Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 чэрвеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня, як і ў папярэднія дні, на станцыю мэтро "Няміга" людзі прыносяць кветкі. Яны ўглядаюцца ў фотаздымкі, у рукапісныя жалобныя тэксты на сьценах. Верагодна, праз дзесяць дзён усяго гэтага тут ня будзе.

На саракавіны плянуецца ўсталяваць мэмарыяльны знак з граніту ды бронзы. Так вырашыў прэзыдэнт яшчэ тады, калі раніцай 31 траўня перашым усклаў кветкі на фатальных прыступках.

Гэты ўваход к мэтро было вырашана ўрэшце рэшт не зачыняць. Да моманту афіцыйнага адкрыцьця мэмарыялу гарадзскія ўлады зьбіраюцца ўваход цалкам ачысьціць, у тым ліку і ад самаробных надпісаў на сьценах. Афіцыйны конкурс на лепшы праект мэмарыяльнага знаку будзе абвешчаны толькі 8 ліпеня, з тым, каб падвесьці ягоныя вынікі ўвосень. Аднак ужо зараз ідзе поўным ходам будаўніцтва часовага знаку, над якім, як паведамляецца ў друку, працуюць таленавітыя скульптары на чале са старшынём Саюзу беларускіх мастакоў Генадзем Буралкіным. Прапанова сэкцыі скульптараў Саюзу даверыць стварэньне мэмарыяльнага знаку свайму калегу Міхаілу Інькову чамусьці не была пачутая.

У Міхаіла Інькова ў тую травеньскую ноч на "Нямізе" загінула дачка Марыя. Зараз ён са сваёй жонкай Нінай і старэйшай дачкой Ганнай зьвяртаецца да сьведкаў катастрофы з просьбай паведаміць усялякія дэталі і дробязі, якія дапамаглі б праліць сьвятло праўды на абставіны трагедыі. Бацькі ніяк ня могуць паверыць, што ў сьмерці любімага чалавека не вінаваты ніхто, як запэўніваюць улады.

Улады вырашаюць, колькі было ахвяраў, што лічыць прычынаю іхняй сьмерці, як шанаваць іхнюю памяць, і каму даваць дазвол на ўшанаваньне.

Прэсавая служба прэзыдэнта паведамляе, што ўчора Лукашэнка прыняў патрыяршага экзарха Беларусі Філарэта. Абмяркоўвалася, як вынікае з паведамленьня, сьвяткаваньне 2000-годзьдзя хрысьціянства. Пра гэта распавядаецца досыць падрабязна, і толькі потым адной фразай гаворыцца пра тое, што Філарэт "перадаў кіраўніку дзяржавы дзеля вывучэньня прапанову беларускай праваслаўнай царквы аб узьвядзеньні капліцы ў гонар сьвятой Троіцы на мейсцы трагедыі". Прапанова, як прынята казаць у такіх выпадках, вывучаецца.

Між тым, дзяржаўны друк зусім мала піша пра падзеі 30 траўня. А "Советская Белоруссия" дык і навогул вырашыла не ўзгадваць сёньня гэтую дату. Хаця за жыцьцё адной зь дзяўчынак, якая трапіла пад прэс шалёнага натоўпу ў той вечар, усё яшчэ змагаюцца менскія лекары.

Але навошта ўспамінаць аб трагедыі альбо аналізаваць ейныя прычыны, калі прэзыдэнт даў ацэнку трагедыі яшчэ ў першы дзень? Калі сем'і загіблых атрымалі якую-ніякую кампэнсацыю ад дзяржавы, а пацярпелыя - мэдычную, і нават, пра што вельмі шмат гаварылася, псыхалягічную дапамогу?

У тым, што менавіта дзяржава вырашае, якім помнікам быць альбо ня быць у краіне, пра каго трэба ўспамінаць і, галоўнае, каму і калі можна гэта рабіць, — бачныя глыбокія карані. Яны ідуць ад савецкага часу, калі кіраўніцтва КПСС вырашала, колькі людзей загінула, напрыклад, у гады вайны, каго з гэтых людзей можна лічыць героямі, каго - ахвярамі, а каго - здраднікамі. Паўсюдна ўзводзіліся пампэзныя манумэнты ў гонар герояў Вялікай Айчынай, а ў лясах ды болотах яшчэ і зараз гніюць парэшткі невядомых салдатаў. Улады таксама - а можа, у першую чаргу, — дагэтуль трымаюць у скакрэце імёны тых, хто быў расстраляны ў Курапатах.

Традыцыі бяспамяцтва працягваюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG