Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня пачаўся візыт у Менск місіі Міжнароднага Валютнага Фонду. Прадстаўнікі гэтай міжнароднай фінансавай арганізацыі працягнуць тут вывучэньне магчымасьцяў прадастаўленьня Беларусі «кампэнсацыйнага» крэдыту.

Сёньня ў другой палове дня з Вашынгтону ў Менск прыбыло пяцёра прадстаўнікоў МВФ на чале з памочнікам дырэктара II-га эўрапейскага ўпраўленьня Томасам Вулфам.

Як паведамілі нашаму радыё ў менскім прадстаўніцтве фонду, госьці маюць за мэту вывучэньне тут двух пытаньняў. Па-першае, будзе разгледжанае выкананьне беларускім бокам дамоўленасьцяў зь Міжнародным Валютным Фондам па ўмовах прадастаўленьня ім «кампэнсацыйнага» крэдыту. Па-другое, місія азнаёміцца зь бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкай Беларусі на 1999 год.

Няма сумневу, што для прадстаўнікоў МВФ гэтыя два пытаньні маюць цесную ўзаемасувязь. Узаемасувязь у тым пляне, што канчатковае рашэньне аб выдзяленьні Менску фінансавай дапамогі або адмове ў ёй фонд будзе рабіць на падставе комплекснай высновы аб стане эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Нагадаю, што тэма кампэнсацыйнага крэдыту МВФ для Беларусі як ахвяры расейскага эканамічнага крызысу ўпершыню была агучаная ў кастрычніку летась. Пасьля гэтага двойчы - у лістападзе й сьнежні - Менск наведвалі прадстаўнікі фонду. Такім чынам, цяперашняя місія - трэцяя па ліку.

Падчас сваіх папярэдніх візытаў экспэрты МВФ на чале з Томасам Вулфам склалі зь беларускім бокам праграму супрацоўніцтва. У гэтай праграме фонд паставіў умовы, якім павінна адпавядаць эканоміка Беларусі для станоўчага вырашэньня пытаньня з кампэнсацыйным крэдытам. Асаблівая ўвага прадстаўнікоў МВФ была зьвернутая на фінансавую палітыку афіцыйнага Менску.

Папярэднія місіі Міжнароднага Валютнага Фонду найперш дамагаліся зьмены эканамічнага курсу Нацыянальнага Банку Беларусі. Ці пайшоў НацБанк насустрач гэтым дамаганьням напярэдадні цяперашняга візыту МВФ? Гаворыць начальнік упраўленьня інфармацыі галоўнай банкаўскай установы краіны Анатоль Драздоў:

(Драздоў:) «Асноўныя прэтэнзіі датычылі валютнага рэгуляваньня. Але ж мы лібэралізавалі гэты рынак. На мінулым тыдні Нацыянальны Банк прыняў рашэньне аб тым, што цяпер беларускія прадпрыемствы і беларускія банкі могуць купляць і прадаваць валюту паводле свабоднага курсу ў любых сумах і без усялякіх абмежаваньняў».

Паводле словаў сп. Драздова, кіраўніцтва Нацыянальнага Банку на пэрспэктыву перамоваў уладаў Беларусі і прадстаўнікоў Міжнароднага Валютнага Фонду глядзіць аптымістычна. Дарэчы, начальнік упраўленьня НацБанку паведаміў таксама, што напрыканцы мінулага тыдня вылецеў у Вашынгтон і з учорашняга дня знаходзіцца ў штаб-кватэры МВФ галоўны банкір краіны Пятро Пракаповіч. Ён, паводле словаў сп. Драздова, прабудзе там да канца бягучага тыдня і мяркуе сустрэцца з кіраўніцтвам фонду.

Прадстаўнік НацБанку падкрэсьліў, што перамовы ў Вашынгтоне маюць канфідэнцыйны характар і пра іх зьмест, магчыма, стане вядома толькі пасьля вяртаньня ў Менск Пятра Пракаповіча.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ініцыятыва вашынгтонскага візыту сп. Пракаповіча належала беларускаму боку, а менавіта - Аляксандру Лукашэнку, які адкамандзіраваў старшыню НацБанку ў цэнтральную сядзібу МВФ, каб у Вашынгтоне зь першых вуснаў атрымаць інфармацыю наконт верагоднасьці атрыманьня Беларусьсю кампэнсацыйнага крэдыту. Рэч у тым, што беларускія ўлады апынуліся цяпер у досыць пікантным становішчы. З аднаго боку, ім вельмі карціць атрымаць крэдыт Міжнароднага Валютнага Фонду, памер якога можа дасягнуць 100 мільёнаў даляраў. Але, з другога боку, гэты крэдытны «пернік» для каманды Аляксандра Лукашэнкі мае дарагі кошт. Афіцыйны Менск павінен адмовіцца ад уласьцівай яму адміністрацыйна-каманднай палітыкі на карысьць лібэральна-рынкавых мэтадаў кіраваньня.

Відавочна, што ў выпадку нэгатыўнага рашэньня МВФ у справе кампэнсацыйнага крэдыту беларускія ўлады разьлічваюць як найхутчэй вярнуцца на ранейшы эканамічны шлях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG