Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня, 21 ліпеня, Аляксандра Лукашэнкі няма ў беларускай сталіцы. Дзень сканчэньня сваіх легітымных паўнамоцтваў ён праводзіць у правінцыі. Сталіца, як і іншыя буйныя і меш буйныя гарады Беларусі, знаходзіцца пад узмоцненым кантролем. У Менску зьявіліся бронетранспарцёры, у іншых гарадох — міліцыя з сабакамі. Нягледзячы на гэта й на намаганьні афіцыйнае прапаганды грамадзяне Беларусі выказваюць сваё разуменьне сэнсу сёньняшняй даты. Што адбываецца на месцы народных гуляньняў у Менску?

17:40 паводле менскага часу й на Кастрычніцкім пляцы насупраць прэзыдэнцкай адміністрацыі, дзе апазыцыя ладзіць народныя гуляньні, ужо выйшла каля дзьвюх тысячаў дэманстрантаў, якія жадаюць праводзіць Аляксандра Лукашэнку з пасады прэзыдэнта. Яны трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі й выгукваюць "Жыве Беларусь!", а таксама антыпрэзыдэнцкія лёзунгі.

Прафэсар Мікола Савіцкі прыйшоў на акцыю зь мятлою: "Мятла — гэта сымбаль чысьціні, мятлою ў Беларусі падмятаюць хату, панадворак, вуліцы — у маёй вёсцы кожны гаспадар падмятаў вуліцу мятлою перад сваёй хатаю — да "другога прышэсьця" бальшавікоў. Я сам з заходняй Беларусі. Ну, а цяпер, у зьвязку з тым, што ў нас няма легітымнае ўлады — трэба гэты бруд, нечыстоты вымесьці...".

На момант выхаду матэрыяла адкрытых сутычак міліцыянтаў з дэманстрантамі пакуль не было. Адміністрацыя прэзыдэнта ахоўваецца ўзмоцненымі нарадамі ОМОНа і міліцыі. У дворыках дамоў, прылеглых да адміністрацыі Лукашэнкі, я налічыў каля 30 міліцэйскіх аўтобусаў. Падыходы да будынку рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі блякаваныя.

Вядома, што шэсьць чалавек ня здолелі патрапіць на народныя гуляньні, бо былі сёньня затрыманыя міліцыяй. Людзьміла Сукач з БНФ, Генадзь Самойленка, Іван Фядчук, Васіль Андрасюк, Вадзім Шчарбінскі са Свабоднага прафзьвязу былі сёньня затрыманыя на менскім вакзале. Яны ехалі ў Менск зь Берасьця.

Актывіст Маладога Фронту Цімох Дранчук, які ўсёж зьявіўся на акцыі, паведаміў, што сёньня яго затрымалі міліцыянты й вывезьлі ў лошыцкім кірунку ў лес: "Мяне пасадзілі ва ЎАЗік чацьвёра міліцыянтаў, завезьлі ў лошыцкім напрамку за 5 кілёмэтраў ад гораду. Ну і там крыху... Некалькі разоў па твары ён стукнуў, некалькі разоў — па нырках..."

На акцыі раздаецца апазыцыйная літаратура, аднак, як паведаміў намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка, на акцыі зьявіліся ўлёткі правакацыйнага зьместу: "забей прэзідэнта!". Аўтарства гэтых улётак Вінцук вячорка прыпісвае КГБ.

Вынікам сёньняшняе акцыі паводле словаў выканаўцы абавязкаў старшыні БНФ Лявона Баршчэўскага мусіць стаць "напамінаньне гэтаму чалавеку й асабліва людзям вакол яго, што зь сёньняшняга дню яны ніхто ў праўных адносінах. Яны толькі, як той казаў, тыя, хто сеў і ўтрымоўваюць уладу. І тое, што сёньня, у летні дзень тут проста народныя гуляньні — гэта зусім ня значыць, што ўвосень гэтыя гуляньні не перарастуць у масавыя забастоўкі й дэманстрацыі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG