Аўтар і вядучы Мікола Іваноў. Эфір 13 сьнежня 2000
(Іваноў: ) “Той, хто слухаў мінулую перадачу сэрыі “У сьвет на заробкі”
ці чытаў яе тэкст у інтэрнэце, памятае, што яна была прысьвечаная размове
з уладальнікам фірмы, якая не адзін год займаецца працаўладкаваньнем замежных
спэцыялістаў у галіне вытворчасьці электрычнасьці Гуга Гамстэрам.
Фірма Гуга Гамстэра “Гамстэр інтэрнэшнл”, аднак, арганізацыя прыватная,
якая ў сваёй дзейнасьці залежыць ад афіцыйных уладаў краіны, ад тых законаў,
якія рэгулююць працаўладкаваньне замежнікаў у Галяндыі. І таму, каб даць
вам найбольш поўную інфармацыю пра легальныя аспэкты выезду на заробкі
ў Нідэрлянды, я вырашыў зьвярнуцца ў Міністэрства працы Галяндыі.
Адказаць на пытаньні беларускай “Свабоды” згадзіўся загадчык інфармацыйнага
аддзелу Міністэрства Тэа Коллен. Вось як ён ахарактарызаваў стан сучасных
патрэбаў Галяндыі ў замежнай працоўнай сіле”.
(Коллен: ) ”Сучасная эканамічная сытуацыя Галяндыі характарызуецца выразным
пашырэньнем магчымасьцяў працаўладкаваньня. Колькасьць працоўных вакансіяў
увесь час павялічваецца. Асабліва гэта датычыць высокакваліфікаванай працоўнай
сілы. Нам патрэбныя людзі, якія здольныя палепшыць стан нашай эканомікі.
І гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца ў бліжэйшыя гады.
Паводле прагнозаў, у наступным годзе мы будзем мець рост эканомікі на
ўзроўні 3,5 – 4%. У дадзены момант некаторыя галіны нашай прамысловасьці
адчуваюць недахоп працоўнай сілы”.
(Іваноў: ) “На маё пытаньне, якія гэтыя галіны, загадчык інфармацыйнага
аддзелу галяндзкага Міністэрства працы Тэа Коллен адказаў”.
(Коллен: ) “Вядома, што гэта перадусім спэцыялісты інфармацыйных тэхналёгіяў.
Недахоп працоўнай сілы назіраецца таксама ў адукацыі, ахове здароў’я, турыстычным
бізнесе, а таксама ў індустрыяльнай сфэры і розьнічным гандлі”.
(Іваноў: ) “Галяндыя ў галіне працаўладкаваньня замежнікаў лічыцца адной
з найбольш лібэральных краінаў Эўропы. Знайсьці працу тут для чужынца лягчэй,
чымся, напрыклад, у Нямеччыне. І таму я зьвяртаюся да спадара Тэа Коллена,
загадчыка інфармацыйнага аддзелу Міністэрства прцы Галяндыі, з просьбай
пракамэнтаваць гэтае сьцьверджаньне. Ці гэтая інфармацыя адпавядае сапраўднасьці?”
(Коллен: ) “Калі прааналізаваць нашыя законы ў галіне працаўладкаваньня,
дык яны сапраўды даволі лібэральныя і элястычныя. Яны адпавядаюць
патрэбам краіны. Тое, што вы сказалі, праўда. Нашыя законы лібэральныя,
але яны ўлічваюць патрэбы іншых краінаў Эўрапэйскага Зьвязу”.
(Іваноў: ) “У сьвеце сёньня нараджаецца глябальная канкурэнцыя паміж
багатымі краінамі сьвету на міжнародным рынку працы высокакваліфікаваных
спэцыялістаў. Некаторыя краіны ў сувязі з гэтым распрацавалі і пачалі ажыцьцяўленьне
мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі ў галіне запрашэньня на працу замежнікаў.
Найбольш сьвежы прыклад падобнага падыходу – Нямеччына, якая сёлета запрасіла
на працу да 20 тыс. кампутарнікаў. Ці падобная дзяржаўная палітыка існуе
альбо распрацоўваецца ў Галяндыі?”
(Коллен: ) “У гэтым сэнсе мы адрозьніваемся ад нашых нямецкіх калегаў.
У Галяндыі няма ніякіх квотаў запрашэньня замежных спэцыялістаў. Яны не
існуюць у нас. У нас няма ніякай выразна акрэсьленай дзяржаўнай палітыкі
ў гэтай галіне. Менавіта прыватныя фірмы вырашаюць: у якіх галінах нашай
гаспадаркі патрэбныя спеэцыялісты. Дзяржаўная ж палітыка палягае ў тым,
каб дапамагчы гэтым фірмам у іхнай працы. Мы таксама заахвочваем іх прыцягваць
у гаспадарку пэнсыянэраў і інвалідаў. Гэта падмурак нашай палітыкі”.
(Іваноў: ) “Для таго, хто хацеў бы працаўладкавацца ў Галяндыі, атрымаць
працоўную візу ад Міністэрства працы магчыма толькі пры пасярэдніцтве тых
фірмаў, дзе чалавек зьбіраецца працаваць. А ў чым жа палягаюць ягоныя кантакты
з афіцыйнымі галяндзкімі ўладамі?”
(Коллен: ) “Непасрэдных кантактаў з намі кандыдат на працу – замежнік
– практычна ня мае. Фірма, якая зьбіраецца яго прыняць на працу, павінна
ажыцьцявіць усе неабходныя фармальнасьці.
Вашым слухачам я скажу, што няма магчымасьці самому непасрэдна да нас
зьвярнуцца па дазвол на працу. Усё гэта рэгулюецца галяндзкім адпаведным
заканадаўствам. Было б вельмі сумна і няправільна, калі б нехта зьвярнуўся
па дазвол на працу непасрэдна да нас і даслаў нам адпаведныя дакумэнты”.
(Іваноў: ) “Тыя людзі, якія прыязджаюць на працу ў Галяндыю, ня толькі
падвышаюць узровень свайго ўласнага дабрабыту, але і спраыыняюцца да падвышэньня
агульнага дабрабыту ўсяго галяндзкага народу. Дзякуючы іхнай працы, іхным
здольнасьцям, часам самаахвярнасьці, Галяндыя з кожным днём становіцца
багацей і багацей. Ці ёсьць усьведамленьне карыснасьці гэтых людзей для
Галяндыі ў галяндзкім грамадзтве? Ці разумеюць простыя галяндцы карыснасьць
працы гэтых людзей?”
(Коллен: ) “Я ў гэтым ня ўпэўнены. У галяндзкім грамадзтве на гэтую
тэму ідуць шматлікія дыскусіі. Шмат людзей яшчэ выступае супраць павелічэньня
ўдзелу замежнікаў на галяндзкім рынку працы. Некаторыя лічаць, што лепш
зьнізіць прадукцыйнасьць працы ў краіне і прыцягнуць да працы інвалідаў.
Дарэчы, урад робіць шмат у гэтым кірунку. Гэта праблема выбару. Магчыма,
у будучыні гэта зьменіцца”.
(Іваноў: ) “І на заканчэньне маёй размовы з загадчыкам інфармацыйнага
аддзелу галяндзкага Міністэрства працы Тэа Келлерам я папрасіў яго пракамэнтаваць
фэномэн талерантнасьці галяндзкага грамадзтва. Чаму тут няма масавых ускрайне-правых
палітычных партыяў, якія выступаюць за ачышчэньне краіны ад чужынцаў? Чаму
ў грамадзтве пануе талерантнасьць і дух разуменьня тых, хто прыязджае сюды
шукаць лепшай долі?”
(Коллен: ) “Гэта тлумачыцца перадусім усёй нашай гісторыяй. Гістарычна
значная частка нашага грамадзтва складаецца з тых, хто прыехаў з-за мяжы.
Праўда, і мы маем ультра-правыя партыі, але яны ня маюць ніякага ўплыву,
яны не прадстаўленыя ў парляманьце. Вы і сёньня можаце пабачыць у нашай
краіне шмат палітычных уцекачоў з самых розных краінаў”.
Мікола Іваноў, Прага