Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 1999 г.


«Лукашэнкава Імпэрыя Абсурду». Артыкул пад такім загалоўкам надрукаваны ў сёньняшнім нумары нямецкай газэты Handelsblatt. Ягоны аўтар - карэспандэнт газэты Маркус Цынэр.

Тавары прыгожа расстаўленыя на паліцах у шыкоўным экспазыцыйным салёне адміністрацыйнага будынку: жаночыя торбачкі, партфэлі, скураныя скрынкі - усё гэта - новая прадукцыя фірмы Галянтэя, - пачынаецца артыкул у газэце Handelsblatt. Марыя Карнавухава, дырэктар Менскай фабрыкі скураной галянтэрэі яшчэ можа прыпомніць усе вырабы з шырокага асартымэнту. Аднак сёлета новых вырабаў можа стаць аж занадта многа.

У 1999 годзе плянуецца пачаць выпуск як найменш 30-ці новых вырабаў - і ўсё гэта пад непазьбежным жыцьцёвым прымусам. Рэч у тым, што сёньня акупляецца вырабляць толькі новыя тавары, калькуляцыя на якія налічаецца нанова. Бо павышаць цэны на старыя тавары, паводле прэзыдэнтавага дэкрету можна толькі ў межах 3-4%, што для любой вытворчасьці азначае эканамічнае самагубства. Вось жа, абсурдная на першы погляд эканамічная палітыка мае нечаканыя пазытыўныя наступствы - спрыяе творчасьці дызайнэраў.

Наагул, прадпрымальнікі, якія хочуць утрымацца ў Беларусі, вымушаныя займацца не абы-якім штукарствам. На беларускі рубель за емжамі краіны ніхто нават глядзець ня хоча. Што да магчымасьцяў абмену валюты, дык у Беларусі існуе ці не чатыры розныя абменныя курсы. Той, каму патрэбная валюта, мусіць увесь час дамагацца розных дазволаў, або шукаць розных вакольных шляхоў.

Аднак аднаго толькі ўмельства й спрыты звычайнаму грамадзяніну Беларусі бывае мала. Бо палітыка дзяржаўнага субсыдыяваньня і кантраляваньня цэнаў маюць сваім вынікам узьнікненьне дэфіцыту тавараў. І калі нехта ў краме захоча пакласьці сабе ў кошык больш чым лічыцца патрэбным - яму даводзіцца адчуць на сабе ўсю сілу народнага гневу. Сыстэма сацыяльнага кантролю працуе бясхібна - гнеў скіроўваецца на «ненасытных» грамадзянаў, а не на тых, хто сапраўды вінаваты ў гэтай зьяве.

Далей у сваім артыкуле карэспандэнт газэты Handelsblatt Маркус Цынэр зварачае ўвагу на зьнешнія ўмовы існаваньня «Імпэрыі асбурду».

Лукашэнка, які ня здолеў забясьпечыць свайму народу дабрабыту, усё больш і больш спрабуе дамагчыся посьпеху на палітычным полі. Нядаўна ў Менск вярнуліся амбасадары заходніх краінаў, якія былі зьехалі на знак пратэсту супраць іхнага высяленьня з рэзыдэнцыі ў Драздох. Лукашэнка сьвяткаваў у сувязі з гэтым маўклівы трыумф. Сустракаць амбасадараў на лётнішча не прыехаў ніводзін афіцыйны беларускі ўрадовец.

Аднак за гэткую дэманстрацыю сілы даводзіцца плаціць высокую палітычную цану. На сёньняшні дзень афіцыйныя кантакты на ўзроўні міністраў з краінамі Эўрапейскага Зьвязу застаюцца замарожаныя. Пра гэта шчыра шкадуюць шмат якія нямецкія бізнэсоўцы, уваччу якіх Беларусь усё далей спаўзае ў прорву самаізаляцыі. Падобнай думкі трымаецца і старшыня кансультацыйна-маніторынгавай групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік. Ён лічыць, што рэзкая рэакцыя Захаду яшчэ больш штурхае Менск у абдымкі Расеі. Палітызаваны патрыятызм Лукашэнкі, ягоныя сацыялістычныя мэтады гаспадараньня і безразборлівасьць пры барацьбе за захаваньне ўлады Маскву, у адрозьненьне ад Захаду, зусім не палохаюць. Невыпадкова свой першы візыт новы расейскі Прэм'ер Прымакоў зрабіў менавіта ў Менск.Бо Лукашэнка, аматар патасу й шырокіх жэстаў, увасабляе для шматлікіх расейцаў іх даўнія імпэрыялістычныя мары. Як кіраўнік «Славянскага Саюзу» ён ужо ўяўляе сябе будучым уладаром Расеі, Украіны й Беларусі.

І хоць гэткія Лукашэнкавы мроі не палохаюць нават самых патрыятычных расейцаў, усё ж кансэрватары ў Маскве ўжо адчулі небясьпеку, якую нясе ў сабе харызматычны начальнік зь Менску. Таму сёньня іхны стратэгічны лёзунг гучыць так - сьціснуць Лукашэнку ў братніх абдымках так, каб яму заняло дух.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG