Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


31 Жніўня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Многія слухачы, якія цягам не аднаго году ўважліва штодня слухаюць нашыя перадачы, час ад часу ў лістох выказваюць свае заўвагі й пажаданьні адносна зьместу й формы нашых праграмаў, пішуць пра сваё стаўленьне да зьменаў, якія адбываюцца на беларускай Свабодзе. Для сёньняшняй размовы я адклаў некалькі менавіта такіх пісьмаў.

Ліст ад Аляксандра Антановіча зь Менску:

“Чаму так мала вашае радыё ўзгадвае пра “стукачоў”? Пра гэта трэба казаць часьцей. “Стукачы” цяпер праводзяць прапаганду сярод людзей. І многія нават не падазраюць, што гэта ў сапраўднасьці агенты спэцслужбаў. А такія агенты ёсьць скрозь. Засталіся яны з часу СССР. Выяўляць іх ня так проста: яны засакрэчаныя.

Уплыў іх вялікі. Бо кніг і газэтаў цяпер амаль ніхто не чытае: дорага. Глядзяць тэлевізар, пераважна расейскія каналы, і слухаюць радыё (“кропку”), у якім чорнае малюецца белым і перадаецца яўная хлусьня. Прызначаныя выбары дэпутатаў будуць праходзіць як пры Сталіне — гэта ня выбары, а фарс. І роля “стукачоў” тут вялікая: яны — апірышча ўлады, і ўсе як адзін кінутыя на тое, каб выбары гэтыя прайшлі гладка, і ўлада атрымала тых дэпутатаў, якіх хоча”,

— напісаў Аляксандар Антановіч зь Менску.

Цяжка адмаўляць тое, што былыя таемныя агенты КГБ зь Беларусі нікуды ня зьніклі. Усе архівы савецкіх спэцслужбаў застаюцца засакрэчанымі, сьпісы таемных паведамляльнікаў КГБ для грамадзкасьці недаступныя; наконт люстрацыі няма нават размовы…

Цяжка, аднак, сьцьвярджаць, што ўся тая разгалінаваная агентурная сетка савецкага КГБ выкарыстоўваецца і сёньня, тым больш у агітацыйных мэтах. Іншыя цяпер у спэцслужбаў магчымасьці, іншае фінансаваньне, а галоўнае — атмасфэра ў грамадзтве іншая. Пры ўсіх хібах спэцыфічнае беларускае дзяржаўнае сыстэмы за палітычныя анэкдоты ці за чытаньне “самвыдату” пакуль ня садзяць. І цалкам можа быць, спадар Антановіч, што сусед па лесьвічнай пляцоўцы, які агітуе Вас за Лукашэнку, зусім не сакрэтны агент, а проста ідэйны й заўзяты прыхільнік Лукашэнкі.

Піша наш сталы слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў:

“Зразумеў, што ідэалістаў-фанатыкаў беларускае нацыянал-дэмакратыі з вашай беларускай рэдакцыі няма сэнсу пытаць па сутнасьці, з фактамі ў руках. Вашая вера сьляпая і магутная. Беларуская нацыянал-дэмакратыя цьвёрда стаіць на сваім: трыюмф беларусізацыі і беларускасьці непазьбежны; Беларусь усё роўна стане такой жа нацыянальна сьвядомай і незалежнай ад Расеі, як Летува ці Чэхія. Але ж відавочна іншае.

Так, паводле лёгікі й досьведу пасу дзяржаваў ад Эстоніі да Баўгарыі, беларуская мадэль здаецца абсурднай анамаліяй. Але гэтая мадэль зусім жыцьцяздольная. Ейны падмурак — лёгкі налёт дэмакратыі і памяркоўна “шэры” рынак, як у Казахстане; ідэалягічная аснова — мясцовы варыянт пуцінскага славянарускага шавінізму (лёгкае бурчэньне на Захад). У адрозьненьне ад краінаў Балтыі ці Цэнтральнай Азіі, беларуская моўная спэцыфіка цалкам даступная ўсім расейскамоўным, а таму беларускасьць цалкам можа існаваць у фармальна-паказной, фальклёрна-афіцыёзнай, савецкай форме. Цяжкасьці ў вывучэньні беларуская мова не выклікае – яе можна і ў школе вывучаць. Тэле- і радыёнавіны перакладу не патрабуюць.

Сытуацыя рэальнага расейскамоўя ў спалучэньні з фармальна-афіцыёзнай беларускасьцю ў вітрыннай форме можа пасьпяхова жыць доўгія дзесяцігодзьдзі, як было ў СССР. І гэта ня будзе каталізатарам канфлікту, як хоча гэта падаць нацыянал-дэмакратыя. З другога боку, ня бачна ў народа асаблівага страху й перад расейскай мадэльлю рынку. “Шэранькі” рынак з налётам крымінальнасьці ў пуцінскім варыянце кантролю будзе нармальна ўспрыняты беларусамі — іншага яны ня ведалі.

Беларускае грамадзтва павінна знайсьці ў сабе здаровыя сілы жыць не паводле чужых штучных схемаў, а ў адпаведнасьці зь вялікім мастацтвам рэальна магчымага. І на працягу бліжэйшых 20-ці гадоў, (і, выглядае, усё ХХІ стагодзьдзе) Беларусь будзе не беларускамоўным раем-ідыліяй без расейскасьці, як у сытуацыі Летувы, не акуратнай Швайцарыяй як супрацьлегласьцю хаоснай Расеі, а Беларусь будзе ва ўсім вельмі блізкім да Расеі грамадзтвам з усімі адпаведнымі недахопамі. Трэба навучыцца з гэтым жыць, гэтую справу ўмела абжываць, знаходзіць варыянты”,

— лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Апісаны вамі сцэнар, спадар Марціновіч, адзін з многіх магчымых. Найбольш верагодным ён выглядае хіба пры той умове, што нязьменнай застанецца цяперашняя ўлада і ейная палітыка. У вашых развагах мяне найбольш бянтэжыць гэты ваш катэгарычны вэрдыкт пра непазьбежнасьць, “асуджанасьць” Беларусі на расейскія заганы й пра неабходнасьць зьмірыцца й зжыцца з усьведамленьнем гэтае непазьбежнасьці.

Гісторыя хуткаплынная. Згадайма: яшчэ дзесяць год таму ніхто ня ведаў такога палітыка — Лукашэнку, і хіба што адчайныя ідэалісты бачылі Беларусь незалежнай дзяржаваю. Гэтак сама сёньня Вы зазіраеце ў будучыню з праекцыяй на нязьменнасьць цяперашняе ўлады, якая выглядае такой маналітнаю і так доўга ня бачыць іншага сьвету, апроч Расеі, што часам падаецца, ні на што іншае беларусам разьлічваць і не выпадае. Але гэты погляд абмежаваны.

Піша Мікола Грышан зь мястэчка Дзятлава Гарадзенскае вобласьці:

“У Беларусі сёньня ў шырокім ужытку слова “дэмакратыя” і вытворныя ад яго. Толькі й чуеш: “дэмакратычны парлямэнт”, “дэмакратычныя рэформы”… Нават Лукашэнка называе сябе “супэрдэмакратам”. І такіх дэмакратаў столькі стала, як тае рыбы ў сажалцы, дзе вады па калена. А карысьці ад іх — кот наплакаў.

Вось хоць бы адзін з гэтак званых дэмакратаў. Яшчэ ў 96-м годзе кляўся адстойваць свабоду й незалежнасьць Беларусі, а як пабачыў, што Лукашэнка ўмацаваў уладу, перабег да яго, і сёньня служыць амбасадарам у Японіі.

Дэмакратычную шыльду прымацоўваюць да месца й не да месца. Ну, як можна лічыць дэмакратычнымі гэтак званыя “прэзыдэнцкія выбары” летась у траўні, якія ператварыліся ў фарс? А сёлетні ліпеньскі Кангрэс у абарону дэмакратыі, на якім было з камарыны нос тае дэмакратыі?

Будзе ў нас дэмакратыя толькі тады, калі знойдзецца Юры Захаранка і ўсе тыя, хто зьнік бязьсьледна; калі апусьцеюць астрожныя клеткі ад нявольнікаў рэжыму; калі запунсавеюць краскі на месцах пралітае людзкое крыві на вуліцах і пляцах Менску ды іншых гарадоў. Але так яшчэ далёка мы ад гэтых запатрабаваньняў, якія выстаўляе нам час. Пакуль толькі размаўляем пра гэта, крычым ды размахваем рукамі на сходах”,

— напісаў Мікола Грышан зь Дзятлава, дэлегат нядаўняга Ўсебеларускага зьезду за Незалежнасьць.

Заўвагі выглядаюць у асноўным слушнымі, хоць наконт ужываньня слова “дэмакратыя” Аляксандрам Лукашэнкам я б Вашае сьцьвярджэньне, спадар Грышан, аспрэчыў. І пра дэмакратыю, і пра рынак, і пра грамадзянскія свабоды Лукашэнка згадвае галоўным чынам зьдзеклівым, зьняважлівым тонам, калі хоча высьмеяць або прынізіць сваіх апанэнтаў. Не даводзілася чуць, каб у ягоных вуснах гэтае слова гучала з пашанаю, як найвялікшая каштоўнасьць. Адпаведна, такое ж стаўленьне да гэтых паняцьцяў ва ўсіх прадстаўнікоў улады.

Яшчэ адзін ліст — ад Пятра Навіцкага з Рагачову Гомельскае вобласьці. Спадар Навіцкі — з тых нашых адданых слухачоў, якія цягам многіх гадоў кожны вечар слухаюць беларускую Свабоду. Ён піша:

“Раней да мяне часам заходзілі паслухаць Свабоду нават мае суседзі. Але цяпер ужо ня ходзяць. І ведаеце чаму? Бо ўсіх раздражняе і стамляе музыка ледзь не пасьля кожнага сказанага слова. Як хацелася б сесьці й спакойна паслухаць пра становішча ў нас у Беларусі, пачуць навіны сьвету. А замест гэтага штохвіліны скрыгоча гэтак званая музыка. Пішу “гэтак званая”, бо на кароткіх хвалях і дыктарскі тэкст не заўсёды добра пачуеш – зь цяжкасьцю ловіш кожнае слова. Якая ўжо там музыка.

Няўжо вы не разумееце, што ня дзеля музыкі ды іншых аздабленьняў слухаюць людзі Свабоду? Навошта ўскладняеце нам жыцьцё? Калі гэтак будзе працягвацца й далей, давядзецца мне сказаць вам “да пабачэньня”,

— напісаў Пётар Навіцкі з Рагачову.

Праграмы ня могуць складацца з адных толькі тэкставых паведамленьняў, спадар Навіцкі. Музычныя паўзы патрэбныя дзеля большае дынамікі, дзеля таго, каб палегчыць успрыманьне тэксту. Гэта агульны прынцып працы любога радыё. Зрэшты, вашыя заўвагі таксама ў многім слушныя: мы павінны ўлічваць і меркаваньні тых нашых слухачоў, якім зь цяжкасьцю ўдаецца настройвацца на нашыя хвалі, і для якіх з-за перашкод у эфіры музычныя застаўкі выглядаюць бескарыснымі й залішнімі.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Сяргея Ілюхіна з Воршы, Генадзя Канапелькі з Маладэчанскага раёну Менскае вобласьці, Пятра Самахвала з Жыткавіцкага раёну Гомельскае вобласьці ды Ільлі Копыла зь Менску.

Вялікі дзякуй усім. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG