Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Падобна на тое, што Кангрэс Дэмакратычных Сілаў Беларусі можа стаць пэўнай вяхою для кансалідацыі гэтых сілаў. Рэальны мэханізм працэсу аб'яднаньня закладзены ў рэзалюцыю форуму пад назовам «Аб стварэньні Каардынацыйнай Рады Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі».

У панядзелак 18 студзеня адбылося чарговае паседжаньне арганізацыйнага камітэту Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі. Ягоныя ўдзельнікі разгледзелі праекты шэрагу рэзалюцыяў, якія мяркуецца прыняць на гэтым форуме. З усіх дакумэнтаў найбольшую цікавасьць выклікае той, што мае назоў «Аб стварэньні Каардынацыйнай Рады Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі». Ягоная галоўная каштоўнасьць сябрам аргкамітэту бачыцца ў тым, што тут прапаноўваецца рэальны мэханізм аб'яднаньня антытаталітарных сілаў у нашай краіне. Мяркуецца, што падчас кангрэсу будзе створаная Каардынацыйная Рада Кангрэсу. Адначасова будзе прынятая плятформа дзеяньняў усіх дэмакратычных сілаў. Адказнасьць за яе выкананьне і бярэ на сябе Каардынацыйная Рада.

З такім варыянтам дзеяньняў згодныя Беларускі Народны Фронт, Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя «Народная Грамада», Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада. Яны і ўнесьлі супольны праект рэзалюцыі. Падтрымала яго і Аб'яднаная Грамадзянская Партыя.

Такім чынам, зьяўляецца магчымасьць стварэньня воргану, які б каардынаваў гэты надзвычай важны працэс - аб'ядноўваў бы агульныя намаганьні.

Статут Каардынацыйнай Рады распрацоўвае аргкамітэт кангрэсу. Ягоныя сябры 18 студзеня знайшлі згоду. Цяпер лёс новага воргану будзе залежаць ад пазыцыі дэлегатаў кангрэсу. Дарэчы, іхнае абраньне працягваецца. Прозьвішчы большай паловы дэлегатаў ужо вядомыя.

З усіх праектаў дакумэнтаў, якія разглядаліся 18 студзеня, праблемы ўзьніклі з двума. На дапрацоўку скіраваная плятформа дзеяньняў дэмакратычных сілаў, а рэзалюцыю аб стаўленьні да выбараў мяркуецца разгледзець на чарговым паседжаньні. Рэч у тым, што сябры аргкамітэту хацелі б ведаць і пазыцыю партыяў у пытаньні выбараў, а яе пакуль выпрацавалі яшчэ ня ўсе. У прыватнасьці лідэр Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч паведаміў удзельнікам паседжаньня, што ЦК партыі прыме адпаведнае рашэньне ў суботу 23 студзеня. У гэты самы дзень адбудзецца і паседжаньне Нацыянальнага Камітэту Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, на якім таксама вызначыцца стаўленьне лібэралаў да выбараў.

Старшыня аргкамітэту кангрэсу, які адбудзецца 29-30 студзеня, Генадзь Карпенка паведаміў, што ў арганізацыйны камітэт паступае мноства лістоў, званкоў, прапановаў з рэгіёнаў. Іхныя аўтары просяць пашырыць парадак дня, улічыць іхныя заўвагі пры падрыхтоўцы дакумэнтаў, называюць важнейшыя, на іх погляд, моманты палітычнага жыцьця, якія абавязкова неабходна абмеркаваць на кангрэсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG