Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1998 г.


Віталь Тарас, Прага

Паводле сусьветнага рэйтынгу арганізацыі Freedom Housе*, Беларусь па выніках 1998 году аднесеная да ліку несвабодных краінаў.

У разьдзеле дакладу Freedom Housе пад назвай «Рэгіянальныя тэндэнцыі» гаворыцца наступнае: "У Заходняй Эўропе дэмакратыя й свабода дамінуюць. Заходняя Эўропа застаецца найбольш дэмакратычным рэгіёнам у сьвеце. Тут прадстаўленыя 24 дэмакратычныя дзяржавы, альбо ўсе 100% дзяржаваў гэтага рэгіёну. Дэмакратыя пераважае і на Амэрыканскім кантынэнце, дзе палітычныя сыстэмы ў 31 краіне зьяўляюцца дэмакратычнымі, 35 краінаў знаходзяцца на шляху да дэмакратыі і толькі адна краіна – Куба – застаецца несвабодная.

У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, а таксама ў рэспубліках былога СССР усё больш яўнымі становяцца адрозьненьні паміж рэгіёнамі. У Цэнтральнай і часткова Усходняй Эўропе, улучна з балтыйскімі дзяржавамі, дэмакратыя й свабода пераважаюць, пры гэтым асабліва значны прагрэс тут можна назіраць у стварэньні свабоднай рынкавай эканомікі. Аднак, у былых савецкіх рэспубліках рух у накірунку да адкрытага грамадзтва запаволіўся альбо спыніўся. Увогуле, 19 з 27 посткамуністычных краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, а таксама рэспублік былога СССР зьяўляюцца дэмакратычнымі. Дзесяць краінаў – свабодныя, 11 – часткова свабодныя і шэсць – несвабодныя. З 12 былых савецкіх рэспублік – сюды не ўваходзяцы краіны Балтыі – сем краінаў зьяўляюцца часткова свабоднымі і пяць — несвабоднымі.

З 53 краінаў Афрыкі 9, а гэта складае 17% усіх афрыканскіх краінаў – свабодныя, 21 краіна альбо 40% – часткова свабодныя, і 23 краіны – несвабодныя, што складае 43%. Толькі 17 афрыканскіх краінаў – менш як траціна агульнай колькасьці – зьяўляюцца дэмакратычнымі.

У Азіі 19 з 38 краінаў – а гэта 50% – свабодныя, 9 – часткова свабодныя і 10 альбо 26% азіяцкіх краінаў – несвабодныя. Першае месца сярод несвабодных краінаў займае Кітай – адна з найбольш густанаселеных краінаў сьвету, якая нясе пагрозу суседзям у сваім рэгіёне. Нягледзячы на прысутнасьць Кітаю ды ягоную рыторыку наконт «азіяцкіх каштоўнасьцяў» у 24 краінах рэгіёну, а гэта 63% іхнай колькасьці, ёсьць парлямэнцкая дэмакратыя.

З 11 краінаў Блізкага Ўсходу адна свабодная – гэта Ізраіль. Тры краіны ў рэгіёне – Турцыя, Ярданія й Кувэйт – часткова свабодныя, а астатнія – несвабодныя. Толькі Ізраіль і Турцыя прадстаўляюць дэмакратыю ў гэтым рэгіёне.

Паводле ацэнак арганізацыі Freedom Housе, Рэспубліка Беларусь уваходзіць у лік несвабодных краінаў. Паводле рэйтынгу па выніках 1998 году Беларусь набрала 6 балаў у катэгорыі «палітычныя правы» і столькі ж у катэгорыі «грамадзянскія свабоды» пры максімальнай колькасьці адмоўных балаў 7. 6 балаў у абедзьвюх катэгорыях сёлета таксама набралі, напрыклад, Ангола, Камбоджа й Іран. Кітай, маючы адзнаку 6 у галіне грамадзянскіх свабодаў, крыху "апярэдзіў" Беларусь у катэгорыі палітычных правоў: ён атрымаў сёлета 7 балаў. Па 7 балаў у абедзьвюх катэгорыях набралі толькі Афганістан, Куба, Туркмэністан, Лібія ды яшчэ некалькі афрыканскіх краінаў. З краінаў СНГ Азэрбайджан мае такую самую адзнаку, як Беларусь, у галіне палітычных правоў, але ён мае "чацьвёрку" ў галіне грамадзянскіх свабодаў. Дзьве чацьвёркі атрымала Расея, тройку напалам з чацьвёркай – Украіна. Лішне казаць, што астатнія суседзі Беларусі – Латвія, Літва й Польшча – маюць непараўнальна больш высокія рэйтынгі.

Такім чынам, паводле сярэдняга рэйтынгу Freedom Housе, Беларусь мае адзнаку 6 і знаходзіцца ў адной групе несвабодных дзяржаваў з Анголай, Брунэем, Камбоджай, Камэрунам, Конга (Бразавіль), Эгіптам, Гамбіяй, Іранам, Нігерам, Аманам, Таджыкістанам і Югаславіяй. Найвышэйшую адзнаку – 1 – атрымалі па выніках 1998 году, сярод іншых, Аўстралія, Аўстрыя, Данія, Канада, Кіпр, Фінляндыя, Маршалавыя астравы, Нарвэгія, Швэцыя, Швэйцарыя, Тувалу і ЗША.

______________________
* Некамэрцыйная арганізацыя Freedom Housе, якая была заснаваная ў Вашынгтоне ў 1941 годзе з мэтай падтрымкі дэмакратыі, правоў чалавека й рынкавых рэформаў ва ўсім сьвеце, штогод публікуе вынікі дасьледаваньняў у галіне тэндэнцыяў разьвіцьця свабоды ў розных рэгіёнах і краінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG