Удзельнічаюць: каардынатар міжнародных сувязяў Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў і палітоляг Валер Карбалевіч.
(эфір 12.03.2000)
Аўтар і вядучы: Віталь Тарас
7 сакавіка газэта “Новые известия” апублікавала артыкул пад назвай “Ядзерны
марш”. Слухачы Радыё Свабода мелі магчымасьць пачуць у нашым эфіры аўтара
гэтага артыкулу, карэспандэнта Аляксандра Старыкевіча, але я каротка нагадаю
сэнс публікацыі пры дапамозе цытаты:
“Аляксандар Лукашэнка неаднойчы называў вывад ядзернай зброі з тэрыторыі
Беларусі памылкай. Неўзабаве яна можа быць выпраўленая, і ракеты вернуцца
на баявыя пазыцыі разьмешчаныя на захадзе – за Смаленскам”.
Далей робіцца спасылка на крыніцу ў кіраўніцтве Беларусі, якая паведаміла
карэспандэнту “Новых Известий” пра тое, што паміж Менскам і Масквой ужо
дасягнутая прынцыповая дамова, і робяцца высновы, што яшчэ сёлета ракеты
зь ядзернымі боегалоўкамі могуць быць вернутыя на Беларусь. Я мушу зазначыць,
што на Захадзе даволі сур’ёзна ўспрынялі гэтую інфармацыю. Напрыклад, нямецкая
газэта “Бэрлінэр цайтунг” ня толькі цытуе згаданую публікацыю, але і дадае,
што старшыня думскага камітэту ў справах абароны генэрал Нікалаеў у нядаўным
інтэрвію гэтай газэце заявіў, што Расеі неабходна разьмяшчаць сваю ядзерную
зброю так, каб мець магчымасьць процідзейнічаць амэрыканскай сыстэме проціракетнай
абароны – ПРО.
Яшчэ зазначу, што міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў, які
быў на той момант у Бэрліне, катэгарычна абверг паведамленьні аб магчымым
разьмяшчэньні расейскіх ядзерных ракетаў на тэрыторыі рэспублікі. Пры гэтым
ён спаслаўся на канстытуцыю, дзе запісана, што Беларусь – бязьядзерная
дзяржава. Але да гэтага мы зьвернемся крыху пазьней, а зараз у мяне пытаньне:
Ці магчыма тэарэтычнае і практычнае вяртаньне расейскіх ядзерных ракетаў
у Беларусь? Найперш, маю на ўвазе тыя ракетныя стартавыя пляцоўкі, якія
зьнішчаліся за амэрыканскі кошт (прынамсі напалову); у першую чаргу: ці
можна іх зноў выкарыстаць, і ці ёсьць наагул нейкі практычны і ваенны і
палітычны сэнс у вяртаньні ракетаў як для Лукашэнкі, так і для расейскага
кіраўніцтва?”
(Саньнікаў: ) “Вы ўзьнялі вельмі складанае пытаньне, таму што тут ёсьць
шмат акалічнасьцяў. Ну, па-першае, аб чым ідзе гаворка, калі кажуць і ў
Маскве, і, мы ведаем, што і сам Лукашэнка казаў і ягоны дараднік, што ёсьць
такая магчымасьць – то гэта ідзе гаворка аб парушэньні ўсіх абавязальніцтваў
міжнародных, якія Беларусь узяла на сябе – і двухбаковых і шматбаковых.
Існуе цэлы шэраг гэтых дамоваў, пагадненьняў, пачынаючы ад дамовы “Старт”
і “Лісабонскага пратаколу” да гэтай дамовы, а таксама “Дамовы пра нераспаўсюджаньне
ядзернай зброі”.
І вось па ўсіх гэтых дакумэнтах Беларусь зьяўляецца бязьядзернай дзяржавай.
І калі Беларусь далучылася да “Дамовы пра нераспаўсюджаньне ядзернай зброі”
– яна далучылася як бязьядзерная дзяржава, і яна адмовілася ад магчымасьці,
нават ад магчымасьці(!), прымаць, разьмяшчаць ці нейкім іншым чынам мець
справу зь ядзернай зброяй. Але ж мы ведаем, што Лукашэнка не зьвяртае ўвагі
на міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі. Ён даказаў, што можа парушаць
гэтыя абавязальніцтвы.
Я лічу, што магчымасьць такая існуе. Але тут ёсьць два магчымыя варыянты.
Калі зараз кажуць, што яшчэ ў гэтым годзе могуць нейкую ядзерную зброю
на тэрыторыю Беларусі прывезьці, то гэта магчыма толькі ў адным выпадку
(і тое – тэарэтычна): калі Беларусь страціць сваю незалежнасьць і сувэрэнітэт,
калі Беларусь стане часткай Расеі. Вось у гэтым – небясьпека.
Я лічу, што гэтыя заявы трэба тлумачыць менавіта ў такім накірунку,
што калі з Масквы кажуць аб разьмяшчэньні ядзернай зброі, то маюць на ўвазе
тое, што Беларусь страчвае незалежнасьць і становіцца часткай Расеі, а
Расея, як ядзерная дзяржава, тады можа размаўляць з амэрыканцамі, напрыклад,
аб разьмяшчэньні ядзернай зброі”.
(Тарас: ) “Я хацеў бы яшчэ зазначыць наконт бязьядзернага статусу Беларусі.
Як вядома, у Канстытуцыі запісана і тое, што незалежная Беларусь імкнецца
да нэўтралітэту. Але як гэта спалучаецца са стварэньнем той самай адзінай
дзяржавы Беларусі і Расеі і ваеннага саюзу паміж імі? Напрыклад, міністэрства
замежных справаў дагэтуль нічога выразнага на гэты конт не сказала. І сапраўды,
што перашкаджае Лукашэнку ў патрэбны момант перарабіць гэтую Канстытуцыю…
А што думае спадар Карбалевіч наконт магчымых намераў Лукашэнкі? Ці можа
ён перайсьці ад словаў і пагрозаў да справы, гэта значыць сапраўды пайсьці
на вяртаньне ракетаў, ці ён тут – асоба цалкам залежная ад расейскіх гэнэралаў?”
(Карбалевіч: ) “Я ня буду казаць пра тэхнічны бок гэтай праблемы. Яе
лёгка вырашыць. Тут праблема ў грашах. Колькі грошай на гэта спатрэбіцца.
Я хацеў бы сказаць, што тут галоўныя, усё ж такі, палітычныя рашэньні.
І сапраўды, тыя міжнародныя пагадненьні, як і Канстытуцыя, для Лукашэнкі
зусім не зьяўляюцца недатыкальнымі. Мы гэта добра ведаем. І ўсё ж я хачу
паразмаўляць на гэтую тэму ў тым выпадку, калі Беларусь усё ж захавае сваю
незалежнасьць. Я думаю, што гэтая сытуацыя малаверагодная. Малаверагодная
таму, што Расея ня пойдзе на гэтую акцыю. Таму што ў пляне ваенна-стратэгічным
гэта дае мала плюсаў, а мінусаў – вельмі многа.
Па-першае, гэта рэзка абвастраве аденосіны паміж Расеяй і Захадам. А
Пуціна можна вінаваціць у чым заўгодна, толькі ня ў тым, што ён нерацыянальны
палітык. Дык вось зараз, Расея проста ня можа сабе дазволіць канфрантацыю
з захадам. У Расеі няма на гэта рэсурсаў, каб гэтую канфрантацыю вытрымаць
і перамагчы. Затым, як толькі ядзерная зброя зьявіцца на Беларусі – у краінах
Цэнтральнай Эўропы (Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыне) таксама зьявіцца ядзерная
зброя НАТО. Па-трэйцяе – рэзка абвастрацца адносіны з краінамі Балтыі,
Украіны і гэта падштурхне іхны рух да ўступленьня ў НАТО.
І яшчэ адзін фактар – гэта дасьць моцную палітычную зброю ў рукі Лукашэнкі,
пабольшыць ягоную палітычную вагу. Мы ведаем, што Лукашэнка шмат разоў
спрабаваў прводзіць ув адносінах да Расеі палітыку паводле формулы: хвост
круціць сабакам, і разьмяшчэньне ядзернай зброі менавіта ў Беларусі непрапарцыйна
ўзмоцніць гэтыя магчымасьці Лукашэнкі, магчымасьці рэгуляваць адносіны
Расеі з Захадам, абвастраць гэтыя адносіны на сваю карысьць. Я думаю, што
ўсе гэтыя фактары недазволяць Расеі пайсьці на гэтую акцыю”.
(Тарас: ) “Дзякуй. Вы выразна акрэсьлілі цэлы спэктар праблемаў, якія
можна аднесьці да адной тэмы: процістаяньне НАТО (паміж славянскім сьветам
і НАТО ці саюзам Беларусі й Расеі і НАТО), а значыць і ядзернае процістаяньне.
А як яно адбіваецца на ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне? Я маю на ўвазе:
чаму гэтая тэма, здавалася б, выйграшная для апазыцыі, для прыхільнікаў
незалежнасьці Беларусі, пра якую вы ўжо сказалі, чаму яна гэтак рэдка выкарыстоўваецца
ў якасьці палітычных аргумэнтаў супраць рэжыму?
Я хацеў бы сказаць, што дзяржаўны прапагандысцкі апарат працуе вельімі
добра. Варта ўзгадаць, што тэма ядзернай зброі ўсплывае пэрыядычна і менавіта
ў дзяржаўных СМІ, і што неяк беларускі тэле-афіцыёз (праграма “Рэзананс”)
паведаміла, што Беларусь быццам бы мае запасы збройнага плютонію дастатковыя
для вытворчасьці сваёй зброі. Гэтая сэнсацыя тады адразу ж і лопнула, але
ж Лукашэнка сам заяўляў і мы пра гэта ізноў жа гаварылі, пра ягонае жаданьне
вярнуць ядзерныя ракеты. Дык, ці можа гэтая тэма стаць фактарам палітычнай
барацьбы?”
(Карбалевіч: ) “Безумоўна. Я толькі хачу адзначыць, што масавая сьвядомасьць
Беларусі у значнай частцы жыве яшчэ ў нейкім такім савецкім ідэалягічным
асяродзьдзі, якое прызнае, што НАТО – гэта вораг, што НАТО – гэта агрэсыўны
імпэрыялістычны блёк. Таму яму трэба процістаяць, а адзіны спосаб процістаяньня
– гэта саюз з Расеяй. Я хачу адзначыць, што спачатку вайны НАТО супраць
Югаславіі, у пэрыяд Косаўскага крызысу, рэйтынг Лукашэнкі і падтрымка ідэі
інтэграцыі з Расеяй адразу рэзка ўзрасьлі. Таму, мне здаецца, што гэта
таксама гамуе тыя зрухі апазыцыі, каб выкарыстоўваць гэтую праблему ў сваіх
мэтах.
Але сапраўды, я лічу, што апазыцыя недастаткова выкарыстоўвае гэты фактар.
Я лічу, што лёзунг “Беларусь у Эўропу” трэба выкарыстоўваць больш эфэктыўна.
Ці, напрыклад, такі фактар, такі лёзунг як “Лукашэнка – гэта вайна”. Гэты
фактар можна было выкарыстоўваць і ў пэрыяд Косаўскага крызысу, калі Лукашэнка
ўсяляк цягнуў Беларусь і Расею ўмяшацца ў гэтую вайну. Гэта можна выкарыстоўваць
і зараз, пад час чачэнскай вайны. Я думаю, што, сапраўды, вось гэты фактар,
зьнешнепалітычны фактар, пакуль што выкарыстоўваецца недастаткова, у тым
ліку і фактар пагрозы вяртаньня ядзернай зброі на Беларусь”.
(Тарас: ) “Прагучаў хвосткі такі лёзунг “Лукашэнка – гэта вайна”. Спадар
Саньнікаў, ці згодны вы з такім лёзунгам, з такім тэзісам? Ці адпавядае
ён рэчаіснасьці? Як на Захадзе разглядаецца сытуацыя?”
(Саньнікаў: ) “Безумоўна я згодны з гэтым лёзунгам і хацеў бы дадаць,
што апазыцыя выкарыстоўвае тыя небясьпечныя заявы аб ядзернай зброі, якія
гучаць зь Менску і падтрымліваюцца Масквой, і выкарыстоўвае перш за ўсё
на міжнароднай арэне, таму што гэта ўжо міжнародная небясьпека. І зараз
на Беларусь зьвяртаюць увагу менавіта як на фактар рызыкі. А гэта ўпершыню,
можа, зьяўляецца такая палітычная лінія. І таму я лічу, што нельга казаць,
што вяртаньне ядзернай зброі немагчымае. Не – таму, што ёсьць міжнародныя
пагадненьні, а таму што гэта некарысна для Расеі. Усё магчыма.
І я хацеў бы тут дадаць (вы ўзьнялі гэтае пытаньне, што было дзесьці
два гады таму) гэта не “Рэзананс” паведамляў, а гэта было падчас наведваньня
Лукашэнкам навукова-прамысловага комплексу ці цэнтру ў Соснах, калі ён
сам сказаў, што даў загад рэалізаваць паўнавартасную праграму дасьледаваньняў.
І гэта было зразумела, што ў гэтую паўнавартасную праграму ўваходзіць і
элемент узбраеньняў. Небясьпека тут ёсьць. Небясьпека стварэньня ядзернай
зброі ў Беларусі. Таму што Лукашэнка захоплены гэтымі цацкамі.
Возьмем Паўночную Карэю, дзе былі такія спробы з дапамогай расейскіх
вучоных неяк прысьпешыць свае дасьледваньні ў галіне ядзернай зброі. Такім
чынам, усё гэта магчыма і трэба гэта выкарыстоўваць.
Я згодны са спадаром Карбалевічам, што трэба больш гэта выкарыстоўваць
ў самой Беларусі і трэба тлумачыць, што значыць вяртаньне ядзернай зброі.
Гэта не прынясе нейкай магутнасьці для Беларусі, таму што гэта – нонсэнс.
Гэта будзе азначаць большую ізаляванасьць Беларусі ў міжнародных справах,
гэта будзе азначаць канфрантацыю з Захадам. Гэта менавіта тая палітыка,
якую праводзіць Лукашэнка. А палітыка канфрантацыі ніколі не прынясе народу
ніякіх станоўчых вынікаў”.
(Тарас: ) “Пазыцыя Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША ў справе “Дамовы пра
нераспаўсюджаньне ядзернай зброі”, выкладзная ў артыкуле Дзяржаўнага Сакратара
Мэдлін Ольбрайт, апублікаваным у газэце “International Herald Tribune”
7 сакавіка.
Ув артыкуле ў прыватнасьці падкрэсьліваецца, што пасьля распаду Савецкага
Саюзу ўзьнікла толькі адна ядзрная дзяржава – Расея. Усе іншыя новыя незалежныя
дзяржавы далучыліся да дамовы ў якасьці няядзерных дзяржаваў, і ўся ядзерная
зброя, якая была ва Ўкраіне, Беларусі і Казахстане, была вернутая Расеі.
У цяперашні час удзельнікамі дамовы ёсьць усе дзяржавы сьвету, за выключэньнем
Кубы, Індыі, Ізраілю і Пакістану.
“У 1997 годзе, – адзначаецца далей ув артыкуле, – прэзыдэнты Біл Клінтан
і Барыс Ельцын дамовіліся наконт агульных рамак дамовы аб скарачэньні стратэгічных
наступальных узбраеньняў – СНВ-3, якая прадугледжвае скарачэньне ядзерных
арсэналаў на 80%. Незалежна ад гэтых перамоваў краіны працягваюць ліквідацыю
сваіх ядзерных арсэналаў. Ад 1988 году Злучаныя Штаты Амэрыкі зьнішчылі
больш як 13 тысячаў ядзерных боегаловак – больш паловы амэрыканскіх запасаў.
Злучаныя Штаты не вырабляюць рашчэпных ядзерных матэрыялаў з таго часу,
як яны ў аднабаковым парадку спынілі гэтую вытворчасьць у 1992 годзе. У
тым самым годзе Злучаныя Штаты спынілі выпрабаваньні ядзернай зброі, прычым,
нават да таго, як пачаліся перамовы аб падпісаньні “Дамовы аб агульнай
забароне ядзерных выпрабаваньняў”.
Напрыканцы свайго артыкулу Мэдлін Олбрайт зазначае: “На канфэрэнцыі
ў Ню-Ёрку, якая будзе разглядаць у наступным месяцы выкананьне дамовы,
будуць сьцьвярджаць, што нератыфікацыя Злучанымі Штатамі “Дамовы аб забароне
ядзерных выпрабаваньняў” ня ёсьць правільным крокам на шляху да раззбраеньня.
Аднак, Злучаныя Штаты лічаць сваім абавязкам уступленьне дамовы ў сілу
і выконваць свой мараторый на выпрабаваньні.
Вяртаючыся да выказваньняў Латыпава ў Бэрліне, я хацеў бы зазначыць,
што ён заявіў, выказаў такую крыўду на краіны Захаду, у сувязі з тым, што,
па-першае, Захад і ЗША нібыта ніяк не кампэнсавалі вывад ядзерных ракетаў
зь Беларусі і, па-другое, што ў Эўропе скэптычна так ставяцца да вядомых
прапановаў Лукашэнкі аб стварэньні бязьядзернай зоны. Чаму, на вашую думку,
гэтая ініцыятыва ўспрымаецца так скэптычна?”
(Саньнікаў: ) “Таму што калі Лукашэка прапаноўвае стварэньне бязьядзернай
зоны, а потым прапаноўвае вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь, то як гэта
могуць на Захадзе зразумець? Я ведаю, што тое, што казаў міністар замежных
справаў у Бэрліне – гэта не адпавядае рэчаіснасьці, таму што Беларусь,
як першая сярод краінаў-удзельніцаў гэтага пагадненьня, першая, якая выканала
гэтыя пагадненьні, першая, якая сярод краінаў СНД стала бязьядзернай, яна
атрымала дапамогу і атрымала абяцаньні яшчэ большай дапамогі. І толькі
паводзіны Лукашэнкі, які не выконвае цяпер пагадненьняў пра зьнішчэньне
стартавых пляцовак для СС-25, перапынілі гэтую дапамогу. Таму што дапамога
накіраваная канкрэтна на тыя аб’екты, якія ўлучаныя ў дамову “Старт” і
ў пагадненьне ў сувязі з гэтай дамовай. Наагул, дапамога ёсьць і калі сытуацыя
зьменіцца – гэтая дапамога будзе размарожаная. Я ведаю пра гэта”.
(Тарас: ) “На колькі на Захадзе ўсьведамляюць, ці сур’ёзна ўспрымаць
пагрозу вяртаньня ў Беларусь ядзерных ракетаў? Можа гэта зусім не ўспрымаецца
як пагроза? Ну падумаеш, будуць ракеты на 200-300 кілямэтраў бліжэй да
мяжы з НАТО. Гэта мае нейкія прынцыповыя значэньні?”
(Карбалевіч: ) “Сапраўды, з пункту гледжаньня ваенна-стратэгічнага гэта
мае велізарнае значэньне, таму што, скажам, калі гэта ракеты сярэдняга
радыюсу дзеяньня, то тут вельмі важны час падлёту і, сапраўды, разьмяшчэньне
ядзернай зброі ў Беларусі ў значным сэнсе мяняе стратэгічную сытуацыю ў
Эўропе, а ў Цэнтральнай Эўропе – перадусім.
Гэта адразу ж выкліча нейкія вельмі значныя зрухі ў ваенна-стратэгічнай
сытуацыі. Перадусім, гэта непазьбежна прывядзе да зьяўленьня ядзернай зброі
ў краінах Цэнтральнай Эўропы, з усімі наступствамі ў справе напружанасьці
ў гэтым рэгіёне, каля нашых межаў. І сапраўды – гэта вельмі значная зьмена
ўсёй стратэгічнай сытуацыі ў Эўропе. Таму, калі б гэтыя пляны пачалі рэалізоўвацца
на практыцы, гэта б прывяло да рэзкай канфрантацыі паміж Беларусяй і Захадам,
паміж Расеяй і Захадам, і гэта было б вельмі моцнае абвастрэньне эўрапейскае
сытуацыі.
(Саньнікаў: ) “Тут я не магу пагадзіцца нават у нейкіх такіх прапагандысцкіх
мэтах, таму што гэта не зьмяніла б сытуацыю. Мы не вядзем гаворкі пра ракеты
сярэдняга радыюсу дзеяньня, таму што яны зьнішчаныя (на тэрыторыі Беларусі
ў тым ліку) паводле дамовы, і гэта зараз немагчыма.
Калі мы кажам, што Расея можа вярнуць ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі
– мы кажам пра міжкантынэнтальныя ракеты, і гэта так істотна не мяняе стратэгічную
сытуацыю толькі з таго пункту, што гэтыя ракеты зьяўляюцца мабільнымі.
Мабільныя – гэта значыць, што адсочваць іх больш складана.
Але існуе іншая магчымасьць, пра якую я ўзгадваў, гэта стварэньне ўласнае
ядзернае зброі. Гэта можа быць толькі тактычная ядзерная зброя, і гэтая
ядзерная зброя рэгулюецца толькі аднабаковымі не пагадненьнямі нават, а
заявамі. Гэта былі заявы Буша-Ельцына, Ельцына-Клінтана. Іх пацьвярджалі
і Клінтан, і я чакаю, што і Пуцін гэта зараз таксама зробіць. Але гэта
толькі аднабаковыя заявы. І вось разьмяшчэньне гэтай тактычнай зброі міжнароднымі
пагадненьнямі пакуль што не рэгулюецца.
Мы ведаем, што Расея зьмяніла сваю ваенную дактрыну. Першы раз гэта
зрабіў Ельцын, потым гэта зрабіў Пуцін, і гэтая дактрына стала больш накіраванай
на ядзерную зброю, на магчымасьць ужываньня ядзернай зброі ў выпадку агрэсіі
супраць Расеі. На Захадзе гэта аналізуюць вельмі сур’ёзна як зьмену стратэгічнага
балянсу, і калі Расея выкарыстоўвае Лукашэнку менавіта з гэтай мэтай –
каб чарговы раз патлумачыць Захаду, што, маўляў, існуе такая небясьпека
і выкарыстаць Лукашэнку, для якога міжнародныя пагадненьні нічога ня значаць,
то гэтая гульня можа вельмі далёка завесьці”.
(Тарас: ) “Вы згадалі Пуціна, і я таксама згадаў вядомыя ўсім словы
выканальніка абавязкаў прэзыдэнта Расеі пра тое, што Расея можа некалі
стаць сябрам НАТО. Гэтыя словы былі пададзеныя пазьней расейскімі СМІ як
такі тонкі жарт. І ўсё ж, ці можна зусім выключаць такую магчымасьць у
будучым, тым больш што для Ўкраіны (другога суседа Беларусі) такая пэрспэктыва
выглядае ўсё больш рэальнай. Што тады рабіць Лукашэнку зь ягонай ідэяй
фікс – стварэньня адзінай з Расеяй дзяржавы? Ці лёгка яму будзе перайсьці
ад ваяўнічай антызаходняй рыторыкі да мірнай паўзаходняй, так бы мовіць,
рыторыкі? Што адбудзецца ў такім выпадку зь ягоным электаратам?”
(Карбалевіч: ) “Сапраўды, Пуцін пайшоў на нейкую рызыку, калі заявіў
яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў пра магчымасьць уступленьня Расеі ў НАТО.
Гэта нейкая рызыка, але яна магчыма апраўданая тым, што ён заваюе галасы
больш правых, празаходніх, лібэральных колаў расейскага грамадзтва, хаця
і страціць нейкія адсоткі левага, пракамуністычнага электарату.
Але я думаю, што гэта – вельмі важны крок. Крок арыентаваны на тое,
што Пуцін і ягоная каманда, якая зь ім ідзе да ўлады, прыйшлі да высновы,
што канфрантацыя із Захадам зараз папросту не выгодная для Расеі, яна проста-напраста
не пад сілу.
Нават калі гэта прапагандысцкі крок – ён вельмі непрыемны для рэжыму
Лукашэнкі. Ён разбурае ўсю палітычную прапагандысцкую канструкцыю, якую
Лукашэнка стварыў. Канструкцыю, заснаваную на тым, што НАТО – гэта вечны
вораг славянскіх народаў. Лукашэнку, як вядома, выгадны канфлікт паміж
Расеяй і НАТО. Гэта падвышае палітычную вагу, надае сілы рэжыму Лукашэнкі
і наадварот: супрацоўніцтва Расеі з НАТО, Расеі із Захадам падрывае рэжым
Лукашэнкі ў кожным разе”.
(Тарас: ) “А цяпер паспрабуем падвесьці, вельмі каротка, вынікі: мы
прыйшлі да высновы, што ў прынцыпе такая магчымасьць вяртаньня ядзернай
зброі ў Беларусь існуе. Але наколькі яна рэальная ў бліжэйшай пэрспэктыве,
гэта значыць: як хутка гэта можа адбыцца, і якія галоўныя палітычныя наступствы
могуць быць у гэтага кроку?”
(Саньнікаў: ) “Так, існуе. Я казаў, што калі Расея цяпер павядзе гаворку
пра вяртаньне ядзернай зброі, то гэта будзе азначаць страту незалежнасьці
Беларусі.
Існуе іншая магчымасьць, пра якую мы казалі – гэта стварэньне ядзернай
зброі, і я лічу, што Лукашэнка можа гэта зрабіць, таму што ён сам сябе
ставіць у шэраг такіх кіраўнікоў, як кіраўнікі Іраку, Кубы ці Паўночнай
Карэі. І калі гэта адбудзецца… Ну, я лічу, па-першае, што павінен Захад
і ўвогуле нашы суседзі, надаваць больш увагі такім заявам, таму што гэта
не павінна адбыцца. Калі тэарэтычна мы ўявім сабе, што гэта адбудзецца,
то гэта будзе азначаць, што Беларусь ужо будзе разглядацца як патэнцыйны
агрэсар. Адносіны зь Беларусяй, я лічу, могуць быць заходнімі краінамі
наагул пастаўленыя ў такую плоскасьць, у якой яны зараз існуюць з краінамі
небясьпечнымі для міжнароднай супольнасьці”.
(Карбалевіч: ) “Я лічу, што праблема гэтая сапраўды існуе, і магчымасьць
зьяўленьня ядзернай зброі на Беларусі ёсьць, але ў практычным сэнсе гэтая
сытуацыя малаверагодная. Калі ж яна ўсё ж складзецца, то гэта будзе азначаць
рэзкае абвастрэньне, канфрантацыю паміж Захадам і НАТО з аднаго боку, і
Беларусяй і Расеяй – з другога. Гэта будзе азначаць, што Беларусь і Расея
ўзводзяць такую вялікую мяжу, новую Бэрлінскую сьцяну. Гэта значыць, што
пачнецца новы этап халоднай вайны паміж Захадам і Беларусяй і Расеяй. Беларусь
і Расея апынуцца ў становішчы нейкіх такіх міжнародных выгнанцаў”.
Віталь Тарас
Самае папулярнае
1