Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сакавіка 1999 г.


У Менскай вобласьці дэмакратычныя сілы аб'яднанымі намаганьнямі працягваюць арганізоўваць антыфашыстоўскі супраціў. У Барысаве філіі БНФ і "Маладога Фронту" вядуць запіс у адмысловую антыфашыстоўскую дружыну, якая і кампанію ў справе выбараў прэзыдэнта зьбіраецца ўзяць пад сваю абарону ад правакацыяў баркашоўцаў.

Рашэньне аб стварэньні антыфашыстоўскага камітэту было прынята ў мінулую пятніцу, на чарговым сходзе Барысаўскай арганізацыі БНФ, дзе галоўнымі былі два пытангні, якія зьвязаныя паміж сабой. Народафронтаўцам трэба больш актыўна разгортваць збор подпісаў грамадзянаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Зянона Пазьняка, саюзьнікам па дэмакратычным блёку - філіі БСДП "Народная Грамада" і АГП - за Міхаіла Чыгіра. Але ў горадзе і ў вайсковых гарадках вакол Барысава актыўна дзеюць баркашоўцы. Яны пастаянна расклейваюць свае ўлёткі, распаўсюджваюць газэту "Русскій порядок". А таму высьпела неабходнасьць арганізоўваць адмысловую антыфашыстоўскую дружыну, якая абароніць ад правакацыяў панславянскіх экстрэмістаў найперш зборшчыкаў подпісаў.

Зразумела, што падобная дружына навогул неабходная дзеля таго, каб спыніць наступ "карычневых" у Барысаве, якія тут ужо засьвяціліся цягам апошніх двух гадоў, найперш, сваімі антысеміцкімі выхадкамі супраць вучняў і пэдагогаў нядзельнай габрэйскай школы.

Карацей, сход філіі БНФ даручыў непасрэдна займацца стварэньнем дружыны Сяржуку Салашу - лідару мясцовай арганізацыі "Маладога Фронту".

Вось што паведаміў пасьля сходу Сяржук Салаш, які неабходнасьць стварэньня такой дружыны абумовіў і пагрозаю зрошчваньня мясцовых баркашоўцаў з гаркамам БПСМ:

(Салаш:) "Ёсьць інфармацыя, што прадстаўнікі РНЕ зьвярталіся да БПСМ з мэтаю наладзіць кантакт".

На выхадныя дні, паводле дамоўленасьці, да барысаўскіх апазыцыянэраў прыязжаў старшыня Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі. Ён параіў саюзьнікам стварыць ня толькі дружыну, але і, паводле салігорскага прыкладу, рэгіянальны антыфашыстоўскі цэнтр. І паабяцаў дапамагчы ў гэтай справе ўласным удзелам і досьведам.

(Салаш:) "Нам хацелася б, каб нам дапамаглі, і трэба ўсё гэта рабіць разам".

Не было разыходжаньняў і паміж лідарамі Партыі свабоды і барысаўскай філіі сацыял-дэмакратаў адносна стварэньня ў горадзе буйнога антыфашыстоўскага асяродка. Вось меркаваньне кіраўніка філіі БСДП Аляксандра Абрамовіча:

(Абрамовіч:) "Безумоўна, у Барысаве трэба ствараць рэгіянальны антыфашыстоўскі цэнтр".

На сёняшні дзень у мясцовую антыфашыстоўскую дружыну ўжо ўступілі некалькі дзясяткаў чалавек. Запіс працягваецца.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG