Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычыны няўдачаў беларускае баскэтбольнае зборнай, акалічнасьці буйное перамогі нацыянальнае футбольнае каманды, найбольшая спартовая сэнсацыя стагодзьдзя па-амэрыканску


Прычыны няўдачаў беларускае баскэтбольнае зборнай,
акалічнасьці буйное перамогі нацыянальнае футбольнае каманды,
найбольшая спартовая сэнсацыя стагодзьдзя па-амэрыканску

(эфір 27 Лютага 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У чарговым выпуску нашае спартовае праграмы вы пачуеце:
– пра прычыны няўдачаў беларускае баскэтбольнае зборнай і
– некаторыя акалічнасьці буйное перамогі нацыянальнае футбольнае каманды,
а таксама
– што амэрыканцы называюць найбольшай спартовай сэнсацыяй стагодзьдзя.

(Цыганкоў: ) “У мінулую сераду баскэтбольная зборная Беларусі прайграла чарговы матч адборнага цыклю чэмпіянату Эўропы. У менскім Палацы спорту на вачох перапоўненых трыбунаў беларусы саступілі зборнай Эстоніі 15 ачкоў – 66-81. Такім чынам, нацыянальная зборная нашае краіны прайграла ўсе чатыры першыя матчы ў гэтым спаборніцтве і ўжо на старце турніру фактычна страціла рэальныя шанцы пераадолець адборны бар’ер.

Баскэтбольным заўзятарам Беларусі ўсьведамляць гэта асабліва балюча, паколькі яшчэ некалькі гадоў таму, у 1994-м, гульцы, якія складаюць аснову цяперашняе нацыянальнае зборнай, сталі чэмпіёнамі Эўропы сярод маладзёвых каманд. Гэта быў, бадай, самы гучны й сэнсацыйны посьпех беларускага баскэтболу. Што ж здарылася з тымі атлетамі? Чаму, перайшоўшы на дарослы ровень, яны развучыліся перамагаць? З гэтага пытаньня пачалася наша размова са спартовым аглядальнікам газэты “Свободные новости” Сяргеям Аляхновічам”.

(Аляхновіч: ) “Яны не развучыліся гуляць, як мне здаецца, яны засталіся на сваім тым маладзёвым роўні. Яны не прыбавілі майстэрства за гэтыя амаль шэсьць гадоў. Яно, канешне, нідзе не падзелася. Але галоўную прычыну я бачу ў тым, што ў нас у Беларусі няма моцнага, добрага чэмпіянату.

Напрыклад, апошні матч з эстонцамі. Вельмі добрая ў прыбалтаў згулянасьць. Без Марціна Мююрсэта, які, дарэчы, у свой час адгуляў два з паловаю сэзоны ў Нацыянальнай Баскэтбольнай Асацыяцыі, выступае каманда “Калеў”. Баскэтбалісты разумеюць адзін аднаго з паўслову. У нас людзі выступаюць у Расеі, у Італіі, у Польшчы, Турцыі, дзе практыкуюцца розныя трэнэрскія задумкі, розныя погляды на самую гульню. Таму, за гэтыя тры-чатыры дні, калі зборная зьбіраецца перад чарговай сустрэчаю, яны ня могуць наладзіць тыя сувязі, якія існавалі, калі гэтыя хлопцы гулялі ў 93-94-м гадох у Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “У гэтай апошняй гульні з эстонцамі было асабліва бачна, што беларуская каманда будуе сваю тактыку, разьлічваючы пераважна на цэнтравога Аляксандра Куля. Але ён занадта браў гульню на сабе, і губляў у выніку мячы. Я хачу спытаць, можа спадзяваньні на гэтых двох-трох лідэраў неапраўданыя? Можа, яны не такія ўжо й зоркі? Усе мы разьлічвалі, што Куль і Мешчаракоў будуць гуляць у NBA. Але іх туды не ўзялі. Не пашэнціла ці яшчэ не дарасьлі?”

(Аляхновіч: ) “Я лічу, што яны да NBA не дарасьлі. Не аб тым рэч, што яны не патрапілі туды – галоўнае, аніводзін клюб ня быў зацікаўлены ў тым, каб іх паставіць на драфт. Відаць, не такія яны ўжо моцныя, каб нам бы гэтага хацелася. Мне задаецца, у Амэрыцы людзі ўмеюць лічыць грошы й разумеюць, зь якога баскэтбаліста можа выйсьці толк, а зь якога – не. Нажаль, нашыя хлопцы – ані Куль, ані Мешчаракоў, ані Крыванос – гэтых вось авансаў, якія ім выдаваліся на радзіме, у Амэрыцы ня спраўдзілі”.

(Цыганкоў: ) “У беларускай зборнай кожны год здараюцца нейкія праблемы са скліканьнем лепшых гульцоў на адказныя матчы. Ці былі зараз у камандзе ўсе лепшыя?”

(Аляхновіч: ) “Зараз у ЗША выступаюць чатыры нашыя хлопцы за ўнівэрсытэцкія каманды. Вельмі неблагую прэсу маюць Мікалай Аляксеяў з “Бафала” і яшчэ лепшую – Алег Кажанец з “Паўночнай Караліны”, які ў вапошніх сустрэчах заўсёды набірае 16-20 ачкоў. Іншае пытаньне, што іх – ці з-за фінансавых цяжкасьцяў, ці з-за нейкіх іншых прычынаў – не запрашаюць.

Іншы прыклад. Аднаклюбнік Руслана Байдакова з маскоўскага “Дынама” Дзьмітры Кузьмін ня быў запрошаны на гэтую сустрэчу, бо ў яго ўжо які год існуюць праблемы з выездам за мяжу. Іначай кажучы, яму проста ня могуць зрабіць пашпарт, каб чалавек мог выехаць на міжнародныя афіцыйныя спаборніцтвы за мяжу Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “А калі ўвогуле гаварыць пра разьвіцьцё баскэтболу ў краіне. Няўдачы зборнай – гэта выпадковасьць ці заканамернасьць?”

(Аляхновіч: ) “Нельга сказаць, што баскэтбол Беларусі знаходзіцца ў нейкім заняпадзе. Ёсьць нядрэнныя хлопцы, якія выступаюць і ў нашых клюбах у нацыянальным чэмпіянаце. Шкада толькі, што гэтыя баскэтбалісты, якія калісьці сталі чэмпіёнамі Эўропы сярод маладзёвых камандаў, цяпер, дасягнуўшы даволі сталага веку, ня могуць ня тое што выйграць нейкі турнір, а нават адзін двубой. Вядома, можна было Чэхію абгуляць, а тым больш палякаў і эстонцаў на сваім полі. Фаварыт нашае групы, канешне, Грэцыя, хаця 2-2,5 гады таму зборная Беларусі абгуляла грэкаў на чужой пляцоўцы”.

(Цыганкоў: ) “Пра становішча ў беларускім баскэтболе й прычыны няўдачаў нацыянальнае зборнай мы гутарылі са спартовым аглядальнікам газэты “Свободные новости” Сяргеям Аляхновічам.

* * *

(Цыганкоў: ) “У вадрозьненьні ад баскэтбольных, беларускія футбольныя заўзятары даўно прызвычаіліся да паразаў нацыянальнае зборнай. Пасьля зьмены галоўнага трэнэра, аматары спорту з асаблівым нецярпеньнем чакалі першага ў гэтым годзе выступу нацыянальнае каманды Беларусі. У мінулы аўторак у нямецкім Штутгарце выхаванцы Сяргея Бароўскага зь лікам – 3:0 перамаглі мясцовы клюб. Пра некаторыя акалічнасьці гэтага матчу й падрыхтоўку нацыянальнае футбольнае зборнай распавядзе Уладзімер Глод…”

(Глод: ) “Буйная перамога не павінная ўводзіць у зман – “Штутгарт” правёў гульню сваім рэзэрвным складам. Хаця, калі супэрнікі дамаўляліся пра таварыскі матч, меркавалася, што на поле выйдуць мацнейшыя. Але ж чатары запар паразы ў чэмпіянаце Нямеччыны вымусілі галоўнага трэнэра Ральфа Рангніка адкінуць усялякі палітэс і выставіць на поле тых, хто быў яму менш патрэбны.

Канешне, калі б папярэднія перамовы вяліся паміж роўнымі партнэрамі, немцы хутчэй за ўсё такога не зрабілі б. Але ж выбірала не беларуская каманда. Яна вымушаная была пагадзіцца на тое, што ёй прапанавалі. Таму сустрэча ў Штутгарце стала як-бы своеасаблівым даважкам да кантракту, які падпісаў нямецкі клюб з самай таленавітай маладой зоркаю беларускага футболу Аляксандрам Глебам. Каб перахапіць юнака, на якога прэтэндавалі таксама маскоўскі “Спартак” і кіеўскае “Дынама”, немцы й прапанавалі правесьці ў сябе спарынг-матч з нацыянальнай камандаю Беларусі. На матэрыяльна прывабных для беларусаў умовах. І тыя спакусіліся.

Што й казаць, нас у чарговы раз падманулі, паказаўшы пры гэтым, як дрэнна быць бедным і слабым. Паважаюць, як вядома, багатых і моцных. А нацыянальную каманду Беларусі ня аднясеш ані да багатых, ані да моцных.

Адзінае, што мог зрабіць у такіх умовах галоўны трэнэр Сяргей Бароўскі – гэта пакінуць дома мацнейшых і прагледзець у Штутгарце патэнцыйных кандыдатаў у каманду. Таму ён узяў у паездку ўсяго трох легіянэраў – Сяргея Гурэнку з Рыму, Сяргея Ясковіча з Махачкалы, Барыса Гаравога з Санкт-Пецербургу й цэлую групу мясцовае моладзі – Віталя Кутузава з Барысаву, Ігара Чумачэнку з Магілеву, Уладзімера Шунейку з Бабруйску ды іншых. Яны, дарэчы, і былі найбольш актыўнымі на полі. Кутузаў і Чумачэнка забілі па галу, а завяршыў разгром Валеры Стрыпейкіс з мазырскай “Славіі”.

Што будуць рабіць Сяргей Бароўскі і ягоныя памочнікі Юры Пудышаў ды Юры Мохаў далей? Як паведаміў мне супрацоўнік Фэдэрацыі футболу Беларусі Яўген Вясьнін, зараз вядуцца інтэнсыўныя перамовы аб таварыскай гульні ў сакавіку ў Баўгарыі. На красавік ёсьць прапановы зьездіць у Сан-Марына або Андору. А там ужо й свой сэзон пачнецца.

Ну а галоўнае выпрабаваньне нацыянальнае каманды пачнецца 2 верасьня, калі яна правядзе ў Менску першы адборны матч сусьветнага пяршынства з камандаю Ўэльсу. Шэсьць камандаў – Арменія, Беларусь, Нарвэгія, Польшча, Украіна і Ўэльс павядуць барацьбу ў групе за перамогу.

Нашыя канкурэнты рыхтуюцца лепш. На гэтым тыдні ўкраінцы, да прыкладу, згулялі з адным з мацнейшых клюбаў сьвету – “Міланам”, палякі сустракаліся з чэмпіёнамі сьвету – французамі. Што на гэтым фоне дублёры “Штутгарту”? Сьмех ды й толькі…”

(Цыганкоў: ) “У гэтыя дні ў ЗША адзначаюць дваццацігодзьдзе падзеі, якую там назвалі найбольшай спартовай сэнсацыяй ХХ стагодзьдзя. 22 лютага 1980 году пад час Зімовай алімпіяды ў амэрыканскім Лэйк-Плэсідзе хакейная зборная ЗША перамагла каманду СССР зь лікам 4:3 і стала алімпійскім чэмпіёнам.

Нагадаем, што ў тыя гады прафэсійным спартоўцам яшчэ не дазвалялася выступаць на Алімпіядах, і амэрыканскую каманду складалі малавядомыя хакеісты ўнівэрсытэцкіх клюбаў. А процістаяла ім амаль непераможная ў той час савецкая зборная, якая, дарэчы, за два тыдні перад адкрыцьцём гульняў перамагла амэрыканцаў зь лікам 10:3. Тое, што ўчыніла амэрыканская каманда, складзеная са студэнтаў ды службоўцаў, адразу атрымала назву “цуд на лёдзе”.

Пасьля заканчэньня таго гістарычнага матчу сотні тысячаў амэрыканцаў выбеглі на вуліцы гарадоў з нацыянальнымі сьцягамі зь неўтаймавальным парывам патрыятызму. Сьпявалі й танчылі нават тыя, хто ніколі не цікавіўся хакеям. Адзін з бармэнаў вынайшаў “кактэйль Крэйга”, названы так у імя галкіпэра зборнай. Рэцэпт быў абвешчаны наступным чынам – усё, акрамя гарэлкі.

Вядома, як амэрыканцы ўмеюць рабіць шоў са сваіх перамогаў і як яны ўмеюць шанаваць і памятаць сваіх герояў. “Нават праз дваццаць гадоў тое, што я раблю, зьвязанае з тым, што адбылося са мною ў 1980-м”, – кажа капітан той каманды Майк Эрузоне, які закінуў чацьвертую, вырашальную шайбу ў гістарычным матчы. За дваццаць гадоў для Эрузоне не прайшло й дня, каб хто-небудзь не ўзгадаў “цуд на лёдзе”. “Куды бы я не прыходзіў па справах свайго бізнэсу, паўсюль кожны пачынае распавядаць, дзе ён быў у той гістарычны момант…”

“Нашая краіна мела ня вельмі добрую сытуацыю ў той час”, – узгадвае Эрузоне. – Інфляцыя была абсурднай, людзі стаялі ў чэргах па бэнзын, каб заправіць машыну, экстрэмісты ў Іране трымалі нашых закладнікаў, а Саветы ўварваліся ў Аўганістан… І тут”, – тлумачыць запасны галкіпэр каманды Сьців Янашак, – “мы прыйшлі як ратавальнікі. На пэўны час краіна забыла пра ўсе гэтыя цяжкасьці й славіла найярчэйшую перамогу”.

Дарэчы, сам Янашак на Алімпіядзе не правёў на лёдзе аніводнае хвіліны, так што ягоны твар застаўся невядомым краіне. “Ну і слава Богу”, – кажа Янашак, які працуе цяпер у інвэстыцыйнай кампаніі. Узгадваючы Алімпіяду ў Лэйк-Плэсідзе, ён кажа – “Залаты мэдаль для мяне – гэта жыцьцёвы доказ таго, што цуды часам здараюцца, і мары становяцца праўдаю”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG