Старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Віктар Ганчар быў гвалтоўна затрыманы і асуджаны на 10 сутак арышту. 30 мільёнаў рублёў штрафу атрымаў сябра Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Генадзь Самойленка.
Паседжаньне Цэнтральнай Выбарчай Камісіі прайшло без старшыні. Віктар Ганчар у 13.30 быў гвалтоўна затрыманы на вуліцы Кісялёва, 5. Сьведкам затрыманьня Ганчара стаў прэсавы сакратар «Хартыі-97» Алег Бябенін, які паведаміў нашаму радыё:
(Бябенін:) «Машына з Ганчаром стаяла каля дома, да яе падыйшлі тры супрацоўнікі міліцыі ў форме і запатрабавалі ад Ганчара выйсьці, каб яго арыштаваць. Але ж ён адмовіўся гэта зрабіць, заблякаваў дзьверы ў машыне і зрабіў спробу ад'ехаць. Тады пад'ехалі міліцэйскія машыны і заблякавалі ягоную BMW з трох бакоў сьпераду, ззаду і збоку і міліцыянт з трох спробаў выбіў бакавую шыбіну, адчыніў дзьверы, і Ганчару заламалі рукі, засадзілі ў гэтую «Волгу» і зьвезьлі. Тамсама побач стаяла машына Ганчара з разьбітай бакавой шыбінай і было шмат супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку гарадзкое міліцэйскае начальства, напрыклад палкоўнік Дрозд. На нашыя пытаньні яны адказваць адмовіліся».
Адразу пасьля гвалтоўнага затрыманьня Ганчара даставілі ў апорны пункт Ленінскага РАЎСу Менску. Тамсама, на месцы, распачаўся закрыты суд. Журналістаў на суд не дапусьцілі.
Судзьдзя Зянькевіч інкрымінавала Ганчару парушэньне артыкулу 167 адміністрацыйнага кодэксу за мінулае паседжаньне ЦВК і вынесла прысуд: 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта сама судзьдзя Зянькевіч заявіла дэпутату Шчукіну.
Як паведамілі міліцыянты, з апорнага пункту Ганчара завезьлі ў спэцразьмеркавальнік на Акрэсьціна.
Пазьней у той самы апорны пункт быў дастаўлены іншы сябар ЦВК Генадзь Самойленка, якому судзьдзя Церашкова вынесла прысуд 30 мільёнаў рублёў штрафу.
Цэнтральная Выбарчая Камісія зрабіла заяву з нагоды затрыманьня Ганчара. Як паведаміў нашаму радыё сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр...
(Гюнтэр:) «ЦВК як кіраўнічы ворган дзяржавы рашуча пратэстуе супраць дзеяньняў уладных структураў. Гэта звычайнае крымінальнае злачынства і падпадае якраз пад крымінальную адказнасьць, і дастаткова моцную. Гэта злоўжываньне службовым становішчам. Гэта дзяржаўнае злачынства».
Адразу пасьля паседжаньня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі ў аўтобусе і рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзыдэнты Чыгіра і Пазьняка ўсе сябры камісіі самі накіраваліся ў Ленінскі суд Менску, паколькі позвы зьявіцца ў суд ім былі ўручаныя яшчэ пасьля мінулага затрыманьня 25 лютага. Такое рашэньне яны матывавалі тым, што, зьявіўшыся самі, яны пазьбегнуць гвалтоўнага затрыманьня.