Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<BIG>Праца ў Польшчы (2)</BIG>


Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук. Эфір 21 красавіка 1999

Як гаварылася ў дзьвюх папярэдніх перадачах, значная частка беларусаў хацела б папрацаваць у Польшчы. Наш заходні сусед — краіна небагатая, але для нашых суайчыньнікаў адносна даступная і прыязная. Заробкі ў Польшчы не амэрыканскія, але ўсё роўна яны ў сярэднім у 7-8 разоў вышэйшыя за аналягічныя ў Беларусі. Не зважаючы на факт, што ў Польшчы ўзровень беспрацоўя складае амаль 12% ад працаздольнага насельніцтва, усё роўна існуе магчымасьць у некаторых спэцыяльнасьцях легальна ўладкавацца на працу. Дзеля гэтага беларус павінен сьпярша навязаць лучнасьць з будучым працадаўцам. Той зьвяртаецца да мясцовага Ўпраўленьня Працы з просьбай аб дазволе на працу для чужынца. Калі працадаўца пераканае чыноўніка, што з прычыны сваёй кваліфікацыі чужынец у ягонай фірме неабходны, тады беларус атрымоўвае праз польскае консульства ў Беларусі адпаведную візу і прыяжджае ўжо з дазволам на працу і жыхарства.

Сёньня пяройдзем да пытаньня: у якой спэцыяльнасьці чужынец найлягчэй можа атрымаць працу ў Польшчы? Дзе найчасьцей працуюць беларусы? Легальна і нелегальна. Вось што сказаў на гэтую тэму дырэктар Дэпартамэнту Заробкавай Іміграцыі Марэк Лішэўскі:

(Лішэўскі:) «Што тычыцца краін СНД, дык шмат людзей выкладаюць ангельскую мову, бываюць трэнерамі, але найбольш іх працуе ў сельскай гаспадарцы — у гаспадароў, уласьнікаў аранжэрэяў, пры зборцы садавіны, гародніны і так далей. Пераважна яны працуюць некалькі дзён і ад’яжджаюць. Таксама ў будаўніцтве, калі нехта сам будуе хату і лічыцца з кожным грашом. Тады ён нават рызыкуючы возьме на працу чужынцаў, але заплаціць ім менш, чымся ў выпадку, калі б ён даручыў будоўлю будаўнічай фірме. У розных рэгіёнах краіны па-рознаму. Цяжка знайсьці працу там, дзе некалі былі саўгасы і шмат напрыклад сваіх беспрацоўных трактарыстаў. Але, напрыклад, у сталічным ваяводзтве ў сельскай гаспадарцы чужынцы могуць знайсьці працу».

Сапраўды, найвышэйшы ўзровень беспрацоўя — менавіта ў сельскагаспадарчых рэгіёнах краіны. Дарэчы, згаданае тут сталічнае ваяводзтва мае адзін з найніжэйшых у краіне ўзроўняў беспрацоўя. Каля Варшавы нават у сельскай гаспадарцы іншая сытуацыя. Для прыкладу, павет Груец здаўна быў ведамы сваімі вялізнымі плянтацыямі, садамі, аранжэрэямі і цяпліцамі з кветкамі ды гароднінай. З другога боку, само сабою разумеецца, што праца ў сельскай гаспадарцы фізычныя і як правіла нелегальная. Чужынец не атрымае дазвол на зьбіраньне памідораў або яблыкаў нават калі б уласьнік вельмі шукаў, але не знайшоў ахвотных на такую працу сярод мясцовых беспрацоўных. Што тычыцца пасадаў, якія патрабуюць вышэйшай кваліфікацыі, дык дырэктар Ваяводзкай Управы Працы ў Беластоку Анджэй Казлоўскі таксама згадаў выкладчыкаў замежных моваў:

(Казлоўскі:) «У беластоцкім ваяводзтве летась Управа Працы выдала каля 150 дазволаў на працу. Гэта пераважна настаўнікі і супрацоўнікі гандлёвых фірмаў, зразумела пасьля выкананьня ўсіх неабходных умоваў. Гэта ня толькі беларусы, якія напрыклад ведаюць ангельскую мову, але таксама чужынцы з ЗША або Заходняй Эўропы. Яны атрымоўваюць працу ў школах у якасьці выкладчыкаў замежных моваў. Бываюць сярод такіх і беларусы. Некаторыя атрымоўваюць працу ў фірмах, пераважна гандлёвых, якія маюць сядзібу ў Польшчы, але цесна супрацоўнічаюць зь беларускім бокам. Дзеля больш эфэктыўнага легальнаага супрацоўніцтва даецца дазвол на працу ў такіх прадпрыемствах нават на кіраўнічых пасадах».

Дарэчы, на пацьверджаньне таго, аб чым гаварылі афіцыйныя прадстаўнікі, я выпадкова натрапіў сам, гартаючы тыднёвік «Ніва» за 4 красавіка. У гэтым нумары зьмешчана аб’ява пра тое, што дырэктар школы ў мястэчку Чаромха на Беласточчыне шукае і ня можа знайсьці англіста, які захацеў бы жыць на месцы. Школа гатовая аплаціць настаўніку кватэру ў мястэчку і абяцае «нядрэнныя грошы» — паўтары стаўкі заробку.

Тут неабходнае тлумачэньне. Калі гэтулькі гаворыцца пра попыт на выкладчыкаў замежных, асабліва заходніх моваў, то гэта ня значыць, што ў Польшчы мала хто ведае замежныя мовы. Справа ў іншым. Яны ня хочуць працаваць у школах, бо настаўнікі, гэтак як і іншыя «бюджэтнікі» — вельмі мала зарабляюць. Міністэрства Асьветы, якое праводзіць грунтоўную рэформу школьніцтва, абяцае ім новую сыстэму аплаты працы, але гэта будучыня. Пакуль што настаўнік проста атрымоўвае мізэр. Чалавек, які валодае ангельскай або нямецкай мовай, ня мусіць працаваць настаўнікам за 250 даляраў на месяц, тым болей у глухой вёсцы. У любой з шматлікіх прыватных фірмаў, у якіх усё часьцей неабходныя замежныя мовы, звычайная сакратарка заробіць утрая болей. Таксама і ў іншых спэцыяльнасьцях неабавязкова разьлічваць на сьціплы, дзяржаўны бюджэт.

Мае суразмоўцы назвалі толькі некаторыя прафэсіі, у якіх чужынец можа адносна лёгка знайсьці працу ў Польшчы. Да іх належаць таксама лекары, музыканты, кампутаршчыкі ды іншыя. Калі ў Польшчы пачаліся страйкі анэстэзіёлягаў ды іншых мэдыкаў, дырэктары шпіталёў і клінікаў пачалі запрашаць на працу лекараў з краінаўСНД. Афтальмалягічная клініка ў Лодзі, дзе працавалі добрыя спэцыялісты з Усходу, зрабілася на гэтулькі вядомая, што гэта пачало калоць у вочы польскім акулістам. Пасьля неверагоднага вэрхалу яны ўсё-такі дамагліся праз суд забароны працы для сваіх канкурэнтаў. Добраму спартоўцу, які выкажа жаданьне выступаць у польскай камандзе, імгненна палагодзяць ня толькі права на жыхарства і працу, але і грамадзянства, кватэру, высокія заробкі.

Аднак — гэта рэдкія выпадкі і рэдкія кваліфікацыі. Таксама працытаваны вышэй погляд з чыноўніцкіх кабінэтаў не заўсёды адпавядае рэальнасьці. Паслухаем, што наконт працы ў Польшчы гаворыць на падставе свайго непасрэднага дасьведчаньня і назіраньняў Уладзімер Петрашкевіч, беларус, які ўжо два гады жыве і працуе ў Польшчы.

(Петрашкевіч:) «Як я разумею, для большасьці людзей у Беларусі, хто зацікаўлены ў тым, каб зарабіць, магчымасьць працы ў Польшчы не зьяўляецца таямніцай. Людзі ведаюць, што ў Польшчу выяжджаюць, працуюць. Людзі маюць знаёмых, якія ўжо працуюць у Польшчы. Працуе тут вельмі шмат людзей з-за мяжы. Як паведамілі польскія сродкі масавай інфармацыі, чужынцаў з-за усходняй мяжы працуе ў Польшчы сотні тысячаў чалавек. Вядома, што большасьць іх з Украіны, але вельмі многа і зь Беларусі. Як я ведаю, з самой Вялейкі, легальна працуюць у варшаўскай будаўлянай фірме чалавек каля 50. Вядома, што маюць яны сваіх знаёмых: працаваў чыйсьці знаёмы, сказаў, што ёсьць месца, зрабіў пашпарт, аформіў візу ў консульстве, паехаў у брыгадзе, пераехаў мяжу і працуе. Тым ня менш, мне здаецца, што найбольш тут працуе ўсё-такі украінцаў і працуюць яны за значна меншыя грошы. Беларус за чатыры злотыя на гадзіну — як украінцы — працаваць ня будзе. Сярод беларускіх будаўнікоў бытуе такое перакананьне, што ўкраінцы зьбіваюць цэны. Нядаўна я размаўляў з маімі беларускімі знаёмымі, дык яны патрабуюць 7-8 злотых на гадзіну. Гэта рэальныя два даляры, якія можна атрымаць толькі пераехаўшы мяжу. Бо ж у тую Амэрыку або Нямеччыну прабрацца вельмі няпроста. Як кажуць: лепш сініца ў руцэ чым журавель у небе. У параўнаньні зь беларускімі, вядомаж, заробкі добрыя. І яшчэ ня так сурова да іх ставяцца паліцыя і падатковыя службы, што таксама вельмі важна».

Прызнаюся, што я памыліўся адносна прывабнасьці для чужынцаў Беласточчыны і памежных рэгіёнаў. Блізкасьць другарадная. Супрацоўніца Ўправы Працы ў Беластоку Эва Лянкаў лічыць, што Беласточчына прыгожая, але беларусам, якія думаюць пра хлеб надзённы, не да гэтага:

(Лянкаў:) «Наш рэгіён або малапрыцягальны для чужынцаў, або мы самі спраўляемся са здабываньнем спэцыялістаў. Напэўна, ёсьць у краіне рэгіёны, дзе спэцыялісты з-за мяжы больш пажаданыя. Што тычыцца ў прыватнасьці беларусаў, дык Беласточчына і для іх малапрывабная. Акрамя таго, на нашу думку, тут у памежных раёнах чужынцы проста баяцца працаваць нелегальна, паколькі тут узмоцнены кантроль з боку памежных службаў, паліцыіі і органаў кантролю за нелегальнай занятасьцю».

Уся ўсходняя частка краіны надалей лічыцца «Польшчай-Б». «Усходняя сьцяна» на Беласточчыне населеная пераважна беларусамі, гэта паласа амаль бязьлюдных вёсак, дзе дажываюць свой век пэнсіянеры. Што праўда, тут можна пачуць беларускую мову, але ў гэтым рэгіёне менш працы і ніжэйшыя заробкі. Калі ў сярэднім па краіне ўзровень беспрацоўя складае 12,8%, дык на Беласточчыне — амаль 13-ць%.

Кастусь Бандарук, Прага

XS
SM
MD
LG