Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сакавіка 1999 г.


Восьмы дзень у менскім спэцразьмеркавальніку трымае галадоўку пратэсту Віктар Ганчар — старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, асуджаны 1 сакавіка на 10 сутак арышту. У суботу, 6 сакавіка, да Ганчара было ўжытае прымусовае кармленьне, але ў нядзелю ён аднавіў галадоўку ў камэры.

Начальства спэцразьмеркавальніку не дазваляе Ганчару спаткацца з жонкай Зінаідай, а таксама адмаўляе адвакатам і журналістам у інфармацыі аб стане здароўя Ганчара. Зінаіда Ганчар зьвярнулася ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску з просьбай распачаць крымінальную справу ў сувязі з адмовай ад шпіталізацыі Ганчара кіраўніцтвам спэцразьмеркавальніку, а таксама ў сувязі з выкарыстаньнем псыхатропных сродкаў, якія, на яе думку, былі ўжытыя 6 сакавіка падчас гвалтоўнага і прымусівага вываду Ганчара з галадоўкі. Зінаіда Ганчар патрабуе таксама прызначэньня судова-мэдычнай экспэртызы.

Сёньня ўначы муры спэцразьмеркавальніку, дзе ўтрымваецца старшыня ЦВК, былі размаляваныя лёзунгам «Свабоду Ганчару». А 16 гадзіне паводле менскага часу ля муроў спэцразьмеркавальніку быў затрыманы сябра «Маладога Фронту» непаўналетні Цімафей Дранчук, які трымаў плякат «Свабоду Ганчару». Сп. Дранчук дастаўлены ў Маскоўскі РАЎС Менску.

Сёньня Кнут Волебэк — старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Нарвэгіі — накіраваў на імя Аляксандра Лукашэнкі ліст. У ім, у прыватнасьці, гаворыцца: «Здароўе Ганчара пад пагрозай. Я спадзяюся, што гэта менавіта той выпадак, калі гуманістычныя меркаваньні пераважаюць усе астатнія. У сувязі з гэтым я заклікаю ўжыць тэрміновыя дзеяньні для таго, каб спыніць галадоўку сп. Ганчара шляхам вызваленьня яго з-пад варты».

Кіраўнік маніторынга-кансультацыйнай місіі АБСЭ ў Менску сп. Ганс-Георг Вік у распаўсюджанай сёньня МКМ АБСЭ ў Менску заяве заклікаў «усе бакі да пошуку мірнага ўрэгуляваньня канфліктаў шляхам дыялёгу, а таксама ўстрымацца ад дзеяньняў, што вядуць да канфрантацыі».

Юрась Карманаў, Менск

Мы патэлефанавалі ў Вену, у штаб-кватэру АБСЭ, і пацікавіліся ў прэсавага сакратара АБСЭ Манса Нюбэрга — што робіць гэтая аўтарытэтная арганізацыя ў справе выратаваньня Віктара Ганчара?

(Нюбэрг:) «Пазыцыя АБСЭ ў дачыненьні да затрыманьня сп. Ганчара адназначная. Старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Нарвэгіі Курт Волебэк накіраваў ліст да прэзыдэнта Лукашэнкі, у якім заклікае неадкладна вызваліць сп. Ганчара зь вязьніцы. Акрамя таго, старшыня місіі АБСЭ ў Менску амбасадар Вік зьвярнуўся да беларускага ўраду з просьбаю даць яму магчымасьць наведаць сп. Ганчара, каб мець дакладную інфармацыю пра стан ягонага здароўя. Але да гэтага часу сп. Вік не атрымаў ад беларускіх уладаў ніякага адказу на свой зварот. Гэтую просьбу — наведаць сп. Ганчара ў вязьніцы — сп. Вік падаў 4 сакавіка.

Дарэчы, сп. Вік адсутнічаў у Менску, калі былі затрыманыя 16 сяброў ЦэнтарВыбарКаму, і вярнуўся толькі на пачатку мінулага тыдня. Старшыня АБСЭ цалкам падтрымвае дзеяньні прадстаўніка АБСЭ ў Беларусі ў справе вызваленьня сп. Ганчара».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG