з гною чым мы багаты, што мы нажылі за гэтыя пяць гадоў, тое, што ты самаізаляваў краіну і акрамя гэтага гною ням няма чым, пакуль, ганарыцца пад час твайго праўленьня. Вось вынік усяго, што ты зрабіў". На думку мастака сёньня ўсе людзі лекары, кухары, ахоўнікі ды ўсе іншыя, хто да ўчорашняга дню абслугоўваў чалавека, які быў легітымным прэзыдэнтам Беларусі сёньня мусяць адмовіць Лукашэнку ў аказаньні сваіх паслугаў. Пасьля, яшчэ дадаўшы, на які крок ён ідзе, Пушкін пакаціў свой вазок з гноем да галоўнага пад'езду прэзыдэнцкае адміністрацыі. І як ні дзіўна, але ахова "прэзыдэнцы" на гэты раз асаблівай пільнасьці ня выявіла. І Пушкін у суправаджэньні вялікай групы журналістаў спакойна дакаціў свой "падарунак" да адміністрацыі і вываліў яго на ходнік. Толькі пасьля гэтага зьявіліся два паставых міліцыянты, якія затрымалі мастака. Прыбег і нейкі чын у цывільным, які пачаў угаворваць Пушкіна прыбраць тачку й не засьмечваць горад. Пры гэтым чалавек у цывільным даказваў Алесю, што служыць не ўзурпатару, а Рэспубліцы Беларусь. Мастак, аднак, прыбіраць гной зь віламі й партрэтамі Аляксандра Рыгоравіча адмовіўся. І заявіў, што мае права выказваць сваё стаўленьне да былога кіраўніка дзяржавы, у тым ліку, і чынам мастацкага пэрфомансу. Хвілінаў празь дзесяць да прэзыдэнцкай адміністрацыі пад'ехала выкліканая міліцэйская машына й "ахоўнікі парадку" прымусам запіхнулі ў яе мастака. Алеся Пушкіна даставілі ў бліжэйшы міліцэйскі пастарунак, і ня выключана, што супраць яго можа быць узбуджаная крымінальная справа за хуліганства. А тым часам вазок з надпісам "За пяцігадовую плённую працу" працягваў стаяць каля адміністрацыі. Рабочыя, якія працавалі побач на газоне, хацелі выкарыстаць гэты падарунак прэзыдэнту па наўпроставым прызначэньні дзеля ўгнаеньня глебы, але міліцыянты не дазволілі ім гэтага зрабіць. Гной адвезьлі ў невядомым кірунку, а празь нейкі час ля прэзыдэнцкай адміністрацыі й прылеглага да яе сквэру й Купалаўскага тэатру зьявіліся ўзмоцненыя міліцэйскія нарады. Відаць, дзеля таго, каб аберагчы важны дзяржаўны аб'ект ад іншых наведвальнікаў з вазкамі.