Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

13 красавіка Юліі Чыгір дазволілі спаткацца з мужам. Кандыдат у прэзыдэнты Міхаіл Чыгір ад 30 сакавіка ўтрымваецца ў сьледчым ізалятары на Валадарскага. Яму высунутае абвінавачаньне паводле двух артыкулаў крымінальнага кодэксу — злоўжываньне службовым паўнамоцтвам і невяртаньне крэдыту на 1 мільён даляраў.

Пасьля гадзіннага спатканьня зь Міхаілам Чыгіром 13 красавіка Юлія Чыгір паведаміла нашаму радыё:

(Ю.Чыгір:) «Адчувае ён сябе няблага, ён пачаў вывучаць ангельскую мову. Спатканьні адбываюцца праз шкляную сьцяну, пры ўмовах, што абражаюць чалавечую годнасьць, калі трэба гаварыць у нейкія дзірачкі ў стале... Трэба там пабыць, каб адчуць гэтую атмасфэру. Людзям, якія маюць такі самы статус, што і мой муж — абвінавачваным — дазваляецца бытавая перапіска. І таму яму можна пісаць словы падтрымкі, каханьня і ўсё астатняе...»

Паводле Юліі Чыгір, лісты можна дасылаць на адрас:

220050, Менск-50
вул. Рэвалюцыйная, 3
Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь
сьледчаму Лаўрынюку

На лісьце мусіць быць пазначана: «для Міхаіла Чыгіра». Камэра, дзе ўтрымваецца Чыгір, разьлічаная на чатыры чалавекі, але цяпер там сядзяць трое. Суседзі Чыгіра — быццам бы бізнэсмэны, якія сядзяць за нявернутыя крэдыты. Зроблена гэта для таго, каб размовы зь Міхаілам Чыгіром рухаліся ў патрэбным кірунку, лічыць Юлія Чыгір.

Сам кандыдат у прэзыдэнты дагэтуль адмаўляецца даваць паказаньні сьледчаму Лаўрынюку і падпісваць пратаколы.

Юлія Чыгір дамагаецца, каб ёй далі статус адваката ў справе ейнага мужа. Яна лічыць, што ведае ўсе акалічнасьці справы быццам бы нявернутага Чыгіром крэдыту і здолее гэта даказаць.

Юлія Чыгір паведаміла, што сёньня ў Маскву перапраўленыя паказаньні прадстаўніка канадыйскай фірмы, зь якой падпісваўся кантракт. У гэтых паказаньнях, замацаваных канадыйскім адвакатам, прадстаўнік канадыйскай фірмы пацьвярджае, што да крэдыту на 1 мільён даляраў Чыгір ня мае ніякага дачыненьня. Бліжэйшымі днямі гэтыя паказаньні лягуць на стол сьледчаму Лаўрынюку, але Юлія Чыгір ня ўпэўненая, што гэта можа істотна паўплываць на далейшы лёс Чыгіра.

(Карманаў:) Юлія Станіславаўна, Міхаіл Чыгір будзе ўтрымвацца за кратамі яшчэ як мінімум тры месяцы. Фактычна гэта азначае, што да траўня ён ня выйдзе на волю — да таго моманту, калі будзе галасаваньне па кандыдатуры Міхаіла Чыгіра на прэзыдэнцкіх выбарах. Вы ўчора сустракаліся зь Міхаілам Чыгіром. Ці ўсьведамляе ён гэтую сытуацыю і як ён на яе рэагуе?

(Ю.Чыгір:) «Так, цяпер ён усьведамляе гэта, і, больш таго, я думаю, што ён усьведамляе і тое, што і чатырма месяцамі тэрмін ягонага зьняволеньня ня скончыцца. Ён разумее, што выйдзе адтуль альбо пад ціскам нейкіх палітычных сілаў, міжнароднай супольнасьці, альбо пасьля зьмены кіраўніцтва ў нашай дзяржаве».

Юлія Чыгір паведаміла, што з наступнага тыдня групы падтрымкі кандыдата ў прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра пачынаюць агітацыйныя выезды ў рэгіёны Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG